— Добра, а за клопат вазьмуся можа нават і заўтра.
— А за які клопат?
— Ну, каня табе змяніць, рэштку бервеньчукоў перавезці з лесу, падабраўшы ноч, шулы паставіць, браму зрабіць, жыта ў млын, змалоць…
І пайшла тая ноч, месячная, добрая, ціхая, а к раніцы зноў схмурнела неба і пачаў падаць мокры снег. Тады пад раніцу яны, кожны па-свойму, саснілі нейкага высокага чалавека ў чорнай адзежы і з заплюшчанымі вачыма. Ён не спаў, а быў нежывы — гэта ў яе, а ў яго — рагатаў і танцаваў, але вымагаў, каб яму аддалі боты і кашулю. Гэта быў граф Паліводскі. Кастусь прачнуўся і думаў, ці сапраўды гэтакі мог быць той невядомы Паліводскі, а Волечка прахапілася з енкам і крыкам: «Ой, ой, Божачка!»
— Што, што? — абазваўся ён.
— Ой, ой, Паліводскі!.. А хто гэта тут у хаце?
— Гэта я, — крыкнуў Кастусь.
— Хто?
Яна яшчэ не адвыкла ад свае адзіноты і не прывыкла да яго. Ён падбег да яе і ўбачыў, што яна дрыжыць.
Колькі раз, жывучы ўжо адна, без бацькі, яна так прачыналася раніцамі ад непрыемных ці страшных сноў! І прывыкала ў адзіноце сваімі сіламі гнаць ад сябе цяжкае ўражанне ад кашмараў. Цяпер жа яна падумала, што недзе каля яе ёсць ён. Як лёгка і адразу згінуў сон, і яна ўсміхнулася, яшчэ з заплюшчанымі вачыма.
— О так, а то крычыш немаведама чаго. Гэта ж сон.
І па яе твары ён здагадаўся, што яна ачуньвае.
— Уночы я выходзіў глядзець коней, ужо на дзень ішло. Мокры снег гразі даў. А конь твой ужо ані нічога не з’еў — нават і не зачапіў сена. Ты нічога не думай. Мой конь зусім малады. Ведай, што гэта твой. Ты толькі папраўляйся.
— Я ж папраўляюся. Хіба ты не бачыш?
— А на дварэ ўжо і апошняе лісце з ігрушы асыпалася за ўчарашні дзень. Чорнае, як сажа, ляжыць мокрае.
Праз два дні ён пачаў карміць худога каня паранкаю, не адыходзіў ад яго, рабіў яму нейкае адмысловае пойла, а праз два тыдні сказаў Вольцы, што конь крыху абгладзіўся і ўжо льга яго збываць. Аднойчы ўдосвецця ён накрыў каня мяшком і сеў зверху. Конна выехаў ён з двара. Торба з акрайцам хлеба была ў яго руках. На конным рынку ў дробным гарадку, вёрст за сорак ад Сумліч, ён, як спрактыкаваны конскі перакупшчык, расхвальваў старога і худога каня, бажыўся і падпускаў часам заядлую лаянку. «Без гэтага каня не прадасі», — думаў ён і запрашаў усіх паглядзець каню ў зубы. «Галоўнае — смела казаць, каб глядзелі ў зубы, дык ніхто і не гляне, і павераць, што конь малады». Стары і высокі цыган, які тут жа побач прадаваў яшчэ мусіць старэйшага каня, сказаў:
— Ты, чалавеча, прасі, каб глядзелі твайму каню не ў зубы, а ў хвост, тады хутчэй усіх ашукаеш.
Навокал зарагаталі, і Кастусь, праклінаючы гаты дзень, адвёў свайго каня ўбок, але і адтуль два перакупшчыкі прагналі яго. Скончылася так, што ён вярнуўся на ранейшае месца. За гэты кароткі час цыган паспеў прадаць ужо таго каня, купіць другога і ўжо гэтага расхваліць. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмі затанна, але ён быў рад, што развязаў рукі. «Волечка не будзе ў крыўдзе, я ж ёй аддаю свайго каня». Якое было яму шчасце цэлую асеннюю ноч ісці дадому. Ён адчуваў сябе так, быццам вырваўся на волю. Яшчэ на выходзе з горада ён убачыў вясковую бабу, якая трымала пад пахаю пеўня.
— А ці добра спявае? — некалькі разоў пытаўся ён у бабы.
— Галубчык мой, — адказвала кожны раз баба, — гэта не певень, а музыка. Пад яго песню можна цэлы вечар танцаваць.
