У нашых першы ехаў Кураўка. Тут да яго, саней за трое, падышоў Чыркун і, як нямко, прычапіўся сварыцца. Не да таго чужога, сустрэчнага, а да свайго. Адзін мармыча штосьці, нема паенквае, размахвае рукамі, а другі крычыць. І скачуць ужо загрудкі. Кураўка так раз'ярыўся, што давай распрагаць кабылу. Прасцей было б сякеру з воза ўзяць, а ён распрог, схапіў дугу за канец і, трасучы ёю над галавой «нямка», крычаў усякую несусвеціцу. Доўга дурыліся. Нашы ўсе ад вазоў сабраліся, і тыя ад сваіх. Нашы, вядома, ніхто не смяяўся. Хлюпічане спачатку глядзелі, слухалі, а потым плюнулі і пачалі аб'язджаць, гразнучы ў снезе і лаючы нашых. Кураўка тады запрог, закурылі, рагочучы, і паехалі.
Абозамі ездзілі не толькі ў пушчу. З мястэчка на бліжэйшую чыгуначную станцыю, за дваццаць сем кіламетраў, вазілі збожжа з купецкіх «шпікняроў» (вялізных свірнаў), ад Бейліна і Бісінкевіча. Заработак быў не лішне вялікі, аднак і лепшых не было. Ездзілі людзі бяднейшыя, і нашы, і плёхаўскія, і з іншых вёсак. Разоў некалькі ездзіў і я, калі Андрэй служыў у войску, а мы з сястрою Надзяй гаспадарылі.
Мікіта Турак у гэтыя асенне-зімовыя заработкі ганяў сваіх двух сыноў. На двух вазах, на добрых конях. Чалавек ён быў працавіты і прагны — да прыдуру. Сечкі тым коням трэба многа, дык ён начамі грыз яе старой касою, скоскам. Сам такую сячкарню прыдумаў: як церніца, ці што, толькі не лён яна трэ, а рэжа салому. Потым, казалі, сячкарня тая прыснілася яму ў «смяртэльнай» кашулі, белай і доўгай, і добра такі напалохала: «Зарэжу к чорту самога! Замучыў ты мяне! Купляй фабрычную!» Тады ўжо Турак купіў ручную сячкарню, якую хлопцы яго, што якраз падняліся на памочнікаў, круцілі на змену. Здаравенныя грукачы, паслухмяныя.
Здаўшы на станцыі збожжа, абознікі заходзілі ў чайную. Са сваімі торбамі, але перакусіць у цяпле, узяць шклянку чаю, а то і абаранак ці селядца. Толькі Туркавым хлопцам бацька такога рэспусту не дазваляў. На холадзе яны, вядома, не сядзелі, аднак елі толькі сваё, усухамятку ці запіваючы халодным малаком з бутэлек.
Раней, пакуль я сам не паехаў, Кураўка мяне пераконваў, што Туркі ішлі са сваёю торбай не ў чайную з усімі, а да помпы на плошчы, адзін пампаваў ваду, а другі запіваў ёю хлеб, а потым, на змену, другі.
І вось аднойчы, калі мы сядзелі ў чайной і сёрбалі гарачы чай, туды зайшлі два нейкія панкі. З дробных ужэнднічкаў, відаць, або якія перакупшчыкі. Трохі пад мухай, а больш з фанабэрыяй. Падышлі да буфета, папрасілі яшчэ па адной.
Чыркун устаў з-за століка і падышоў да іх. Нямком. Жэстамі і мімікай папрасіў закурыць. Пачаставалі яго папяроскай. І запальнічкай пстрыкнулі пад нос. Ён стаў ім дзякаваць, мармычучы, размахваючы свабоднай рукой і штосьці нема ўскрыкваючы ад захаплення.
Тут я не вытрымаў, засмяяўся.
— Ты цо се смееш? — павярнуўся да мяне адзін з панкоў. — Он ест калека, ему так пан Буг дал. Ты цо се смееш?
Ён падышоў. А я… спалохаўся, ці што. Хутчэй збянтэжыўся. Бо што ж рабіць, калі палезе біцца?..
Я не паспеў нічога вырашыць, бо тут паміж намі ўшчаміўся Кураўка.
— Пане, — сказаў ён вельмі перапалохана, — вы яго лепш не чапайце. Не глядзіце, што ён такі маладжавы. Ён двухжыльны. Падковы гне. Восі ломіць. Любога каня паднімае навыцяжку. А як разыдзецца — не дай бог бачыць! Што я вам, пане, скажу…
Ён нагнуўся да панскага вуха і штосьці зашаптаў. Пасля кіўнуў у мой бок галавою і зноў зашаптаў. Панок паглядзеў на мяне. Спадылба, таямніча. Нічога не сказаў. Кураўку ён, ужо сам, без просьбы, прапанаваў папяросу. Працягнуў тую пачку і мне, а калі я адмовіўся, ён паглядзеў яшчэ раз і моўчкі адышоўся да свайго калегі.
Ужо ў дарозе ўсе смяяліся з таго, што там Кураўка пашаптаў.
— Пане, кажу яму, ён ні за што вас, як муху, плясне. Ён ужо трох забіў. А сам у турму не сядзе. Апраўдаюць. Самі не ведаем чаму — але не сядзе.
Так я і пахадзіў пасля з яшчэ адной мянушкаю — Двухжыльны.
«Няма чаго пакрываць!..»
Кураўка смяшыў заўсёды на поўнай сур'ёзнасці, а сам часцей усміхаўся, чым рагатаў.
Едзем мы, скажам, з таго абозу, вяртаемся ўлегцы. Восень позняя, але яшчэ ўсё цёплая, добра ляжаць на возе. Коні з узгорка падварушыліся трухта і даганяюць — узбоч гасцінца, па сцежцы ідзе незнаёмая спраўная маладзіца. Кураўка, угрэўшыся пад кажухом, ляжыць сабе на баку, падпёрся далонню пад правую сківіцу, ласа глядзіць на шуструю загладуху, а потым, калі зусім параўняліся, ціха гукае: