У цэнтры рамана лёс Алеся Руневіча. Але аўтара не ў першую чаргу цікавіць падзейная біяграфія. Уся ўвага скіравана на даследаванне інтэлектуальнага, духоўнага жыцця героя, унутраных пачуццёвых працэсаў. Сам Брыль у своеасаблівым лірычным уступе да рамана піша: «…Для гэтай кнігі я аддаў свайму герою многае з перажытага». Але ўсё ж яна — «не аўтабіяграфія, а — біяграфія адной душы…»
Твор напісаны з думкай пра Чалавека, з сардэчным клопатам пра ягоную будучыню, з болем за незабыўнае, такое недалёкае для сэрца і далёкае па часе і сацыяльных зрухах ваеннае мінулае.
«Горкая памяць ахвяр…
Светлая памяць сяброў…
Трывожная дума пра тое, што будзе…
Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека — які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць».
Так аўтар вызначыў тыя маральныя, высока гуманістычныя прычыны, што прымусілі яго вярнуцца да перажытага і напісаць гэтую шчырую, усхваляваную кнігу.
«Птушкі і гнёзды» — так метафарычна выяўлена ў самой назве асноўная думка Брылёвага рамана, менавіта яна вызначае яго філасофскі план і лірычны настрой.
«Пачуццё радзімы ў рамане Янкі Брыля ўвасабляецца не толькі ў змесце, у адкрытых прызнаннях, перажываннях героя, у аўтарскіх адступленнях, — пісаў у свой час у артыкуле „Людзі і радзіма“ Віктар Каваленка. — Яно па-асабліваму ўплывае на кампазіцыю твора, на яго сюжэт, ствараючы ўнутрана-лірычную сувязь паміж асобнымі часткамі і раздзеламі. Больш таго, увядзенне шмат якіх эпізодаў і малюнкаў дыктуецца пераважна гэтым пачуццём».
Радзіма — сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана. У адносінах да радзімы развіваецца і вырашаецца ў творы праблема станаўлення чалавека і грамадзяніна. На жыццёвым шляху Алеся Руневіча паняцці «чалавек» і «Радзіма» былі тымі высокімі і светлымі маякамі, якія клікалі наперад і вызначалі, накрэслівалі шлях. Радзіма — ягоная журба і трывога, ягонае жыццё. Само ўспрыманне і разуменне Алесем Радзімы непарыўна звязана з ягоным духоўным ростам.
Першыя дзіцячыя крокі, першыя адкрыцці ў такім агромністым і багатым свеце. Звычайны сялянскі побыт, звычайныя дзіцячыя радасці і засмучэнні. Усё штодзённае, нібыта дробнае і нязначнае, успрымаецца пачуццёва, інтуітыйна, таму ў сэрцы адбіваецца назаўсёды. Адсюль пачынаецца чалавек, з гэтага пачынаецца і Радзіма. Расце духоўна герой — і ўсё больш шырокі і глыбокі сэнс набывае паняцце «Радзіма».
Відаць, без чыста эмацыйнага ўспрымання родных мясцін няма і сацыяльна-філасофскага асэнсавання і разумення Радзімы. Без краіны сэрца няма радзімы розуму. Сам Брыль вуснамі свайго героя гаворыць, што ў дзяцінстве ён бачыць выток, крыніцу ўсяго.
Алесь, як і ягоны старэйшы брат Толя, не разумее спачатку ўсёй складанасці і супярэчлівасці жыцця. Але само жыццё ўсё больш і больш настойліва і патрабавальна ставіць пытанні і патрабуе на іх адказу. Духоўнае развіццё абодвух братоў праходзіць у значнай ступені ў свеце літаратуры. Адносіны да жыцця яшчэ ў прынцыпе сузіральныя. Свет рэальны пакуль што суадносіцца са светам літаратуры.
Свет літаратуры… Для Алеся гэта Пушкін, Лермантаў, Гогаль,
«Горкі — з усёй абветранай і сонечнай абаяльнасцю сваіх „басяцкіх“ апавяданняў», «сурова, бязлітасна глыбокі Дастаеўскі з „Братамі Карамазавымі“», «спакойна мудры бывалец Караленка», Чэхаў, Купрын, Міцкевіч, Славацкі, задушэўны і просты Колас, бунтарны Купала. І вышэй за ўсё, больш за ўсё — Леў Мікалаевіч Талстой, чые маральныя прынцыпы для Алеся Руневіча сталі на даволі працяглы час асноўнымі. Кнігі для яго — не проста чытанне. Гэта ягонае жыццё, ягоныя захапленні і парыванні, радасці і пакуты, ягоная вялікая нязменная любоў. «Кнігі тыя… адна за адной напаўнялі яго душу чароўнымі гукамі і фарбамі, вачам давалі відучасць, прабуджанай думцы адрошчвалі крылы».