Выбрать главу

Чорнаму здавалася, што рэвалюцыя адбылася дзеля высокай мэты вызвалення чалавека, а таму панесеныя народам вялiкiя ахвяры маюць хоць нейкае маральнае апраўданне. Пiсьменнiк-гуманiст, якi ўсё на свеце вымяраў мерай чалавечнасцi, хутка заўважыў, як адбываецца нешта адваротнае ягоным чаканням: расчалавечванне. Размах пачуццяў раннiх чорнаўскiх герояў вялiкi: аднаго ўражвае гiбель малой пташкi ("Восень i радасць", 1925), а другога мала цiкавiць смерць жывой iстоты, бо ён па прафесii жывадзёр ("Буланы", 1925), трэцi i на гвалтоўную смерць людзей глядзiць з пункту погляду "гiстарычнай заканамернасцi", маўляў, лес сякуць - трэскi ляцяць (раман "Сястра"). Галоўнае пытанне, што не толькi цiкавiла, але i мучыла Чорнага, пытанне адносiн рэвалюцыi i новай улады да гуманiстычных каштоўнасцей, сярод якiх пiсьменнiк нязменна вылучаў хрысцiянскiя пачуццi справядлiвасцi, чуласцi, спагады, шчырасцi, сцiпласцi, сумленнасцi. Гэта пытанне хвалявала i многiх сучаснiкаў - А.Фадзеева i М.Шолахава, Л.Лявонава i А.Платонава, М.Гарэцкага i М.Зарэцкага, М.Булгакава i А.Мрыя, Л.Калюгу i П.Галавача... Вось чаму так пiльна сачылi па першым часе творцы, пакуль яшчэ была магчымасць неяк уплываць на ход падзей мастацкiм i публiцыстычным словам, за супярэчлiвым працэсам сцвярджэння новых чалавечых каштоўнасцей у сацыялiстычным грамадстве. Сёе-тое радавала iх, а многае засмучала, трывожыла, адчайвала. "Галоўнае, што мучыць мяне з самых маладых год маiх, пiсаў у сярэдзiне 20-х гадоў К.Чорны, - гэта пакуты чалавека на зямлi, якiя ў нас яшчэ не знiшчаны i за знiшчэнне якiх мы ўсе цяпер змагаемся". Памыляўся ён у адным, думаючы, што ў працэсе гуманiзацыi свету сапраўды свядома ўдзельнiчаюць "усе". Час паказаў, i вельмi хутка, што гэта не так. Далёка не так.

У сваёй творчасцi Чорны працягваў купалаўска-коласаўскую традыцыю ўвагi да жыцця i турбот "маленькага чалавека", якi пасля рэвалюцыi адчуў гонар называцца беларусам, але, на жаль, ягоная радасць была кароткаю. Пiсьменнiк шмат разважаў над тым, чаму беларусы, якiм выпала цяжкая доля жыць на скрыжаваннi вялiкiх дарог, нягледзячы на ўсе выпрабаваннi, на стагоддзi прыгнёту, здзеку i глуму над iх душою, не загiнулi, выжылi насуперак акалiчнасцям. "Усё перанёс беларускi селянiн, - пiсаў Чорны, - усякiя пакуты ўведаў i ў вострыя моманты на ўсё здольны". Сваё разуменне нацыянальнага характару беларуса ён выказаў у словах: "I ў цiшынi буры, i ў бурах цiшыня". Вонкавая цiхмянасць, сцiпласць, цярплiвасць беларускага селянiна тояць у сабе бунтоўнае непрыняцце ўсялякага здзеку i гвалту. Падзеi, у якiх прымаў удзел беларускi народ, навочна паказалi, чаго больш у ягонай душы актыўнасцi цi пасiўнасцi, прагi дзейнiчаць цi сузiральнасцi, адчування чалавечай годнасцi цi пакорлiвасцi.

Герой Чорнага часам выглядае дробязным i мiтуслiвым, успрымаючы малую з'яву як вялiкую трагедыю ("Начлег у вёсцы Сiнегах", 1927), або, наадварот, сапраўдную драму як нявартую ўвагi падзею ("Ноч пры дарозе", 1924). У час змагання "за знiшчэнне прынiжанасцi чалавека перад чалавекам" празаiк схiльны ацэньваць кожны факт такога прынiжэння як пагрозу ўсёй светабудове. Менавiта так успрымае ягоны герой звычайнае вiдовiшча: руйнуецца стары дом, побач будуецца новы, а ён разважае аб тым, што на старых сценах засталiся сляды людскiх пакут, маленькiх радасцей i вялiкiх драм ("Сцены", 1926). Яго вера ў тое, што "ўсё, што было, ненастаяшчае, настаяшчае i светлае iдзе", непарушная, бо трымаецца на грунце абнаўлення жыцця, якое досыць iмклiва адбывалася ў часы нэпа i "беларусiзацыi". Праз усю творчасць Чорнага праходзiць вобраз трапяткога, палахлiвага гаваруна, вечнага трапетуна, гарапашнiка-мужыка, якi толькi ў новы час на кароткi перыяд адчуў сябе чалавекам, беларусам. А гаваркi ён i часам непрыемна балбатлiвы, таму што яго голасам загаварыла яшчэ нядаўна без'языкая, асуджаная сацыяльнай сiстэмай да векавечнага маўчання шматмiльённая маса. Мiхалка Сляпенькi ("Максiмка, 1924), Кiрылка ("Мельнiкi", 1925) радыя любой нагодзе пабыць сярод людзей, у грамадзе, пагаварыць, хоць часта ўсё ўжо сказана i паўторана на розныя лады. Той жа Мiхалка, трапiўшы на вясковы сход (Чорны любiў паказваць людскую грамаду "агульным планам", вылучаючы асобныя каларытныя постацi), адчувае сябе так, быццам без яго "дзела не зробiцца": "Шмыгаючы ў грамадзе, падлазячы мужчынам пад локцi, усiм замiнаючы, ён стараўся ўсiх перашчабятаць, паўтараючы за кожным словам сваю звычайную прыказку "тымчасам, браткi мае". Чорнага захапляе ў гэтым чалавечку тое, што ён усiх i ўсё на свеце вымярае мераю чуласцi, чалавечнасцi, дабрынi, справядлiвасцi, хрысцiянскай мiласэрнасцi, што з умацаваннем сталiнскага рэжыму ўсё больш выветрывалася з людскiх дачыненняў. Гэтага героя-трапетуна мы сустракаем у рамане "Сястра" (Радзiвон Цiвунчык), i ў рамане "Трэцяе пакаленне" (Кравец), i ў рамане "Пошукi будучынi" (Юрась Нявада, Фельчар), i ў рамане "Вялiкi дзень" (Максiм Астаповiч), i ў незавершанай аповесцi "Скiп'еўскi лес" (Марцiн Прыбыткоўскi). Ад твора да твора ўдакладняецца яго псiхалагiчная характарыстыка, герой паступова перарастае ў вобраз-тып, што ўвасабляе лепшыя якасцi беларусаў як нацыi. Яго бiяграфiя, па словах Чорнага, "бiяграфiя, праз якую вiдаць эпоха рэвалюцыi".