Забягаючы наперад, скажу, што гэтае юнацкае жаданне ў Алеся — ці ў Сашы, як я прывык называць яго, як яго клічуць дома, — жыло яшчэ з дзесятак гадоў, і тады, калі ўжо ён стаў з кандыдата доктарам, з аўтара свежых і вострых артыкулаў амаль адразу сталым празаікам. У іншым нашым падарожжы, калі мы вярталіся з Закарпацця, недзе на залатой пшанічнай Віннічыне зноў жа знайшлася, не першы і не другі раз, адпаведная траўка. Там ужо ў нас было менш сведкаў, але быў аб'ектыўны фотасуддзя, Валодзя Калеснік, які суцешыў потым абодвух аднолькава: аднаму прыслаў здымак, дзе наверсе той, другому ж — наадварот. А ў падтэксце была філасофская ўсмешка: цешцеся, хлопцы, пакуль вам гэта да твару, спяшацца не трэба, старасць прыйдзе сама…
І вось яно — я, тым часам ужо і шасцідзесяцігадовы, пішу пра Адамовіча, якому — пяцьдзесят. Як гэта часта бывае, зноў не верыцца, асабліва ў гэтым выпадку. Ён быў заўсёды малады і ранні. На шаснаццатым годзе жыцця партызан, у дваццаць пяць кандыдат філалагічных навук, у трыццаць пяць доктар, выкладчык Маскоўскага і Менскага ўніверсітэтаў.
Мінулай зімой, у бальнічнай аддаленасці і самоце, я выпадкова ўбачыў яго на тэлеэкране. Тэлевізар хтосьці з хворых уключыў у палавіне невядомай перадачы, і, калі я ўвайшоў на знаёмы голас з пустога калідора ў хол, на экране быў Саша. Я вельмі хутка зразумеў, што ён гаворыць пра наша агульнае, тады яшчэ так свежа балючае. Гаварыў ён, і не з паперкі, вядома, па-свойму разумна, скандэнсавана, шчыра, і я, увайшоўшы ў ягоны настрой, убачыў і адчуў таго і тое, што называецца словамі Мележ і літаратура, як ён служыў ёй і як мы, тыя, што засталіся, хочам і самі быць на належным узроўні. А разам з тым, слухаючы Адамовіча, бачачы яго ў пэўнай меры свежым вокам, і блізка, і ўсё ж здалёк, я падумаў: так, ён яшчэ малады. І шануючы аб'ектыўнасць арыфметыкі, і ўлічваючы ёмкасць і цяжар перажытага.
Ёмкасць і цяжар… Бывае і так, што ты паехаў кудысьці надоўга і вельмі далёка, убачыў, пачуў, перажыў там вельмі многа, свет для цябе небывала пабольшаў, а час, здаецца, велічна расцягнуўся. А дома сустрэнеш нават як быццам блізкага чалавека, і ён, як нічога ніякага, скажа: «Нешта я цябе з тыдзень не бачыў…» Ты здзіўлены, а ён, хоць і раскажаш збольшага, дзе быў, што ўведаў, так і не ўцяміць зместу перажытага табой. І горш бывае: ты доўга хварэў, быў ужо недзе на ўзмежку, а то і на самай мяжы найважнейшага, ну, а выплыў — і хтосьці добры або нядрэнны, як быццам блізкі або не надта далёкі скажа: «Здароў! Нешта ты трохі звастрыўся, пабялеў…» І хоць яму неўзабаве стане больш ці менш няёмка ад гэтай невінаватай ці не вельмі вінаватай няўважлівасці да блізкага чалавека, яму не адразу, не проста ўдасца пранікнуць у перажытае тым чалавекам, хто ў свой нялёгкі час, як і ўсе мы, быў у асноўным адзін.
Так, у асноўным адзін. Нават і пры шчаслівай наяўнасці найбліжэйшых і блізкіх. Тое, што нам даводзіцца перажыць — і бачнае іншымі і не бачнае — не ўсё ўдаецца выказаць другому, яно ў значнейшай меры застаецца ў табе. Ад гэтага ты і мацнееш, і, адначасна, зношваешся.
Сказаўшы, што Адамовіч быў заўсёды малады і ранні, я меў на думцы яго натуру і ўдачлівасць. Аднак жа трэба пры гэтым не забывацца і пра іншае — а ці лёгка бывае сталець з апярэджаннем свайго ўзросту? Дазволю сабе для прыкладу сказаць, што ў агонь мінулай вайны я, у верасні І939 года, уваходзіў толькі што закончыўшы дваццаць другі год жыцця. У той час я бачыў сам сябе куды сталейшым, чым бачу цяпер, з дыстанцыі перажытага. Цяпер я часамі як быццам зусім з бацькоўскай трывогай гляджу на сябе таго, дваццацідвухгадовага, у гразкім акопе, пад шквалам варожай артпадрыхтоўкі або ў перабежках праз кулі, назад ці наперад. Зусім, зусім юнакамі, ледзь не дзецьмі бачацца сёння тыя сябры, якім улетку 1941-га было васемнаццаць — салдацкая ранняя сталасць. Адамовіч уведаў вайну падлеткам, спачатку пры маці-падпольшчыцы, а потым з вінтоўкай. Яму было, вядома ж, не лягчэй, чым старэйшым на пяць ці на дзесяць гадоў. Такое сталенне каштавала больш, давалася цяжэй.