Неяк ён згадваў пра свайго бацьку, яго заўчасную смерць і тую ўдзячнасць, якую ён заслужыў у наваколлі самаадданай працай таленавітага лекара. Сын — у гутарках пра сябе, у самаацэнках — заўсёды натуральна стрыманы, узброены пільнай самаіроніяй, сказаў тады ціха і шчыра:
— Мне б заслужыць такое ў людзей!..
Яшчэ трохі пра тое, завошта дзень яго нараджэння адзначаецца сёлета не толькі дома, у сям'і.
У лістападзе 1971 года я працаваў у падмаскоўным Доме творчасці Перадзелкіна. Неяк у нерабочы дзень захацелася праехацца электрычкай у незнаёмым кірунку, ды так, каб сыходзіць на кожным прыпынку, пахадзіць у кожным пасёлку ці гарадку. І вось у адным з іх я выпадкова купіў у кіёску свежы нумар «Вопросов литературы», а ў ім з асаблівай прыемнасцю ўбачыў вялікі артыкул Адамовіча «Маштабнасць прозы». Я ўжо ведаў гэтую працу пра Чорнага ў арыгінале, па трох публікацыях у «Полымі». Нават як член рэдкалегіі дапамагаў пасля аўтару адбівацца ад нападак нядошлых ды ўсё яшчэ скрыпучых вульгарызатараў, таму з'яўленне гэтай працы ва ўсесаюзным аўтарытэтным часопісе сустрэў з тым большым задавальненнем. І яшчэ адно — воддаль ад нашага літаратурнага асяроддзя, спачатку ў вагоне электрычкі, сярод незнаёмых людзей, а потым у адзіноце лясной дарогі і свайго пакойчыка зусім па-новаму адчуў тую маштабнасць прозы Кузьмы Чорнага, яе не толькі наша, беларускае значэнне, якое лепш за многіх з нас убачыў і лепш за ўсіх, хто займаўся дагэтуль Чорным, выказаў Адамовіч, — з найболыпай доказнасцю, жывасцю і культурай.
Летась выйшла ў пэўнай ступені «ітогавая» кніга Алеся Адамовіча «Здалёк і зблізку». Там я з цікавасцю перачытаў яго, ужо даўні, падпісаны І957 годам, артыкул пра «Новую зямлю», яшчэ раз, з дыстанцыі часу ўбачыў тое, што характэрна для Адамовіча-літаратуразнаўцы, тое, з чаго ён пачынаў і з чым плённа працягвае даследаванне нашай класікі і сучаснай літаратуры. Яму мы, хочацца сказаць, абавязаны новым, сапраўды маштабным прачытаннем і коласавай эпапеі, якую ён слушна лічыць першым беларускім раманам, і новым прачытаннем прозы Чорнага, ён нам як быццам занава адкрыў Максіма Гарэцкага, грунтоўна давёўшы, што значыць і гэты, яшчэ адзін вялікі талент беларускай савецкай прозы.
Тут хочацца і мне адзначыць словам падзякі той мудры клопат, з якім захавалі і аддалі народу спадчыну Чорнага і Гарэцкага іх найбліжэйшыя. У выпадку з Максімам Гарэцкім гэта было асабліва складана, і гэта мы адчулі з удзячнасцю асаблівай.
Сваё даследаванне спадчыны Гарэцкага Адамовіч пачаў з апублікавання ў «Маладосці» (верасень 1974) і ў «Юности» (красавік 1975) пісьмаў з фронту сына пісьменніка Леаніда. Адрасаваныя маці, сястры і дзядзьку, гэтыя сямейныя, прыватныя пісьмы юнака, які загінуў на дваццаць другім годзе жыцця, адкрытыя чытачу толькі праз трыццаць год пасля Перамогі, многімі чыталіся і будуць чытацца з тым хваляваннем, з якім чытаюцца рэпартажы Юліўса Фучыка, вершы Мусы Джаліля. З асаблівай вымовай гэтыя пісьмы пераклікаюцца з кнігай Гарэцкага-бацькі «На імперыялістычнай вайне», залішне сціпла названай «запіскамі». Нядаўна стала вядома, што адно з выдавецтваў Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі ўзялося перакласці і апублікаваць «запіскі» бацькі і пісьмы сына Гарэцкіх у адной кнізе. Факт гэты бачыцца не толькі як дакор нашай недастатковай аператыўнасці, але — перад усім — як яшчэ адно сведчанне маштабнасці беларускай прозы, яе агульналюдское значэнне. Пераканаўча гаворыць пра гэта і грунтоўная, бліскуча напісаная Адамовічам манаграфія «Браму скарбаў сваіх адчыняю…», дзе спелая, арыгінальная думка і маладое, гарачае сэрца даследніка шчодра падмацаваны дапамогай цудоўнай сям'і Гарэцкіх: несмяротнымі пісьмамі Лёні, таленавітымі ўспамінамі Галі, дачкі пісьменніка, расказамі высакароднай пакутніцы Леанілы Ўсцінаўны Чарняўскай, педагога і пісьменніцы, вернай сяброўкі Максіма Гарэцкага, важкім словам ягонага брата, Гаўрылы Іванавіча, геолага, імем якога ганарыцца беларуская навука. Трэба сказаць, што скарб сям'і Гарэцкіх у скарбніцу народа перададзены цераз надзейныя рукі.
Колас, Чорны, Гарэцкі… Тады і сучаснікі — Мележ і Быкаў. Зноў жа — і тут усё тая ж маштабнасць бачання: ніхто дагэтуль так поўна і зацікаўлена, так жыва і пераканаўча не расказаў пра творчасць двух нашых выдатных сучасных празаікаў, творчасць якіх хораша выйшла за межы Беларусі і ўсёй савецкай краіны.