Увагу Чорнага прыцягваў i вобраз маладога беларуса, якi ўвасабляе новае пакаленне. Калi вобраз трапетуна ствараўся пераважна сродкамi знешняй характарыстыкi (партрэт, дзеянне, рухi, жэсты, гаворка), то вобразы юнакоў i дзяўчат малююцца больш знутры, сродкамi апiсання iхняга ўнутранага свету. Гэта зразумела, бо перад намi людзi, якiя ўмеюць выказваць у словах тое, што адчуваюць, пра што думаюць, мараць, схiльныя да самааналiзу, рэфлексii. Начытаныя, адукаваныя, яны адносяцца да пакалення кнiжнiкаў i летуценнiкаў. Аднак яны выяўляюць сябе ўжо i як дзейсная сiла, якая ведае, чаго хоча i якiмi шляхамi iсцi да мэты. Самае цiкавае ў апавяданнi "Вечар" не жыццёвыя назiраннi Вiктара Зенiча, чулага да падзей i людзей юнака, не малюнкi гарадскога побыту, якiя мы бачым ягонымi вачыма, а яго рэакцыя на вонкавыя раздражняльнiкi, яго роздум над убачаным i пачутым. Жыццярадасны i бадзёры, поўны жадання перарабiць ледзь не ўвесь свет на новы лад, паводле законаў хараства, вонкавага i ўнутранага, Вiктар у той жа час глыбока разумее, якое складанае чалавечае жыццё, як шмат у iм неразгаданага, колькi навокал драматычных людскiх лёсаў: "Неспакойна ўяўлялася зямля i людзi. Зямля - для людзей вялiкая, ды ад людзей цесная. А людзi, не могучы цанiць нi цеснаты, нi шырынi, робяць жыццё сваё цесным... I ўяўлялася зямля i людзi на ёй. I ўсё хацелася пайсцi па зямлi, ахвацiць яе сабою i сказаць кожнаму: вось я бачу, чую, адчуваю цябе. I пачынаю адчуваць тое, чаго ты i сам можа не адчуваў...". Вiктар Зенiч, герой апавядання "Хвоi гавораць", студэнт Мiкалай, iнжынер-таксатар Ваця Бранiславец з рамана "Сястра", малады сакратар сельсавета Алесь, герой рамана "Зямля" - людзi высокага iнтэлекту i вялiкай адказнасцi перад жыццём. Яны ўжо ведаюць, што роздум, слова i дзеянне не замiнаюць адно аднаму, а, наадварот, дапамагаюць адшукаць шлях да праўды аб свеце i людзях. Малюючы моладзь, якая не задавальняецца iсным i прагне пазнання, апошнiх iсцiн, Чорны тым самым прыўздымаў "заслону перад чалавечаю душою" i паказваў, якi "вялiкi i глыбокi свет там, у чалавеку": "Дно ў чалавека заўсёды вiдаць. I рух увесь яго як на далонi. I загэтым вось i вядома, што там нi з чым непараўнаная тонкасць i бясконцы рух - як бы гэта свет знайшоў для сябе вечнае i адзiнае люстэрка...".
Чым далей, тым часцей празаiк звяртае ўвагу на складанасць жыцця i чалавека. За радасцю ён бачыць смутак: "Гавораць людзi, носяць радасць i смутак, смяюцца i плачуць. Б'ецца з пустаты глыбiня, з-пад смутку - радасць. Жыццё ты маё шырокае без краёў, глыбiня мая бяздонная" ("Вечар", 1925). Адсюль - ад разумення жыцця як велiчнай мiстэрыi - назвы твораў: "Бяздонне" (1925), "Маленькая драма" (1926), "Трагедыя майго настаўнiка" (1927), "Ноч пры дарозе", "Па дарозе" (1925)... Жыццё, дзе "адно ўмiрае, другое расце", дзе адно i тое ж людзi бачаць па-рознаму, захапляе чорнаўскага героя-думаннiка, не толькi ўдзельнiка падзей, але i iх даследчыка, фiлосафа. Любiмая формула галоўнага героя, якая адначасова з'яўляецца i творчым крэда самога пiсьменнiка: "Чалавек - гэта цэлы свет". Чорны паўтарае яе ў розных варыянтах ў многiх творах 20-х гадоў. Празаiка захапляе праблема "жывога чалавека", якая бурна дыскутавалася ў тыя часы, але iнтэрпрэтуе ён яе па-свойму - у пазiтыўным, "жыццесцвярджальным" значэннi. Гэта ўжо крыху пазней крытыкi-вульгарызатары надалi тым паняццям негатыўнае адценне. У творчасцi расейскага празаiка У.Iвбнава, украiнскага празаiка В.Стэфанiка, якому Чорны прысвяцiў асобны артыкул, беларускi пiсьменнiк шукаў пацвярджэння сваiм патаемным задумам. "Васiль Стэфанiк, - пiсаў ён, - не пiсьменнiк быту. Хутчэй яго льга назваць тварцом псiхалагiчнае навелы. Ён не расказвае пра бытаванне сваiх герояў, ён бярэ якi-небудзь момант, заўсёды характэрны i тыповы, i яго героi дзейнiчаюць, гавораць... Ён падымае заслону перад чалавечаю душою i паказвае - якi вялiкi i глыбокi свет там, у чалавеку". Гэтую характарыстыку, амаль не ўдакладняючы, можна адрасаваць самому аўтару - паэту "змучанага вякамi сялянства", толькi ўжо беларускага, лёс якога гэтак нагадвае лёс украiнскага селянiна-гарапашнiка.