З выключна абвостраным пачуццём дабра і справядлівасці, з тонка развітым адчуваннем прыгожага, з глыбокім усведамленнем сваёй нацыянальнай і чалавечай годнасці, разбуджаным у душы жаданнем служыць народу і Бацькаўшчыне Руневіч выходзіць на шырокія прасторы жыцця.
Пісьменнік глыбока прасочвае духоўнае развіццё героя, ягоны шлях ад кніг да жыцця, шлях ад сузіральнасці, пасіўнасці да актыўнага змагання за народ і Бацькаўшчыну.
У Руневіча рана зараджаецца абвостранае нацыянальнае пачуццё, гонар і боль за свой край, за родную мову. У палоне, дзе ўсё роднае становіцца асабліва блізкім і дарагім, бачачы, адчуваючы пагарду да свайго нацыянальнага не толькі з боку немцаў, але і асобных здраднікаў народа, Алесь балюча ўсё гэта ўспрымае, пратэстуе. У ягонай душы жыве і крышталізуецца ўпэўненасць, што і шматпакутнаму беларускаму народу «нароўні з усімі дадзена права жыць сапраўдным жыццём, што і нам, на нашай бясконца, дзіўна жывучай, па-народнаму невычэрпна багатай мове давядзецца яшчэ сказаць чалавецтву наша вялікае, братняе слова!..»
У палоне Радзіма для Руневіча становіцца яшчэ больш любай, дарагой і неабходнай. Яна кліча яго, падштурхоўвае да дзеяння, надае сілы ў барацьбе. Імкненне ягонае на Бацькаўшчыну цяпер не толькі пачуццё настальгіі, гэта і абавязак грамадзяніна. Ён разумее, усёю душой адчувае, што ягонае месца цяпер сярод тых, хто змагаецца, са зброяй у руках абараняе родны Край.
Любоў да Радзімы ў сэрцы ягоным непарыўна зліваецца з любоўю да Маці, жанчыны працавітай, шчырай, сардэчнай, часам строгай, сціплай і клапатлівай. Радзіма і Маці для Алеся атаясамліваюцца, становяцца нечым адным, самым дарагім і святым. У далечыні ад роднага дому ён як бы збоку зірнуў на ўсё і ўбачыў, як яму не хапае цяпла Маці і Радзімы, іхняй суровай патрабавальнасці і вялікай любові.
Галоўным у мастацтве Руневіч лічыць служэнне свайму народу, служэнне чалавецтву. Як дэвіз свайго жыцця і творчасці ён выпісвае словы з аповесці В. Серашэўскага «Заморскі д'ябал»: «Будзь самім сабою і не саромейся, што ты як быццам бездапаможны! Узвышайся над іншымі высакароднасцю: будзь чысты, мужны, добры. Няхай імя тваіх суайчыннікаў заўсёды спалучаецца ва ўяўленні чужынцаў з самымі ўзнёслымі вобразамі. Аднак галоўнае, — як толькі зможаш, вяртайся да сваіх. Там твая ніва. Праз свой народ — для чалавецтва!» (курсіў наш. — С.А.). У гэтых словах сутнасць духоўных пошукаў Алеся Руневіча.
Ён уцякае з палону, вяртаецца да маці, у бацькоўскі кут. Ступіўшы на родную зямлю, думае пра сваё месца чалавека і грамадзяніна ў будучым жыцці.
Увогуле разнастайныя творы пісьменніка ўяўляюць з сябе ў сукупнасці своеасаблівую гісторыю духоўнага росту і станаўлення чалавека, фармавання і праяўлення яго як індывідуальнасці і асобы, гісторыю ягонага выхаду ў вялікі свет жыцця. Чалавека не абстрактнага, не наогул, а чалавека пэўнага часу і пэўнай мясцовасці: час і месца ў Брылёвых творах выключна адчувальныя. Чалавек расце — пашыраецца і ўзбагачаецца кругагляд. Робіць першыя крокі ў такі агромісты, багаты і таямнічы свет жыцця. Усё для яго тут нечаканае, незнаёмае, непаўторна адметнае. Брыль вельмі добра адчувае, разумее псіхалогію дзіцяці, цудоўна ўмее перадаваць ягонае здзіўленне перад жыццём, здольнасць у звычайным, штодзённым адкрыць непаўторнае, паэтычнае; пісьменнік праўдзіва, па-майстэрску перадае гатоўнасць дзіцячага сэрца адгукнуцца на ўсё прыгожае і добрае ў жыцці, успрыняць яго і засвоіць, унутраную здольнасць далучыцца да прыроды, успрыняць яе як жывую, як бы ачалавечыць яе. Усё пранізана настроем любасці, пяшчоты (аповесці «У сям'і», «Сірочы хлеб», апавяданні «Сняжок і Волечка», «На сцежцы — дзеці»).
У творах пазнейшых, асабліва ў творах апошніх гадоў, пісьменнік ужо як бы не можа стрымаць пачуцці пяшчоты, захаплення і выказвае іх непасрэдна, ад сябе, нібы абагульняючы ўсё тое, пра што расказвае.
«Дзеці бягуць па сцежцы ў зялёным, у сонцы, адно за адным — як гэта хораша. Ім трэба бегаць, як птушкам лятаць. Дзяўчынка, быстрая, са страката-празрыстым капялюшыкам у правай руцэ, і хлопчык, паслухмяны госць, з паласатай шапачкай, якую ён таксама зняў, у левай. Пацешна бягуць, падкідаючы босымі пяткамі. Хораша — ці то зверху спусціцца, ці знізу падняцца сюды, ад найнавейшых праблем, ад найгалоўнейшай небяспекі — сюды, дзе яны, рассмяяныя, быстрыя, цікаўныя ў ясным і цёплым свеце травы, лістоты, ластавак, індыкоў, матылёў, сюды, дзе прырода і дзеці, і цішыня яшчэ, мудрая цішыня» («На сцежцы — дзеці»).
Увогуле для Брыля ў роднай прыродзе — вытокі прыгажосці і дабрыні, глыбокія крыніцы, што жывымі сокамі сілкуюць чалавечыя сэрцы, не даючы памерці ў іх здзіўленню жыццём, напаўняючы іх свежай крывёю, узмацняючы рытм сэрцабіцця.