А для пачатку мы ў машыне, сонечнай раніцай, на лёгкапахадной дарозе, спявалі, балбаталі і смяяліся. Былі і песні-імправізацыі. Скажам, на паскакушна-хлёсткую мелодыю «бульбы», якую, як вядома, вараць, параць і таўкуць, складалася песня, новая, з жывымі героямі ды пацешнымі сітуацыямі, якая ў запісе, калі б я цяпер зрабіў яго, не гучала б так весела ды бяскрыўдна для некаторых сяброў і таварышаў рознага ўзросту і рангу, як бяскрыўдна, дасціпна гучала яна тады. Радасць палёту ў родную, новую красу, да новых людзей шукала выхаду, знаходзіла яго ў блазенскім рыфмаплёцтве, то разам, то на змену, ад кожнага па кветцы ды калючцы.
Весела ды цікава бывала і ў іншым складзе, у розны час. Утрох у машыне, з двума Ўладзімірамі, Караткевічам і Калеснікам (за рулём) — па маляўнічых прасторах заходняй Гарадзеншчыны; да гэтых трох дадаўшы Міколу Аўрамчыка — Пружанскі, Камянецкі раёны, маці-Белавежа; з Фёдарам Янкоўскім — у яго Клетным каля Глуска, у легендарнай Рудабелцы…
Дарогі, дарогі!.. І па зямлі, што «пад белымі крыламі», і па ўсёй нашай раздольнай неабсяжнасці.
Між іншым светла помніцца Магнітагорск, калі мы былі зноў на некалькі год старэйшымі, аднак і зноў шчасліва, радасна гатовымі амалоджвацца падарожжам, свежасцю песні і смеху. Ад велізарнай ямы, што зеўрае на месцы гары Магнітнай (гара пайшла ў асноўным на танкі і снарады Вялікай Айчыннай), ад палымяна-грымучых цэхаў славутага камбіната, ад цікавых, адказных сустрэч са сталяварамі, бібліятэкарамі, школьнай моладдзю, ад менш ды больш дымных, копатных кварталаў абапал ракі Ўрал, граніцы Эўропы і Азіі, гасцінныя гаспадары на выхадныя дні вывозілі нас у свае дамы адпачынку. Над Банным возерам, назва якога, па легендзе, паходзіць ад «банно-прачечного» прывала, які тут дазволіў свайму войску Пугачоў. У башкірскіх гарах, у тым Абзакаве, дзе было так беласнежна, белабярозава і сонечна, што маладзейшыя ды смялейшыя з нашай групы, — а першы, вядома, Караткевіч, — да пояса голыя загаралі… у сакавіку. Дзесяць пісьменнікаў, што дзесяць дзён знаёмілі магнітагорцаў з беларускай літаратурай, мы там былі, вядома, не адны, з гаспадарамі і гаспадынямі. І зноў жа — столькі смеху было, столькі песень! І нават сярод маладых ды маладзейшых за яго самым вясёлым, непасрэдным бачыўся, чуўся ён, Валодзя…
Дзень яго сумнай гадавіны быў сонечны, як спецыяльна пасля занудна-заложных дажджоў. Пасля соснаў і кветак над месцам яго спачыну, ужо за людным сталом, дзе многа, шчыра і цвяроза гаварылася пра таго, хто сапраўды «быў, ёсць, буду», як сведчыць назва апошняй з падрыхтаваных ім самім кнігі паэзіі, адзін з яго найбліжэйшых сяброў, Адам Мальдзіс, з якім мы побач сядзелі, спытаўся ціха пасля майго выступлення:
— А пра той цвік ва ўспамінах вы скажаце?
Мы ціха засмяяліся… не, толькі ўсміхнуліся, нібы з яго дазволу, ледзь не з ім разам, з нашым Уладзікам. Бо прыгадалі такое.
Нястомны падарожнік, замілаваны знаўца роднай даўніны, ён умеў акружаць сябе, сваё месца на свеце, свой дом і стол і кніжныя паліцы ўсім тым, што люба, што заўсёды гаворыць пра запаветнае, галоўнае.
Гадоў некалькі мы жылі па-суседску, за сцяной майго рабочага пакоя была яго сталовая, хутчэй гасцінная, густоўна і шчодра запоўненая рознай, дробнай і буйнейшай, даўніной. Разьба, карціны, чаканка, ліццё, шкатулкі, альбомы.
І вось аднойчы за сцяной у мяне пачуўся спачатку нібы асцярожны, але ўсё больш ды больш настойлівы стук малатка. У тым месцы, дзе гэты стук цэнтраваўся, на сцяне маёй пачаў прыкметна ўздрыгваць, напухаць, трэскацца пафарбаваны тынк. Кавалачак яго вось-вось мерыўся адваліцца. А потым, ад стуку таго, не вельмі ахвотна, а ўсё ж палез, пачаў вытыркацца даволі вялікі цвік!..
Першае, што я зрабіў, гэта гукнуў туды: «Эй, вы!» і на дадатак грукнуў у сцяну кулаком. Тады пайшоў да суседа. Маё «эй, вы!» сказалася як быццам у прадчуванні, што гаспадар там не адзін. І сапраўды — удвух, з Мальдзісам. Сабраліся прыладзіць на сцяне драўлянага, у блекла-светлых фарбах старадаўняга, касцельнага або каплічнага анёла. Для гэтага спачатку трэба было ўбіць цвік, прытым адпаведна надзейны.