— В меня вам тока адзін вапрос, — пачаў Уладзік, таксама, як і Кураўка, вельмі спаважна, нібы беручы гістарычнае інтэрв'ю. — Скажыце, пажалуста, гэта не вы на тым тыдні прывозілі з Хлюпіч прадаваць цабры і ражачкі? Хадзяін такі самы пажылы, як вы, з бародкаю. І кабыла пярэстая, як у адэскай пажарнай камандзе. Пры старым, канечне, рэжыме. Васіль Пятровіч, бойкі на возе, здаецца, таксама былі?
— Былі, Уладзімір Цупронавіч, — зусім сур'ёзна адказаў Кураўка.
Юнак стаяў разгублены.
— Вы панімаеце, што такое па-дзеравенскі бойка? — разварушваў яго Чыркун. — Такая храновіна з сасновых клёпак, у якой б'юць масла.
Юнак яшчэ ўсё маўчаў. Дзе там у чорта тыя Хлюпічы і што там за цабры ды ражачкі і бойкі?.. А навокал сабралася моладзь. Свае, заўсёды спадзеючыся па гэтых дзядзьках чагосьці вясёлага, а прышлыя ды прыезджыя — у недаўменні, як і той плёхаўскі кенгуру.
Момант гэтай напружанасці Чыркун запоўніў «замежнаю мовай». Гэта адна з дзвюх яго спецыяльнасцей: Уладзік мог вельмі добра імітаваць нямка і «гаварыць па-інастраннаму». Балбатаць чортведама што, ні крышку не збіваючыся, не трацячы важнасці тону. І цяпер ён пачаў плесці нешта, вельмі падобнае на чыюсьці мову. Звяртаўся то да Кураўкі, то да таго танцорчыка, то да ўсіх астатніх. Кураўка толькі ківаў галавою і час ад часу мармытаў сваё, ніжнебайдунскае «ага» або «яволь» і «йес», прынесеныя з міжнародных сустрэч на вуліцах разбітага Берліна і над Эльбай. Нарэшце Чыркун закончыў свой маналог нейкім складаным, доўгім выкрунтасам і сказаў Кураўку больш празрыстае «данкішэн». А той перадаў асноўны змест усяго сказанага кароткім паведамленнем таму, яшчэ ўсё збянтэжанаму, юнаку:
— Ён гаворыць, — ківок на Чыркуна, — што вы можаце быць свабодны.
Калі дагэтуль у гурце моладзі, што акружыла нас, чуўся то нечы абрывісты смяшок, то стрыманая рэпліка, дык цяпер проста выбухнуў рогат. Смяяўся, здаецца, і сам той хлопец.
А потым у шум уступілі баян і «страдыварус», і ўсё аціхла ў новым танцы.
Чыркун ваяваў яшчэ і ў першую сусветную, а потым і ў грамадзянскую. Знакам даверу, ён мне аднойчы пры панах паказваў «краснаармейскую афішку» пад загалоўкам «Слезное моление вши» — дасціпны сатырычны верш, зброя ў змаганні за салдацкую гігіену. І расказаў тады, як гэта ў «свабоду», пасля рэвалюцыі, іх, акопнае брацтва на часовым перадыху, вадзілі разоў некалькі ў тэатр. А ў некаторых хлопцаў было назапашана па «аптэчнай» бутэльцы вошай, уласнага ўраджаю і пазычаных. І ў тэатры яны, тыя хлопцы, як толькі гасла святло, церушылі з бутэлечак на далонь і ціха, асцярожна сеялі на футравыя каўняры і боа новага начальства, што з жонкамі сядзела спераду.
Уладзік не казаў, але і так няцяжка было здагадацца, што пачынальнікам з тымі бутэлечкамі быў хутчэй за ўсё ён.
Дарэчы, жулікаватасць перадалася і сыну яго, наймалодшаму, таму Анёлачку-Анёлку-Ангелу, які на другім пасляваенным годзе яшчэ толькі канчаў у мястэчку школу. Вучыўся Анёлак не вельмі, найбольш ад ляноты. І вось на ўсяночную перад Вялікаднем, калі на плошчы перад царквой колішнім ладам сядзелі на вазах ды пры вазах і паміналі калекі-старцы, малады Чыркунок, разам з сябрамі-дзесяцікласнікамі, заказаў старцам памінанне. За плату, вядома. Па жывых-здаровых настаўніках, матэматыку і фізіку, найбольш «любімых». І дзед з бабаю памянулі.
Бачыўшы, чуўшы ўсяночнае памінанне многа разоў, няцяжка ўявіць і Анёлкава. На возе — зрэбная буда, нацягнутая на арэхавыя каблукі. Каняжына хрупае сена не з перадка, як звычайна, не ў аглоблях стоячы, а прывязаная за возам. Паміж задзёртымі аглоблямі, на ахапку саломы, сядзіць бязногі ці бязрукі дзед. Сляпая бабуля — на возе, у чалесніках буды. З бабінага слязлівага раешніка возьмем толькі пачатак, а можа, і з сярэдзіны, словам, тое, што мне запомнілася з маленства.
Тут уклінялася канкрэтнае — заказ дзесяцікласнікаў:
А дзед у аглоблях уторыць, як чмель:
Нямком старэйшы Чыркун прыкідваўся, вядома, не сярод сваіх. Часамі гэта выручала ніжнебайдунцаў, а то дык бывала і дрэнна…
Па дровы нашы ездзілі пры панах далёка, бо лес бліжэйшы быў малады, казённы і не прадаваўся. А торфу тады капалі мала. У тую зіму, якую згадваю, было вельмі многа снегу. Звернеш трохі з наезджанай дарогі, і конь правальваецца, і сані тыя з дровамі — як выцягнуць, і гуртам папіхаючы. І вось на Галым балоце, у пушчы, сустрэліся два абозы з дровамі, наш і, здаецца, хлюпіцкі. Сутыкнуліся першымі коньмі, храпа ў храпу, і стаяць — кожны вазак сам сабе хітры, ніхто не хоча скрануцца ў аб'езд.