Выбрать главу

Дабрадушны, крыклівы Гірш-Эля. Боты мае ў той час, у школьныя гады, прашморгваліся найчасцей на халявах, з сярэдзіны, дзе костачкі. І майстар, трымаючы такі бот, ужо знаёмы яму, круціў галавой, заўсёды пад кепкай:

— Уй, Іванко, Іванко! Табе сабакі рвуць, ці што? Біў латке — зноў латке!..

А я не толькі маўчаў, але і пабойваўся, што ён нарэшце возьме ды спытаецца: «Ну, а чаму гэто і ты крычаў і шпрынген па школе?» Іхняя «школа», старая, драўляная сінагога, стаяла недалёка ад нашай сямігодкі, і нядаўна мы на вялікім перапынку заўважылі, што Кумагерчык кудысьці пайшоў, а «школа» не зачынена. Нашы агледзіны яе знутры былі гэтым разам такія вясёлыя, што бедны шамэс, дабегшы туды, не толькі загалёкаў на ўвесь свет, не толькі гнаўся за намі з мятлою, але знайшоў і нашага «кероўніка» (дырэктара) у настаўніцкай і доўга крычаў яму, як мы там, у святой сінагозе, шпрынген — скакалі па сходах і лаўках.

Старэйшы Гіршаў сын быў «падрабінкам», вучыўся ў Міры на рабіна, і пра яго казалі: «О, гэто кэпэлэ!» Гэтую «кэпэлэ», вучоную галаву пад чорнай ярмолкай ды з пейсамі, я бачыў раз ці два, калі той «падрабінак», госцячы дома, праходзіў з двара ў сваю баковачку або выходзіў з яе на двор. Малодшы сын, ужо не безыменны для мяне, а Гіршаў Бэрка, вучыўся на краўца. Спрытны, вясёлы, таварыскі юнак, цяпер ён успамінаецца мне часамі перад тэлевізарам, калі на экране ўсміхаецца і не вельмі развязна шчабеча адзін маладзенькі канцэртны канферансье. Бэрку я бачыў часцей не дома ў іх, а ў Нохіма, дзе ён вучыўся, бо я заходзіў туды з Нохімавым Тэпсікам, з якім мы сябравалі.

Дык, значыцца, дзядзька Яўхім і я моўчкі сядзелі і чакалі Гірша, а потым зайшлі Грамузда і Арэсь, і мы ўжо чакалі гаворачы, а тады гаспадар нарэшце прыйшоў.

Ён, як заўсёды, уварваўся з сенцаў мітусліва, а разам з ім — непрыкметна, з-пад ног — прашмыгнула штосьці не то кашэчае, не то сабачае. Пакуль хто паспеў здагадацца, што гэта Молька, якую дзядзька Арэсь культурна пакінуў у сенцах, Грамузда ўсхапіўся з месца, ускочыў на зэдлік і дзіка закрычаў:

— Кручаны! Ратуйся!

На гэты покліч у Гірш-Элю прачнуўся былы салдат і сучасны тапорнік, — ён кінуўся ў качарэжнік, паспеўшы крыкнуць жонцы:

— Ентэ, хавайся! Мах ды тыр цу!

Квела ссутуленая Ента і цяпер, як амаль заўсёды, стаяла каля прачыненых дзвярэй бакоўкі. Яна і шуснула туды, зрабіўшы «мах ды тыр цу» — зашчапіўшы за сабою фанерныя дзверцы.

Дзядзька Яўхім, Арэсь і я — як сядзелі, так і не паспелі ўстаць.

— З гаршка вунь хлебча! — крычаў з-пад самай столі Грамузда. — Бі, Гірш, чаго ты глядзіш!

Каля прыпека стаялі два чыгункі-стаўбуны, адзін з вадою, а другі са скрэбенай бульбай. Гірш замахнуўся гаршчэшнікам угару, стукнуў па столі і тропнуў па чыгунку. Стаўбун паваліўся, пакацілася бульба і палілася вада.

— Пена, пена на мызе! — крычаў Грамузда. — Кручаная, Гірш!

Гаршчэшнік — зноў да столі і — па сучцы. Пералёт! яшчэ раз — міма!

Ды тут ужо апрытомнеў Арэсь. Яшчэ не ўстаўшы з лавы, ён перагнуўся ў бок ад свае «вінтоўкі», спрытна, як для яго, схапіў сваю Мольку, як кошку, цяжкаю лапай пад жывот, і тая, нават не кеўкнуўшы, апынулася ў яго пад сярмягай, за пазухай. Зноў жа, з неверагоднай для яго рухавасцю, Вінтоўка сігануў міма разгубленага, з узнятай зброяй, Гірша ў сенцы і — на двор.

— Гірш, не ідзі за ім! — крычаў Грамузда. — Ён яе сам прыдушыць, яму да гэтага не прывыкаць!

Тады ўжо скокнуў з зэдліка на падлогу.

— Ну, дзякуй богу, — сказаў прысеўшы. — Усё абышлося добра. Нават стаўбуна не раскалоў. Пяхота, браце Гірш, усё-такі пяхота! Другі ўмлеў бы са страху, а ты… Вунь на Зайца зірні — яшчэ ніяк не адыдзе.

Дзядзька Яўхім і тут маўчаў. Толькі што галавой крутануў ды ўсміхнуўся.

Нават і я стрымаўся, не захіхікаў хоць цяпер. А Гірш тым часам трохі адсопся, паставіў зброю ў кут, падперазаў фартух, сеў на сваё шавецкае месца і загадаў у бакоўку:

— Ентэ, мах а парадак!

Яна паслухмяна і ціха, відаць, яшчэ ўсё спалохана, выйшла і пачала прыбіраць каля печы.

— Пяхотэ, — сказаў Гірш-Эля. — А думаеш ты, Грамузда, ваяваў? На сваім кабыле, у сваім кавалерыя? Ваш, расеец ваяваў? Ваш толькі ваймяцасына і ляжыць! Фарфалн міт ды ганцэ пастройкес![1] А я? — Тут у ім канчаткова прачнуўся былы імператарскі пехацінец: ён усхапіўся і загадаў: — Ентэ, гіб а гаршчэшнік!

вернуться

1

Прапаў з усімі будынкамі! (жыд.)