— Дык я табе і намалачу.
У хвіліны гэтай гаворкі ў яго білася ў жыццё вострае жаданне хоць якім заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць ехаць немаведама куды.
Цяпер ён выразна падумаў: пакуль намалоціцца і пасеецца, то пройдзе некалькі дзён. Якое шчасце яшчэ некалькі дзён спакою!
Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Можна сказаць з упэўненасцю, што праз гадзіну якую пасля гэтай гаворкі Кастусь Лукашэвіч не меў у душы ні смутку, ні трывогі. Перш за ўсё яны агледзелі з Волечкай пуню з снапамі. У пуні ж быў і ток. Пасля ён праверыў Нявадаўскія цапы. Відаць, добры гаспадар быў Нявада! Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Гужы шчыльныя, і завязкі з добрага сурамцу. Цапільны ж ужо мусіць за цэлыя гады добра абгладзіліся аб малацьбітовы рукі. Кастусь выбраў цэп самы размашны, расклаў на таку снапы і пачаў.
— Давай у два цапы, — сказала Волечка.
— Куды ты, малая! Нашто табе таміцца! Колькі тут той работы! Глядзі лепш хаты.
Браткі мае, што гэта быў за тон! Можна было падумаць, што ён век яе ведаў і быў блізак ёй. І як гэты тон быў падобен на тон самога Нявады, бацькі, калі, бывала, ён з ласкай загадваў ёй што-небудзь! Апанованая одумам, Волечка і сапраўды пайшла ў хату. Да самага адвячорка яна чула ў хаце, як роўна стукаў на таку цэп. Гэты гук нагадваў ёй яе нядаўняе маленства і восень. Бывала (тады не было вайны і маці была жыва) асеннімі днямі бацька ўставаў прыцемкам малаціць, і маці старалася, каб як найлепш накарміць бацьку. Ва ўспамінах і інстынктыўным адчуванні гэтага стук цэпа еднаўся з тым, бывалішнім. Дзеці часта гуляюць у дарослых. Тут жа не было гульні, была самая бязлітасная неабходнасць, але Волеччын твар быў цяпер так падобен да твару зусім малой дзяўчынкі, якая пераймае ўчынкі свае маці! Пакуль Кастусь збіў два пасады, яна не адыходзіла ад печы. Многа разоў яна ў клопаце хадзіла ў агарод, у клець, у склеп, у прыгрэбку і ўсё думала, і ўсё шукала, і глядзела, чаго б яшчэ пакласці ў гаршчок, і колькі (каб было ў меру) малака ўліць, і колькі каб кіпела. Але тут яна ўжо мела практыку. Куды горш было з хлебам. Яна яшчэ не ўмела пячы хлеба. Хлеб кожны раз быў то адпечаны, то ацеслівы. Цяпер хлеб быў ацеслівы. Праўда, ён ужо быў трэці тыдзень, і чорствасць зменшыла ацеслівасць, але ўсё роўна сорам добрай гаспадыні даваць такі хлеб чужым людзям. А што ж інакш рабіць? Што ж, няхай ён выбачае. І вось, нарэшце, настала хвіліна есці. Як добра ён адчуваў сябе пасля работы! А як была рада яна, калі ён весела сеў за стол. Яны елі з адной міскі, і абое не заўважалі, што хлеб ацеслівы. Ён усё гаварыў, гаварыў і наіўнымі, бадай што дзіцячымі жартамі рассмешваў яе, наіўную, малую, рухавую. Кудысьці далёка, у невядомую туманную далечыню адплыў прыкры клопат думаць, куды б ехаць далей, у тую брадзячую беспрытульнасць.
— Але ж ты і гаспадыня! У цябе ж мышэй больш, як таго жыта. Я калі варухнуў снапы, дык мышэй цэлых дзве плоймы і яшчэ маленькая плоймачка бяжыць ззаду.
Яна зарагатала і выліла з лыжкі на стол. Тады зарагатаў
і ён.
— Бо ката няма, дык і мышы, — тонам апраўдання сказала яна.
