Што ж, і ў жыцці яно так: бывае самае нечаканае чаргаванне.
…Дык мы сядзім сабе, спяваем за сталом. Акно адчынена ў зялёны сад, асветлены з хаты. І раптам у гэтае акно з таго саду даволі спрытна гоцнуў чалавек, якога я прывык лічыць… бадай што і нябожчыкам.
Ускочыў, выхапіў з-пад пінжака (пад гальштукам!) добры аполак сала, пляснуў яго на стол, сказаўшы: «Мой уклад!» — і працягнуў мне цераз стол руку:
— Здароў, Антонавіч!
— Сідар — ты?! — гукнуў я міжволі.
— Сідар — я! — адказаў ён у тон мне і засмяяўся: — Хрыстос васкрэсе, браток!
І трэба ж было (і такое бывае), што зранку дома, тады на рэчцы, пасля зноў дома — і ніхто мне ані слова пра тое, што Сідар-гоп і сапраўды ўваскрос, другі ўжо раз пасля вайны!..
Пра Сідара пачнём з мянушкі. Проста ён смешна танцаваў, няўдала падскокваючы ды падрыгваючы ў польцы, а то і ў вальсе, таксама без толку і ладу. Калісьці, гледзячы збоку, Уладзік Чыркун падбадзёрваў яго: «Сідар — гоп!», гэтае «гоп» падхапілі мы, падшыванцы, і так яно прыліпла назаўсёды.
Сідару вельмі ж хацелася ў войска, а яго ўсё бракавалі. Пазней я даведаўся, што па Версальскім дагаворы Польшча Пілсудскага мела права толькі на трыста шэсцьдзесят тысяч войска, таму і адбіралі «пабаровых» так прыдзірліва. Сідару першы раз далі адтэрміноўку, на другі год таксама, а ўжо на трэці забракавалі зусім. Паміж другім і трэцім годам надзеі з Сідарам здарылася такое, што ён лічыў нядрэнным козырам. На ўзгорку за нашай вёскай паставілі «маяк», трыганаметрычную вышку, якая нам, пастушкам, здавалася проста паднебнай. Аднак знайшоўся чалавек (не з тых, што ставілі «маяк»), які не толькі залез на яго да самага верху, але, ашчарэпіўшы нагамі шпіль, апусціўся ўніз галавою. Гэта быў Штокала, вядомы местачковы жулік. Другі да шпіля далез Сідар-гоп. Зачапіцца нагамі і павіснуць уніз галавою ён не асмеліўся, рэкорд свой адзначыў тым, што скінуў адтуль галёш. Была ўжо восень, гразь, і галёш, прасвістаўшы снарадам, урэзаўся ў раллю. А вясною, «на здачы», Сідар-гоп казырнуў маяком: «У мяне вельмі моцная галава, вазьміце ў лётчыкі!..» Не памагло. Выхад сваёй няўрымслівасці ён знайшоў у іншым… Зноў тлумачэнне патрэбна — не была б гэта гістарычная тэма!..
У бліжэйшым ад нас, невялікім маёнтку быў панам Сідараў дваюрадны брат. У рэвалюцыю пані Ядкова (тая самая, што згубіла «седэмнасце злотых») са страху і дзеля самастрахоўкі ўзяла да дачкі прымаком сялянскага дзецюка, стала такім чынам нібы і сама сялянкай. Потым панская ўлада вярнулася, і ўсё стала наадварот, — прымак, звычайны, нават не вельмі спраўны Ганнін Мечык, з прозвішчам, як і Сідар-гоп, Асмалоўскі, з мянушкаю Сэпель, зрабіўся панам Мечыславам. Панскай радні, якая жыла ў асноўным у Варшаве, не гонар быў такі сваяк, але, параіўшыся, пагадзіліся на тым, што паслалі яго на нейкія курсы, каб трохі абгладзіць. А ён пасля, не вельмі зазнаўшыся на пасадзе панінага мужа, узяў да сябе, у маёнтачак, і свайго дваюраднага. Ведаючы яго другую, пасля мілітарнай, страсць — лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара, узброенага двума класамі царкоўнапрыходскай школы, на ветэрынарныя курсы, з якіх ён, дарэчы, вярнуўся хутчэй, чым чакалі.
Ці так, ці гэтак, а нашы Ніжнія Байдуны набылі сваю арыстакратыю — пана і доктара.
Пан співаўся настолькі паслядоўна ды настойліва, што да верасня трыццаць дзевятага года ад яго маёнтачка засталіся ўжо толькі рожкі без ножак. А доктар лячыў сялянскую жывёлу так самааддана і ўдачліва, што неўзабаве набыў сабе славу на некалькі вёсак і мястэчка. І гэта — без адрыву ад уласнай гаспадарачкі, якую яны вялі сяк-так з малодшым братам і сястрою. Праўда, калі людзі прыходзілі з яго рэцэптамі ў аптэку, аптэкар круціў галавой і ўсміхаўся ад Сідаравых польскай і, тым больш, лацінскай моў, аднак здагадваўся, чаго пан ветэрынаж Асмалоўскі хоча: з гадамі ён прывык да невялікага асартыменту Сідаравых лекаў.
Сідар лячыў душою і нахабствам. Вязе яго, скажам, які-небудзь не з нашай вёскі дзядзька да хворай каровы, а той доктар ужо на пад'ездзе да вёскі ажно гарыць. Не чакае, пакуль і веснікі адчыняць — гоп цераз іх, пінжак ці кажушок з сябе, на плот, і крычыць гаспадыні: «Цёплай вады!» За вочы людзі пакеплівалі, аднак бралі яго ахвотна, бо да гміннага ветэрынара з мужыцкай капейкай не вельмі было даступіцца, а гэта і свой чалавек, і цаны ніякай не вызначае, — што хто дасць. Нават і чаркі з яечняй ды добрага слова хапала.
Трэба дадаць яшчэ адно. Сідар-гоп быў усё-такі «доктарам» не афіцыйна, толькі народным, ці што, і на лячэнне яго гмінная ўлада глядзела праз пальцы: няхай сабе, як-ніяк — панскі сваяк.