Выбрать главу

Цяпер, выступаючы ў ролі летапісца тых падзей, я бяру на сябе, шчыра кажучы, мнагавата. Мы аб'ядналіся, мы пайшлі… А сам хадзіў я тады толькі ў абозе: разам з іншымі жэўжыкамі падносіў каптаны і торбы старэйшых.

Не памятаю дакладна, як гэта здарылася, але ў тую восень было ў нас і перамір'е са Скорычамі, нават даволі доўгае. Іхні статак даходзіў, пасучыся, да нашага, і каровы з абедзвюх вёсак мірна абгрызалі няскошаныя надрэчныя ўзмежкі. А пастухі раскладвалі вогнішчы, гулялі ў самаробныя карты, курылі цыгаркі з махоркі, пераважна крадзенай у бацькоў і для эканоміі прыпраўленай сухім вішнёвым лістам, вудзілі рыбу. З моста, што крута горбіўся над бродам. І займаліся гэтым пераважна «абознікі».

Аднойчы я быў сярод іх героем дня. Апроч пячкурыкаў, што лёгка лезлі ў бутэльку ад малака, нейкім цудам злавіў і я — ды з моста, у такой неспакойнай кампаніі — самую сапраўдную плотку!.. Слоў не хапала, каб выказаць радасць. Ды ўсё ж галоўнае — не ў плотцы.

Дзякуючы ёй, гэтай срабрыстай дуроніцы з чырвонымі вачыма і плаўнікамі, якая да вечара на трэску высахла ў пастушынай кішэні, я пасябраваў з адным датуль незнаёмым скорыцкім хлапчуком.

Ён быў таксама «абознік», маіх гадоў, але заморана маленькі, вельмі бедна апрануты, нават без вудачкі, хоць для снасці гэтай намі купляўся толькі зазубень, кручок, цана якога вагалася тады ад аднаго да двух курыных яек. Хлопчык быў сірата, бязбацькавіч, — такіх мы бязлітасна звалі байструкамі, — пасвіў чужыя каровы. Не памятаю, як яна пачыналася, наша дружба, што і пра што мы гаварылі. Нават імя яго згубілася назаўсёды, аднак у памяці моцна і ярка заселі тры акалічнасці: хлопчык усё дрыжаў ад холаду, мяне чамусьці клікаў «Вана», а плотку называў «плёткай», і трэцяе, найбольш істотнае, — увечары, калі я дома расказваў пра яго, узяў ды раптам разрумзаўся. За гэта мяне высмеялі, але маці назаўтра палажыла мне ў торбачку больш, чам заўсёды, нават не намякнуўшы навошта.

Потым зноў былі бітвы са скарычанамі, а тады — зіма, калі мы хадзілі ў розныя школы, вясна і лета, калі мы пасвілі паблізу ад родных вёсак. Наступнай восенню не сустракаліся, а выраслі — не пазналі адзін аднаго… Словам, ад гэтай кароткай дружбы застаўся толькі ўспамін.

Плотка, якую я злавіў з моста, — першая ў маім жыцці «вялікая рыбіна», але радасць, якую я з-за яе перажыў, была мне ўжо знаёма па адной з прачытаных да таго часу кніг: «Дзіцячыя гады Багрова-ўнука».

А радасць дружбы, якую я адчуў тады ўпершыню так моцна, не ведала раўназначнага рэха ў любімых кнігах датуль, пакуль я, праз цэлых шэсць год пазней, не прачытаў апавядання «Ванька».

Праўда, я ўжо тады, у тым жа трыццаць другім годзе, адчуў на сабе першы і вельмі моцны ўплыў Льва Талстога з яго мастацкай і немастацкай пропаведдзю любві да брата-чалавека. Аднак у Чэхава было нешта якасна іншае — у яго была не проста любоў, без разбору: я палюбіў не якога-небудзь шаўца Аляхіна, што біў свайго маленькага вучня, і не шаўцову жонку, што «ўзяла селядца і ягонай мордай пачала мне ў рыла тыцкаць», а іменна і толькі Ваньку Жукава. Ён, дарэчы, вельмі ярка нагадваў мне тады, пры першым чытанні, і нагадвае дагэтуль таго «абозніка» — пастушка, а пачуццё любві да пакрыўджанага, прыгнечанага чалавека — такое па-чэхаўску чыстае, без найменшага адцення фальшу пачуццё, — якое я так моцна перажыў пад старонкамі гэтай навелы, шчасліва і непарыўна знітавана для мяне з тым здаровым і непасрэдным, высока чалавечым успрыняццем свету, з якім мы ўступаем у жыццё.

Чэхаву я абавязаны вельмі многім, але тут прыгадаю адно.

Антон Паўлавіч першы з найбольш любімых пісьменнікаў унёс папраўку ў маё юнацкае безагаворачнае захапленне Талстым — не толькі непараўнальным мастаком, але і філосафам. Праўда, папраўкі такія ўносіла перш за ўсё само жыццё з панскім прыгнётам і народным рэвалюцыйным адпорам, сама заходнебеларуская рэчаіснасць, у якой я жыў і шукаў сваю сцежку. А вось першай чэхаўскай папраўкай быў іменна «Ванька». Пазней, улетку трыццаць восьмага года, калі ў мае рукі ўпершыню трапілі «Дуэль», «Маё жыццё», «Печанег» і іншыя творы так званага другога перыяду чэхаўскай творчасці, пераацэнка вартасцей пайшла ў патрэбным кірунку значна хутчэй.