Потым былі галубы, аднаго з якіх, сірату, я выкарміў сам. Быў сабака, з якім я дружыў дзесяць год і пахаваў якога ўрачыста ўзрушаны. Былі каровы, якіх мы, праўда, білі попускам кіямі, але і напасвалі, нібы перапрашаючы за тыя здзекі, з асаблівай стараннасцю. Быў конь, з якім так добра было і маўчаць, і пагутарыць за плугам або ў лесе. Значна пазней, калі ён вынес цябе, партызана, з-пад куль, хацелася прытуліцца шчакой да ягонай цвёрдай шчакі, заглянуць у глыбокае, сіняе, ціхае вока…
Гэта ўсё было — кожнае захапленне ў свой час, гэта і сёння жыве, як дома, у найбольш утульным куточку душы.
З асаблівай прыемнасцю прачытаў я днямі простыя, мудрыя і такія вясёлыя словы Астапа Вішні:
«Ездзілі на паляванне. Гэта — не ўпершыню і не апошні раз. Нічога!
І як радасна, што я нічога не забіў! І як радасна, што я яшчэ паеду (абавязкова!), каб што-небудзь забіць!
І як радасна будзе, што я нічога не заб'ю».
Гэты дзённікавы запіс азначаны датай: 23 студзеня 1952 года.
На паўтара года пазней і я меў шчасце пазнаёміцца з гэтым цудоўным сынам любай Украіны, быць у яго кабінеце, здзіўляцца процьме карцін і малюнкаў, падараваных яму сябрамі, па-блазенску, глыбока ў душы пабойвацца яго сабакі, што лез, мармычучы, да рук, каб палажыць і мне на далоні цяжкую, шакаладнага колеру, галаву. Як супрацоўнік «Маладосці» дзён некалькі перад гэтым я папрасіў Вішню даць нашаму часопісу якую-небудзь гумарэску. А ў прызначаны тэрмін атрымаў з яго рук зусім не сатырычную, а проста сонечную замалёўку. І так здзівіўся гэтаму, і так расчуліўся, калі ён, як спачатку здавалася, сатырычна калючы стары ў парусінавым кіцелі, сівы, ссутулены, па-бацькоўску абняў мяне на развітанне.
Тады яму ішоў ужо сёмы дзесятак. А колькі ж па-дзіцячы пяшчотнага, чыстага было ў яго душы, добра знаёмай з бурамі і болем. Цяпер, калі ўжо і да мяне прыйшлі гады найбольш адказнай сталасці, і я з ціхай радасцю чую яго пасмяротны і несмяротны голас. І думаю, што вельмі добра таму, хто не растраціў пачуццяў, так шчодра адпушчаных нам пры ўступленні ў жыццё. І ў голасе Вішні мне чуецца нешта ад Чэхава, тое, чым падтрымаў ён нас у самым дарагім.
Таму і з'явілася гэта адступленне.
Ну, а да чаго тут сабачка, у якога на лбе — адзнака дурасці, белы бугор? Да чаго тут і тое: «Мня… мня… нга-нга-нга»?
Ды да таго, что ў неабдымным свеце, які я люблю, на які я прагна і нястомна гляджу вось ужо больш за сорак гадоў, — у тым невымоўна прыгожым свеце гэты, так небывала пераказаны шчанячы брэх звініць для мяне напамінкам пра тыя восеньскія вечары, калі я чыстай душою падлетка ўспрыняў яшчэ адно радаснае адкрыццё: у гэтым свеце ёсць цудоўны, родны чалавек, што ўмее так многа бачыць і так весела любіць!..
Неўзабаве пасля гэтага ён прывёў мне сваю непараўнальную Каштанку з яе трывогай, што гаспадар можа знайсці і з'есці схаваную за шафай курыную лапку. Ён паказаў мне свайго Івана Іванавіча, цыркавога гусака, што так і не дажыў да вясны, не пахадзіў па сонейку, па траўцы. Нібы казачны маг-чараўнік, ён ціхенька прывёў мяне ў тую канюшню, дзе возчык Іона дзеліць няўцешную тугу з худой, таксама ўшчэнт падбітай памочніцай…
Цяжка ўстрымацца і не выпісаць яшчэ адзін абзац, які, як і ўсё чэхаўскае, не сцёрся і не сатрэцца ад бойкага абароту.
«Так вось, брат кабылачка… Няма Кузьмы Іоныча… Не захацеў з намі жыць… Узяў і памёр дарэмна. Цяперака, скажам, у цябе жарабятка, і ты гэтаму жарабятку родная маці… І раптам, скажам, гэта самае жарабятка памерла… Хіба ж не шкада?»
«Взял и помер зря…» У перакладзе гэта не гучыць так поўна і абаяльна. Гэтаму «зря» — проста няма цаны!
Не ацаніць яго, не ахапіць за раз, не нацешыцца ім — тым чароўным светам пачуццяў дружбы з жывымі істотамі, які адкрыўся мне ў творчасці Чэхава, пачынаючы іменна ад таго няўдалага шчанюка, што так па-новаму забрахаў у аснежаным лесе, каля воўчай бярлогі, над якой пераляталі час ад часу смарагдавыя ў сакавіцкім сонцы пеўні-цецерукі…
Ванька Жукаў.
Калі я быў яго аднагодкам — пасвіў каровы. Увосені, пасля атавы, мы ганялі іх па-тагачаснаму вельмі далёка: на сенажаці, пад самы лес, кіламетраў за пяць ад дому. На прыволлі заліўных лугоў цячэ ціхая, паўнаводная Вуша, што паблізу ўпадае ў Нёман — недзе вунь там, на даляглядзе, дзе таксама сінее лес, што называецца Налібоцкай пушчай. Над Вушай у гэты час збіраліся статкі з шасці навакольных вёсак. Пастухі часта біліся, ішлі вайной вёска на вёску. Наша вёска лёгка пабівала дзве суседнія, Чыжыноўцы і Маласельцы, бо былі яны невялікія, не маглі выставіць больш-менш прыстойныя арміі, а аб'яднацца так і не здагадаліся. На роўных сілах былі мы з вёскамі Трошчыцы і Пясочная. Затое пабойваліся Скорыч. Бывала так, што правёўшы адпаведную дыпламатычную работу, мы аб'ядноўваліся з песачлянамі і хмарай ішлі на скарычан, у той бок, дзе былі Нёман і Налібокі.