— А што ў цябе ёсць! Няма ні ката, ні сабакі, ні пеўня. Нават павука добрага няма. У пуні адзін вісіць на павуцінні, дык такі худы і дробны, што аж рэбры з-пад скуры відны. Я тыя рэбры мацаў. Восем абмацаў, а дзевятага дык і зусім няма. А ён пішчыць, брыкаецца…
Каб хто чуў, як пасля гэтага рагатала Волечка! Яна ўжо зусім не магла есці. Рагатаў і ён. Можа, з гэтай часіны пачало ў гэтай хаце віць сабе гняздо шчасце. Усю другую палавіну дня і да самых прыцемкаў зноў стукаў цэп на Волеччыным таку. Ужо бралася на змярканне, калі яна раптам штосьці ўспомніла і як бы нават з трывогаю нейкаю палезла на гару. А там вяртлявым рухам апынулася на вышках і доўга штосьці выглядала ў сябе над галавою. Нарэшце твар яе стаў такі, як бы яна прыгатавалася сказаць: «Дзякуй табе, Божа!» У самым высокім месцы пад страхою вісеў як бы забыты кавалачак сухой каўбасы. Сукаватым прутам яна яго адарвала ад вешала і неўзабаве прымчалася з ім у пуню.
— Слухай, годзе ўжо ляскаць цэпам. Ужо змяркаецца. Ведаеш што? Бачыш? Гэта ж я зусім была забыла, што кавалак каўбасы астаўся. На з’еш.
— А ты сама?
— Ты намалаціўся.
— Не буду есці.
— Ну дык я табе на вячэру схаваю.
І пайшла. А яму — хоць ты плач. Яму так захацелася гэтай каўбасы! Ён жа так даўно не еў нічога такога! Ён аж выглянуў з пуні на двор: а можа, яна гэта паджартавала і стаіць дзе за вуглом з каўбасою! Але дзе там жартаваць! Ёй было не да гэтага. Яна ўжо выходзіла з двара на вуліцу, каб спаткаць і вылучыць з чарады сваю карову. Ён увайшоў у хату. Плечы і рукі яго такі здорава нылі ад цэпа. Ён сеў на лаву і ўбачыў, што на стале ляжыць тая каўбаса. Зірнуўшы ў акно, ці не відно дзе поблізу яе, ён пакруціў каўбасу ў руках, адарваў драбок і паклаў у рот. Што ж гэта ён робіць? Яна заўважыць, і брыдка будзе перад ёю. Збянтэжана азіраючыся, ён раптам убачыў на стале тое нямецкае золата. «Каб ён быў згарэў! Намучыўся я з гэтым немцам! І бацьку якраз хаваў…»
Цяжкі боль здушыў яму грудзі. Ён выйшаў на двор. Пачынаўся дробны дождж, мусіць, на ўсю ноч. Ён пайшоў класці нанач коням апошняе сена. Волечка ўвагнала ў двор карову і пайшла ў хату па дайніцу. Каўбаса ляжала на стале. Волечка адламала драбок ад каўбасы і паклала ў рот. Якая асалода жаваць каўбасу! Як даўно яна не ела смачнай яды! А што, калі ён заўважыць, што яна ела каўбасу? Гэта ж яму абяцанае. Да таго ж — ён увесь дзень малаціў, а яна так сабе круцілася каля хаты. Як злоўлены злодзей, яна шпарка паклала каўбасу і пайшла даіць карову. Ён стаў збоку і глядзеў, як яна працуе.
— А хто ж табе на жыта ўзараў?
— Я сама.
Ён і не падумаў пра гэта. Якая яна маладзец! Ворыва ж у яго ўяўленні заўсёды звязвалася з вобразам здаровага мужчыны. Калі яны прыйшлі ў хату і запалілі агонь, ніхто з іх не хацеў есці каўбасы.
— Ты малаціў цэлы дзень!
— А ты арала можа цэлы месяц!
Каўбаса так і асталася на стале, і толькі назаўтра зранку яны з’елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Тры дні ліў дождж. Кастусь толькі і займаўся тым, што зранку малаціў, а адвячоркамі ўкошваў травы коням нанач. На чацвёрты дзень падзьмуў вецер, і шэрыя засцілы восеннага неба падняліся ўгару. Уночы зырка ўзышлі зоры, і пачаліся дні з ціхім сонцам і жаўталісцем на дрэвах і пад дрэвамі. «Можа я рассеяў жыта і не вельмі мерна, але затое добра забаранаваў. Зерне ў зямлі, то яно ўзыдзе». Так думаў ён. І на душы ў яго было лёгка: ён жа скончыў такую важную работу! «А цяпер ужо хутка можа прыйдзецца і ехаць куды-небудзь». І ён узяўся адпасваць у дарогу свайго каня. Ён важдаўся з параю коней і днямі і начамі. То карміў іх, то пасвіў. Нарэшце зноў прыйшла шчаслівая часіна: Волечка сказала яму:
— Можа, ты мне паможаш на зіму дроў навазіць?
