Выбрать главу

Блакнот, у якім я тады запісваў усё, «што ўражала розум і сэрца», захаваўся. У ім запісаны смешна і міла нязграбным, як само цыбатае юнацтва, хуткапісам тры назвы: «Ведзьма», «Белалобы», «Ванька».

З гэтага ён і пачаўся — мой Чэхаў.

Не памятаю, якія яшчэ апавяданні былі ў тым томіку, апроч названых. Думаючы цяпер, чаму іменна толькі яны, гэтыя тры, пакінулі наймацнейшае ўражанне, спыняюся на трох, найбольш характэрных элементах: адчуванне красы прыроды, любасць да жывой істоты, дружба з чалавекам. Можа, не вельмі ўдалы ён, такі падзел, аднак за кожным з гэтых трох пунктаў, а яшчэ лепш — за ўсімі імі адразу, стаіць ён — цудоўны свет непаўторных па сіле і чысціні перажыванняў маленства і юнацтва.

Значна пазней, у суровую восень сорак другога года, зроблен наступны запіс:

«Чытаў хлопцам „Ведзьму“, асабліва захапляючыся класічнымі малюнкамі завірухі за вокнамі самотнай хаткі. Яскрава ўявіў самога Чэхава на бязмежжы аснежаных прастораў Расеі, пад словы песні „Извела меня кручина“, і грудзі напоўніліся шчасцем творчых пакут…»

Я пакрывіў бы душою, каб сказаў, што ў пятнаццаць гадоў, чытаючы «Ведзьму» ўпершыню, захапляўся толькі апісаннямі прыроды.

Кудлатая рыжая галава і вялікія, даўно не мытыя дзякавы ногі, што не ўмяшчаліся пад зашмальцаванай коўдрай, здорава закранулі ў хлапечай душы тое самае, што разбудзіў і напаіў іскрыстай пеністай радасцю ні з кім не параўнаны ў сіле смеху Гогаль. Гогаль — з яго Наздровым, Манілавым, Шпонькам, з яго адпушчаным для пафарбоўкі даху міргарадскага суда пакостам, які канцылярысты з'елі з цыбуляй… А кіеўская бурса, а дзяк у гасцях у Салохі, а… Ды, Божа мой, часта падумаеш цяпер: рэдкая птушка даляціць да палавіны Гогаля!..

А тут жа да яго, ужо вядомага і так любімага, далучыўся з такім задушэўным, хоць ціхім і стрыманым, смехам яшчэ адзін — Чэхаў!..

А потым у Чэхава побач з дзячком — і такім, і не такім, як гогалеўскі, — была яшчэ і дзячыха-ведзьма, здаровая, прагная прыгажуня, што тамліва чакала здаровай сілы кахання, той сілы, дзеля якой можа забыцца «на цюкі, на паштовыя цягнікі… на ўсё ў свеце». Куды там Гогаль з яго панначкай, што спакусіла Андрыя!..

Тут, у Чэхава, зусім інакш, чым ва ўсіх, каго я чытаў перад гэтым, была закранута тая слодыч «забароненага плода», што хвалюе нас у юнацтве непаўторна па сіле і свежасці ўспрымання.

Тым больш характэрным застаецца тое, што наймацнейшым у «Ведзьме» было для мяне адчуванне красы прыроды.

Невыпадкова ж і запомнілася з тых дзён такое моцнае, такое простае, такое чэхаўскае апісанне завірухі, што лютуе за акном:

«А ў полі ішла сапраўдная вайна. Цяжка было зразумець, хто каго зжываў са свету і дзеля чыёй пагібелі заварылася ў прыродзе каша, але, мяркуючы па несціханым, злавесным гуле, камусьці даводзілася вельмі туга».

Гэта — далёка не ўсё, што адбывалася за акном, ды мне здавалася і здаецца, што ў карціне завірухі іменна гэтыя штрыхі найбольш істотныя, найбольш чэхаўскія. Як Млечны Шлях, які «вырысоўваецца так ясна, нібы яго перад святам памылі і пацерлі снегам»; як тая івалга, што спявала ў старым садзе нехаця, слабым голасам, «відаць, таксама старэнькая»; як тое шкельца, што… Ды, Божа мой, хочацца ўсклікнуць зноў: рэдка каму ўдаецца даляцець да палавіны чэхаўскага стэпу!..

Так усклікнуць я мог бы пазней, калі ўжо далёка-глыбока забраўся ў раскошны свет ягонай творчасці. А тады, хлапчуком, я толькі рот разявіў, толькі затрымцеў ад першага захаплення.

І невыпадкова, відаць, колькі б разоў ні перачытваў я Чэхава, у тых пачуццях, у той цудоўнай музыцы, што абуджаецца ў душы ад ягонага ўспрымання прыроды, першай струной звініць пачуццё ўпершыню неражытай радасці — сустрэчы з чароўным чэхаўскім светам.

Цяпер — пра «Белалобага».

«Нарэшце шчанюк змарыўся і ахрып: бачачы, што яго не баяцца і нават не звяртаюць на яго ўвагі, ён стаў нясмела, то прысядаючы, то падскакваючы, падыходзіць да ваўчанят. Цяпер, пры дзённым святле, лёгка ўжо было разгледзець яго. Белы лоб у яго быў вялікі, а на лбе бугор, які бывае ў вельмі дурных сабак; вочы былі маленькія, блакітныя, цьмяныя, а выраз усёй морды надзвычай дурны. Падышоўшы да ваўчанят, ён выцягнуў наперад шырокія лапы, палажыў на іх морду і пачаў:

— Мня… мня… нга-нга-нга!

Ваўчаняты нічога не разумелі, але замахалі хвастамі».

Відаць, таму, што мяне перавезлі з горада ў вёску пяцігадовым хлопчыкам і пазнаваць прыроду я пачаў з некаторым спазненнем, паасобныя малюнкі яе адбіліся ў памяці з асаблівай сілай.

Рэчы для звыклага вока надзвычай простыя: рамонкі на чыгуначным адхоне, васількі, калоссе, а над усім гэтым белыя кубкі ізалятараў на слупах, што бягуць насустрач нашаму таварняку з рассунутымі дзвярыма… Яшчэ прасцей: чатыры курыцы, выпушчаныя з падпечка на хату. То сястра, то кума, то суседка — хто ні прыходзіў да нас, каб сустрэцца з маёй маці, што вось і вярнулася пасля столькіх гадоў, — кожная што-небудзь прыносіла. Так яны і з'явіліся ў нашай хаце, чатыры курыцы, да якіх я прыглядаўся, для зручнасці прылёгшы на падлозе. Стракатая, белая, чорная, жоўтая… І ўсе з чырвонымі грабянцамі! А як яны стукаюць дзюбамі ў падлогу! А калі сонца засвеціць з акна, — якія ж яны ненаглядныя ў сонцы!..