Выбрать главу

Моладзь, а сярод iх i студэнт Белдзяржунiверсiтэта, фiлфакавец Мiкалай Раманоўскi, шчыра верыла ў тое, што яе таленты, веды i праца сапраўды патрэбныя народу i краiне. Лепшыя з iх, адораныя лiтаратурнымi здольнасцямi, увайшлi ў лiтаратурна-асветнiцкую суполку "Маладняк", фiлii i выданнi якой узнiклi цi не ў кожным беларускiм мястэчку, такiмi папулярнымi сталiся iдэi нацыянальна-культурнага абнаўлення, а пазней i так званай культурнай рэвалюцыi. У маi 1923 года ў газеце "Савецкая Беларусь" з'явiлiся першыя апавяданннi празаiка, падпiсаныя крыптанiмам К.Ч., з якiмi i ўвайшоў у лiтаратуру Кузьма Чорны. Яго першыя спробы былi заўважаны i высока ацэнены старэйшым беларускiм пiсьменнiкам Змiтраком Бядулем. Малады празаiк неўзабаве стаў "маладнякоўцам", але ў асяроддзi такiх жа самых, як i ён, пачаткоўцаў вылучаўся сваёй удумлiвасцю, любоўю да кнiгi i вучобы, што не вельмi шанавалася многiмi тагачаснымi маладымi лiтаратарамi, якiя арыентавалiся на штурм бастыёнаў "нашанiўцаў-парнасцаў". У "Сумлiцкай хронiцы" гэты момант апiсваецца так: "У маладога i наiўнага яшчэ Максiма аднак жа хапiла сiлы, каб згадзiцца з тым, што кожнаму паэту патрэбен талент, i што яшчэ невядома, цi гэты талент у яго ёсць. Такую ацэнку яго вершаў i паэм даў вядомы пiсьменнiк i аўтарытэт для моладзi. Як гэта часта бывае, жаданне стаць паэтам ператварылася ў Максiма ў вялiкую замiлаванасць да роднай лiтаратуры, а замiлаванасць да роднай лiтаратуры вырасла ў яго ў высокi беларускi патрыятызм. Вядома, вызначаць глыбiню i грунтоўнасць гэтага патрыятызму трэба ў залежнасцi ад узросту самога патрыёта, якi тады толькi яшчэ выходзiў з падросткаў. У кожным разе, у некаторых выказваннях Максiма было тады яшчэ многа дзiцячай наiўнасцi...".

Раннiя апавяданнi Чорнага - тыповыя для маладнякоўца замалёўкi, iмпрэсii, "вершы ў прозе". Ягоны герой - мужык-беларус, бядняк, якi марыў аб вольнай працы на ўласнай зямлi. Рэвалюцыя дала яму надзел, i ён пэўны час сапраўды адчуваў сябе гаспадаром уласнага лёсу. Вось чаму ён стаiць "на варце" сваiх iнтарэсаў - менавiта так прачытваецца сэнс першых апавяданняў "На варце" i "На гранiцы" (абодва напiсаны ў 1923 годзе). Акрамя гэтага, заўважаецца i асаблiвая ўвага аўтара да тэмы дзяржаўнай мяжы, якая не магла iм успрымацца як справядлiвая, бо раздзялiла Беларусь на дзве часткi, разарвала яе жывое цела на Захад i Ўсход. Герой Чорнага адчувае сябе на самай мяжы двух светаў: мiнулага i будучынi, Заходняй Эўропы i Расеi, каталiцтва i праваслаўя. З цягам часу гэты тыповы для беларускай рэчаiснасцi канфлiкт зойме ў творчасцi празаiка адно з цэнтральных месцаў i набудзе глыбокае фiласофскае i гiсторыка-псiхалагiчнае гучанне. Перад героем Чорнага адкрылiся далягляды "людской маладой жыццёвай радасцi", i аўтар спяшае выказаць гэты небывалы энтузiязм чалавека з дапамогай рытмiзаванай, фрагментарнай прозы, з уласцiвай ёй дынамiкай апавядання, музычнасцю фразы, эмацыянальна-экспрэсiўнай насычанасцю слова, iмпрэсiянiзмам малюнкаў. Выяўна прыўзняты, амаль паэтычна-натхнёны настрой у маладых герояў апавяданняў "Будзем жыць" (1924), "На беразе" (1924), "Жалезны крык" (1924), "Максiмка" (1924), "Новыя людзi" (1925), што выяўляецца ўжо ў назвах гэтых твораў. Асобныя эцюды нагадваюць своеасаблiвыя верлiбры, дзе аўтар балансуе на мяжы паэзii i прозы, пачуцця i думкi, псiхалогii i фiласофii ("Восень i радасць", "Срэбра жыцця" - абодва 1925 г.). У кожным творы за пачуццём маладога захаплення жыццём, выказанага ў словах "Жыццё як радасць iснавання" своеасаблiвай фiласофскай формуле, крэда юнакоў i дзяўчат 20-х гадоў, заўсёды прысутнiчае глыбокая думка пра чалавека, яго зямны лёс, трагедыю iснавання.

Лепшыя прадстаўнiкi паслярэвалюцыйнага пакалення, такiя, як студэнт Алёша, герой апавядання "Бяздонне" (1925), i ў горадзе не забывалi, што выйшлi "з самага "дна" беларускага жыцця i з гэтым "дном" звязаны духоўна i фiзiчна" (словы Чорнага, сказаныя пра самога сябе ў "Аўтабiяграфii" 1927 года). Чым рознiцца Алёша ад такога ж студэнта Андрэя Стронiна? Ды тым, што той не бачыў у сваiм жыццi "нiякiх пакутных здарэнняў, над якiмi трэба было б доўга думаць". Алёша, юнак, чулая душа якога развярэджана перажываннямi i думкамi пра сваiх прыцiснутых клопатамi землякоў, i вучыцца дзеля таго, каб нарэшце аддзячыць гэтым простым людзям за ўсё, што ён сам мае: "...хочацца Алёшу стаць перад iмi, каравымi, запыленымi, i сказаць iм аб тым, што зразумеў сам, - аб самым важным, што трэба для паўнаты жыцця на зямлi: што жыццё шырокае, яно само ў сабе - нават як факт ужо iснавання - радаснае". Менавiта гэтыя людзi для Алёшы, за вобразам якога лёгка пазнаюцца натура i лёс самога Мiкалая Раманоўскага, Кузьмы Чорнага, з'яўляюцца апошняй iнстанцыяй, прысуд якой не падлягае апеляцыi. Так пiсьменнiк разумеў ужо ў маладыя гады сваё прызначэнне, свядома ставячы ўласную творчасць у прамую залежнасць ад "думкi народнай", не баючыся, як многiя, "тыранii большасцi".