Выбрать главу

Цяпер у нашай вёсцы клуб. Не лепшы і не горшы, як у іншых вёсках наваколля. Ужо і пастарэў за дваццаць пяць гадоў, хоць з цэглы ды пад шыферам, атынкаваны. У клубе часта бывае кіно, сяды-тады наладжваюцца спектаклі, выступае свая і прыезджая самадзейнасць, а найчасцей, вядома, танцы. Тым больш што ёсць свой баяніст і свой скрыпач. Ды не абы-якія.

Скрыпач Петрык прыйшоў да нас у прымы з Плёхава, усе яго ў Ніжніх Байдунах ведаюць даўно, і ў нас ён хутка стаў яшчэ больш сваім, чым тады, калі толькі прыходзіў са скрыпкай ці так сабе. Музыка з тых, што апантаныя гэтым з пялёнак і нястомныя да самай дамавіны. А да таго ж яшчэ Петрык прынёс з вайны, у якасці трафея, не кавадла, як Цімох Ярмоліч, а скрыпку, якую называе «страдыварус». Слова, што прагучала ў Плёхаве і ў нас упершыню, дзякуючы Петрыку, які цяпер ужо нібы не са сваёй гвардзейскай танкавай, ордэна Кутузава, слова тое прынёс, а нават і свіней з ім пасвіў. «Мой страдыварус», — гэта гучыць у яго зусім упэўнена і прывычна. Не бянтэжыць і тое, што Петрыка амаль адразу ж і празвалі Страдыварусам.

Баяніст наш таксама прышлы. Гэты ўжо — бог ведае адкуль. Цыган Рома, які прыбіўся да хутарское Зіны, дачкі Крыстыны Роўбіхі, калі ўжо сама Крыстына памерла, а Зіна, наймалодшая ў яе, засталася на хутарку адна. Быстры хлапчына, чорны і кучаравы, як належыцца, а вочы, карыя і вялікія, не хітрыя зусім.

Бедны Рома! Так і карціць мне забегчы наперад, каб сказаць, як усе шкадавалі яго, калі ён так недарэчы, так непатрэбна загінуў, засыпаны ў толькі што выкапанай студні. Капаў ён, людзі казалі, выдатна. Некалькі студняў выкапаў на новым пасёлку, дзе будуюцца, жэнячыся, маладыя ніжнебайдунцы і куды сцягнулі некалькі нашых хутароў, у тым ліку і Ромаў. Ён вылез з ужо гатовай студні, а потым («такі заядлы!») апусціўся яшчэ раз, каб штосьці паправіць, ды ўжо і самога адтуль не адразу змаглі дастаць. Я пачуў пра гэта пазней. І быстры, шчыры, вясёлы хлапчына ўспамінаецца, хочаш не хочаш, праз агульны жаль па ім…

Калі наш Страдыварус іграў з душой і ў сорак пяць гулліва і нястомна па-юнацку, дык Рома, здаецца, яшчэ весялей. Усё пачутае і там, адкуль ён прыйшоў, і ў нашым ужо наваколлі, і ў свеце вялікім — па радыё, па тэлебачанні, з юнацкіх магнітафонаў і прайгравальнікаў, цыган, нібы вясняны шпак, лёгка ператвараў у сваё папуры, радасна новае, свежае нечаканасцю, сваё і для танцаў, і проста так, для слухання, калі вясёлага, а калі і з сардэчнай журбою. І ўсё гэта ён аддаваў з усмешкаю, у якой таксама спалучалася многа чаго: і дабрата, і гарэзлівасць, і сціпласць, і гордасці трохі, а больш за ўсё харошай чалавечай прастаты.

З гэтай усмешкай ён і жыве і хай жыве ў маёй і многіх іншых памяці, у радасным, вясняным шматгалоссі музыкі, Петрыкавай і яго.

Я ўжо казаў, што маладых у сваёй вёсцы пазнаю цяпер у большасці па бацьках: хто на маму сваю падобны, хто на тату. А то дык і спытацца трэба, чый гэта хлопец або чыя дзяўчына. Маіх аднагодкаў і старэйшых мужчын засталося ўжо няшмат. А хто жывы і ў клуб заходзіць, з тым добра ўспомніць былое. Нават не толькі з ім, але і пры ім, седзячы моўчкі, толькі ўсміхнуўшыся ці падміргнуўшы.

Калі маё пакаленне пачынала сваю маладосць, моднай была полька-цыганачка. Не трасуха, а, як казалі, «шырокім сцягам», «галоп». У нас — завіруха, а мужчыны навокал стаяць ды, як толькі танец аціхне, крычаць, як блазнота: «Хлопцы, нанава! Нанава!..»

Цяпер у модзе танцы іншыя, як бабы кажуць, гарадскія, бо і моладзь, калі паз'язджаецца ўлетку ці на святы, у большасці гарадская.

На крэслах, спалучаных радамі і парасстаўляных каля сцен, апроч тае, дзе сцэна, сядзяць у якасці прыязнай і зайздрослівай публікі больш і менш пажылыя жанчыны і некалькі мужчын.

З колішніх смехуноў сёння тут толькі Васіль Кураўка і Ўладзік Чыркун, інвалід з кавялою, той, што спяваў каля плота. Маўчым і прыглядаемся да танцаў.

Плёхаўскі кавалерчык. Цыбаты, з малою галоўкай, зверху да пояса рухавы, як кенгуру, а ногі значна цяжэйшыя, сяды-тады як анямелыя. «Бугі-вугі» яго бесталкова нервовыя, нібы знарок для кепікаў збоку. Куды там Сідар-гоп з яго падскокамі — тут дрыганне і крыўлянне свядомае. І валасаты, і з бародкай нейкаю. А важнасці — і не кажыце, пацеха! Калі чаго не хапае яшчэ, дык толькі гумавай жвайкі.

Як толькі танец закончыўся, Кураўка раптам устаў, падышоў да цыбатага юнака, ветліва папрасіў яго падысці з ім да Чыркуна і, паказаўшы на Ўладзіка, зусім сур'ёзна сказаў:

— Таварыш хоча з вамі пагаварыць.

Я затаіўся ў вясёлым чаканні. Яны ж, Кураўка і Чыркун, сядзелі абапал мяне і ні ў чым не змаўляліся — будзе чыстая імправізацыя.