Трэба думаць, што яна адчувала яго смутак перад невядомасцю будучыні. Часамі яе агортаў одум. Яна думала пра яго і шкадавала яго. Можа гэта ўжо фармавалася жаночая душа, у якой многа месца для чужой бяды. Ёй было вялікай радасцю бачыць, як ён шчасліва ажывіўся і ўхапіўся за прычыну яшчэ тут астацца. Яна ўжо разумела яго навылёт. І гэта пачалося куды раней, чым ён пачаў угадваць яе думкі і патрэбы. Кожны дзень яны пачалі ездзіць у лес. І так засталі іх ужо добрыя прымаразкі. Рэчка з берагоў пачала прымярзаць, вада ў ёй стала чыстая, і на сонцы дно прасвечвала ў ёй усюды. Гэта былі дні апошняга смутку Кастуся Лукашэвіча. Раней смутак з’яўляўся ў яго парывамі. Цяпер ужо час прайшоў, востры боль душы прытупіўся. Час лячыў душу. Смутак аб бацьку, аб родным кутку, аб усім тым, што страцілася і што ўжо вярнуць было цяжка, і на гэта надзей не было — смутак аб гэтым ападаў і зменшваўся, і аставаўся без выбухаў і болю. Ужо з’яўляліся ў душы першыя адзнакі таго, што ўжо тут, на гэтым месцы, душа знойдзе радасць быць у сваёй радасці. Ясныя былі дні, і марозлівыя, і, як заўсёды ў тую восень, ціхія. Цішыня і спрыяла ўраўнаважанню яго душы. Гэта была мясцовасць, дзе як бы сышлося ўсё, да чаго ён прывыкаў некалі ў маленстве. На даляглядах сінелі лясы. Вялікія дрэвы раслі пры дарогах, і чым вышэй яны ішлі ў неба, тым неба здавалася вышэйшым. Мерзла і нікла трава, але над вадою яна стаяла зялёная і тырчэла з прыбярэжнага лёду. З дзікіх ігруш на межах і выганах ляцела ў вецер счарнелае лісце. Камень пры дарозе абростаў імхом, уночы абзываўся воўк у пушчы, на вялікую разлегласць грукацелі колы па мерзлай зямлі, кожны дзень на ўсходзе і захадзе неба доўга палала ясным хараством, і не было той ночы, каб зырка не свяцілі зоры. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней. Не нуда і не смутак ужо, а руплівая ўзбуджанасць падкрадалася да яго ў гэтыя ночы. Ён паднімаў галаву і прыпадаў тварам да шыбы. Яшчэ далёка было да світання. Увосень ночы доўгія. Так па некалькі разоў на ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Але найбольш еў адзін конь, яго. Волеччын жа быў зусім стары. З’едзенымі зубамі ён склычваў сена ў мокрыя камякі і, утаміўшыся, стаяў над ім. Кастусь падкладаў яму свежага сена і ішоў дасыпаць ночы, каб аднак жа яшчэ ўстаць некалькі разоў. Душа яго чула і вочы бачылі, што стаіць хараство зорнай ночы і восень позняя пагодная, але аднак жа цяпер ужо сталасць заклапочанага чалавека панавала над усім у яго душы, і гэта было яго шчасце, бо ён не аддаваўся голым пачуццям, а паўнаце жыцця, якое яно ёсць. І гэта ратавала яго ад хваравітых парываў, якія навек могуць сапсаваць маладую натуру. Шчаслівасць укрывала ад гэтага і Волечку. Цэлымі начамі яна ціха і глыбока спала і ўставала тады, калі пачынала цадзіцца світанне. Пры лучыне абое яны рыхтаваліся, як толькі развіднее, выехаць у лес. Дровы вазілі на Кастусёвым кані. Волеччын ніяк не правіўся, а яшчэ больш худнеў. Волечка раз была сказала: