Выбрать главу

У аўтабіяграфіі, змешчанай у калектыўным зборніку «Пяцьдзесят чатыры дарогі», Адамовіч з цёплай самаіроніяй успамінае, што і ў дальніх ад роднай Глушы вёсках бабкі пазнавалі яго, партызана-падлетка, як сына «доктара са шклозавода». А ў нашай вандроўцы бабкі ды цёткі пазнавалі яго і так: «Авой, дык гэта ж вы, мусіць, доктарчын меншы? Як жа хоць мама жывая-здаровая?..» Бацька, вясковы лекар, з першага дня вайны быў на фронце, а маці, фармацэўт па адукацыі, у партызанах заслужыла права называцца «доктаркай». З былымі цёткамі ды дзяўчатамі, што сталі тым часам хто бабуляй, а хто цёткай, былога падлетка я здымаў каля светлых вокнаў новых хат, на лаўках перад уквечанымі агародчыкамі, і Саша хораша адчуваў сябе між людзей, якім не сорамна глядзець у вочы, на той зямлі, абараняючы якую і ён мог калісьці, як многа іншых, аддаць маладое жыццё.

Потым у нас была Глуша (у «Партызанах» Лясная Сяліба) — утульны дом у буйной зеляніне, сцюдзёны калодзеж са сцежкай у нетаптанай траве, салодкая чырвань клубніц на градках, а перад домам — Сашава мама, Ганна Мітрафанаўна (Міхайлаўна — у рамане).

З надрукаваных у «Полымі» ўспамінаў С. Шамардзіной пра яе мужа Язэпа Адамовіча, партыйнага, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча маладой Беларускай рэспублікі (Саша — толькі аднафамілец яго), з таго эпізоду, дзе гаворыцца, як у хату да іх высокім госцем прыйшоў на дамашні абед сябар гаспадара — М. М. Тухачэўскі, вось ужо больш за дзесяць год мне помняцца простыя, мімаходзь сказаныя аўтаркай успамінаў словы: «Міхаіл Мікалаевіч з павагай нізка схіліўся да рукі маёй маці…» Нашых маці, калі яны пакінулі нас назаўсёды, мы пачынаем любіць з новай сілай, з новым сумам і патаемнай пяшчотнасцю, што зноў і зноў ажывае ў душы ў тыя хвіліны, калі мы вітаемся з маткамі нашых сяброў. Тым больш сардэчна, што з кожным годам іх усё менш.

У той жа аўтабіяграфіі Алесь Адамовіч піша, што да вайны ён маці сваёй «па-сапраўднаму не ведаў. Любіў — і толькі. А як чалавека ўбачыў і зразумеў, калі пачалося страшнае жыццё». І з разумнай самакрытычнасцю дадае: «Калі мне што і ўдалося ў рамане „Вайна пад стрэхамі“, дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». Аўтабіяграфія была напісана ў І962 годзе, калі другі раман дылогіі яшчэ ўсё пакутаваў у бясконцых чарнавіках. Вобраз маці паўтараецца і ў другім рамане, аднак раскрыўся ён у рамане першым. Гэты раман я адразу, прачытаўшы яго ў рукапісе, назваў для сябе «рамэн-раланаўскім», на ўвазе маючы «Зачараваную душу»; уражанне гэтае паўтарылася і потым, пры перачытванні дылогіі ў найбольш закончаным выглядзе. Не буду залішне арыгінальным, сказаўшы, што гераіня «Партызанаў», Ганна Міхайлаўна Корзун, — найбольш народны вобраз беларускай маці, падпольшчыцы і партызанкі, найзначнейшае ў гэтым сэнсе дасягненне нашай эпічнай прозы. Не думаю, што, пішучы дылогію, асабліва яе першую кнігу, тады яшчэ толькі крытык Адамовіч меў свядомы, так сказаць, тэарэтычны намер стварыць станоўчы вобраз, — вобраз гэты народжаны талентам, гэта бясспрэчна, аднак талентам тут кіравала перш і больш за ўсё сыноўняе пачуццё — захапленне, павага і ўдзячнасць.

Вось ужо больш за дваццаць гадоў я назіраю, з якой увагай гэты сын клапоціцца пра маці, з пашанай і зайздрасцю разумею яго. А наша знаёмства з Ганнай Мітрафанаўнай, што адбылося раней, да 1961 года, і ў Менску, чамусьці асацыіруецца ў мяне з тою паездкай, з першым маім наведаннем Глушы. Больш таго — падобных сустрэч у светлым доме ў маладых бярозах было потым некалькі, заўсёды летняй парой, аднак уражанні ад іх чамусьці так перапляліся ў часе, так спляліся ў адно, што, скажам, ужо дарослыя сёння ўнучкі колішняй «доктаркі» — адна Сашава, дзве старэйшага сына, Жэні — яшчэ ўсё бачацца мне загарэлымі, цыбаценькімі дзяўчаткамі. Гуляюць з ручной вавёркай, бегаюць па траве або, па загаду бабулі, што ведае толк у пытаннях здароўя, хрумстаюць моркву, талерка якое, старанна аскрэбенай і памытай, чырванеецца на прымітыўным століку ў бела-чорна-зялёнай стракатасці бярозавага акружэння. А сама бабуля, цяпер такая нямоглая, а калісьці, у той далёкі, гістарычны для дзяўчатак час, энергічная, мужная ўдзельніца ўсенароднага змагання, частуе нас халодным і гарачым багаццем вясковага лета, пытаецца, як мы здаровы і як у нас дома ўсё, і ў гэтых пытаннях не проста адпаведная выпадку ветлівасць, а шчырае жаданне, каб яно і праўда лепш было ўсім нашым людзям.