Ён купіў пеўня і падумаў: «Прыйдзецца ж зімаваць. Няхай спявае сабе. А калі Вольцы не спадабаецца — я ёй грошы вярну». Яшчэ не пачынала світаць, калі ён быў дома. Пеўня ён укінуў у пуню і ўсё прыслухоўваўся, ці скора той заспявае. І толькі цяпер ён падумаў аб сваёй віне перад Волькай: «Я ж задарма аддаў каня». Пакуль развіднела, ён, не заходзячы ў хату, выкаціў з пуні два бервеньчукі з той сухой хвоі і стаў часаць. «Пакуль зіма не ўмарозіла зямлю, я яшчэ пастаўлю шулы на браму». І душа яго ачысцілася ад прыкрасці. Раптам у пуні заспяваў певень. І гэта як бы хто сказаў яму радасную навіну. Ён пакінуў часаць бервяно і стаў над ім. Цадзіўся дзень позняй восені. У хатніх вокнах засвяціўся агонь. «Волечка ўстае. А можа пайсці ў хату?» Волька выйшла на ганак і ўбачыла яго над бервяном. І загаласіла:
— А братачка, чаму ж ты надумаўся ўночы бярвенне часаць? Ну як жа табе ўчора там паводзілася?
— Ну, каня прадаў, пеўня купіў… спявае, ліха яму, як на скрыпцы грае… А над лесам, учора падвечар, вельмі хмара ссінела. Мусіць, неўзабаве ляжа сапраўдны снег.
Снег, вецер, галасны певень, пах сена з пуні, крык зімовай птушкі, счарнелы ад прымаразкаў лісток з саду на ветры, ясны захад сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам на бязлісты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу — дзень за днём, дзень за днём, — і пайшло яно, з вялікай радасцю аб тым малым, што толькі і патрэбна чалавеку. Ні зайздрасць і ні сквапнасць, ні злое нездаваленне, ні прыкрая паняверка, што ўсё мала і трэба больш, ні горач, што нехта вышэйшы за цябе ростам… Тут не бытавала пустое імкненне немаведама куды. Колер і пах свежага абчэсанага хваёвага бервеньчука гаварыў душы больш за тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым і таемным графам Паліводскім і набытае, і таксама страчанае Густавам Шрэдэрам.
Дзень за днём і месяц за месяцам. Зіма за восенню. Нарэшце буйная кропля вады ўпала марозлівым і сонечным днём са страхі. Неба было такое ж сіняе, як і высокае. Але пад ім яшчэ на ўсе палявыя прасторы ляжалі вышэйшыя за рост чалавека пласты перамерзлага снегу. І да вясны і да лета яшчэ далёка было. А яшчэ далей да зорнага мігцення на вераснёвым небе. Тады будзе год, як ён, гэты ціхманы Кастусь Лукашэвіч, асталяваўся тут, у Сумлічах. Але сонца ішло ўжо высока, і здавалася, што вось неўзабаве над бліскучай разлегласцю снягоў цвыркне першы жаўранак. Начамі свяціў месяц, поўны і даўгавечны. У такія ночы, кажуць, ведзьма, натанцаваўшыся з вечара да поту, ратуецца ад гарачыні тым, што кладзецца спаць на голым таку, а пад дзень мерзне і накрываецца бараной. Колькі разоў Кастусь гаварыў на досвітку Вольцы, каб яна ішла на ток грэцца пад барану, ведзьме пад бок! І колькі разоў яна называла яго за гэта ведзьмаком! Гэта не былі жарты сталых людзей, бо вельмі многа тут было дзіцячай наіўнасці. Але і дзіцячага тут было мала. Мала было і сталага. Для іх яшчэ не прыйшоў час знайсці сваю сталасць у іхняй блізасці адзін да аднаго. У той меры, у якой ішоў час, ён рабіўся больш маўклівы, чым гаваркі. Яна ж любіла, калі ён жартаваў, і рагатала яшчэ загадзя. Можна было падумаць, што гэта фармуецца натура вясёлая і нават легкадумная. Аднак жа ён бачыў, што нешта як бы ляжыць у яе на душы і што ў вачах яе вялікая задума. Раз яна сказала:
— А ўжо вельмі доўга вайна цягнецца, а ад бацькі ні разу пісьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.
Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькі ўжо няма!
Як гояцца раны зямлі! Ззяе ямінамі разварочаная рыдлёўкамі зямля. Або ляжыць перад чалавечымі вачыма земляное калецтва, калі пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва дні, ганьба чалавечага генія, танк — стварэнне чалавека дзеля смерці чалавека. Або крывавыя раны зямлі, прабітыя бомбамі. Чорная зямля па краях і дзеля напамінку чалавеку, што ён горш за звера і жывёлу, — травіна, прыліплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Ідзе час. І няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо і дрэўца пасеялася і ўзышло. Расце ўсё вышэй і ўжо здалёк відно. І на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, і, здаецца, ніякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды і чалавека. Вялікі доктар — час — спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць.
Скруха і смутак тупелі і ўсыхалі. Яны ішлі да свайго поўнага знікнення. Кастусь і сам стараўся гнаць ад сябе думкі аб нядаўным мінулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосці, вельмі мала закідаў думкі далёка наперад. Вельмі можа быць, што тут і пачыналася яго шчасце: прынамсі цяжкая паняверка не гняла яго душы і не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабіў кожны дзень. Так гартавалася і яго дужасць. Ён браў у пуні на плечы цэлы мех збожжа і сумысля праносіў перад вокнамі хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любіў, калі яна бывала нудная:
— Ты зноў расскоглілася? Баба дурная! Бацька пісем не шле, а возьме і сам калі-небудзь з’явіцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цяліцца скора будзе.