Выбрать главу

— Татачка! Галубчык мой!

Як гэта ён так адчуваў, што яна якраз скажа так: сталая, паважная і павольная ў рухах. Дужымі сваімі рукамі яна пацягнула яго да сябе:

«Я ўсё думала, думала… Ты жывы, родны мой!.. Не стой так, хадзем, хадзем…» Вялікае, як навальніца, шчасце ахапіла яго, і востры боль разануў яму сэрца: гэта ўжо не тая малая Волечка. Гэта моцны чалавек, апірышча яму самому, а ён ужо не будзе трымаць на руках свае Волечкі, яна вырасла без яго. Хтосьці злы адабраў ад яго яе маленства. Ён задушыў у сабе боль і разам з ёю ўвайшоў у хату.

— Бацька, бацька… прыйшоў!.. — крычала яна яшчэ з сянец камусьці ў хату. І Нявада ўбачыў, як яму насустрач нясмела і спешна падняўся той, аб кім ён і сам ужо здагадаўся, што ён ёсць, што ён існуе. З гэтага моманту пачала ўціхамірвацца душа гэтага чалавека. Ён зноў пачаў цешыцца і з ясноты неба на захадзе сонца, і з таго, як вецер гнаў па двары саломіну. Змрокам таго дня ён пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў: і сумліцкія вуліцы, і ўсе куткі свае сялібы. Ужо ўночы ён з гораччу ўспамін пайшоў глянуць у куфар: там ляжаў матузок ад плацця, у якім ён, ужо многа год таму, пахаваў сваю нябожчыцу. У тым жа плацці яна ў сваёй маладосці франціла. Ён адчуваў сябе так, быццам перахварэў цяжкую хваробу. Паставіў лямпу ў клеці на паліцу і падняў цяжкае куфарнае века. Адчыніў прыскрынак і зазірнуў у яго. Спачатку ён стаяў з шырока расплюшчанымі вачыма, зусім забыўшыся, чаго ён увайшоў сюды. Пасля, як адважыўшыся на рашучы ўчынак, ён згарнуў разам пярсцёнкі, гадзіннікі, крыж і адхапіў назад руку, як ад агню. Не магло быць іншых думак, гэта чыстае золата. Гэта цуд нейкі! А каменні на крыжы і на пярсцёнках — ён анічога не разумеў у іх, каб яшчэ аддаваць ім увагу. Ён нават і не заўважыў, што на золаце яшчэ ёсць штосьці. Асмеліўшыся, ён узяў першы гадзіннік і адчыніў у ім вечка. Пакручваючы ў руках гэтую рэч, ён раптам заўважыў на ёй з сярэдзіны нейкі надпіс. Прыгнуўшыся, ён прачытаў выгравіраваныя літары: «Граф Паліводскі». Містычны жах агарнуў яго. Ён шпарка зачыніў куфар і яшчэ шпарчэй увайшоў у хату. Як бы з рашучым допытам ён падышоў да Волечкі:

— Дзе вы ўзялі гадзіннікі і пярсцёнкі графа Паліводскага?!

— Гэта мне даў палонны немец Густаў Шрэдэр. Ён у нас у хаце хварэў, і я яго карміла і даглядала. А калі ён ачуняў, ён так быў рад, што абнімаў мяне і пацалаваў у галаву і паклаў на стол тыя гадзіннікі. Мы з Кастусём не ведалі, што з імі рабіць. Так яны і ляжаць нечапаныя.

Яму стала лягчэй на душы, і зусім свядома ён з гэтага моманту стараўся забыцца на гэты дзіўны выпадак. Цяжка было, але яму ўдалося гэта як мае быць. Перш за ўсё — тут у яго не было прывычкі калі-небудзь думаць аб золаце і чапляцца душой за якое б там ні было багацце. Пасля — ужо з тых жа самых дзён, ён паглыбіўся ў шчасце жыць тут, дзе жыў з малых і маладых год, і займацца тым, да чаго праз усе апошнія цяжкія гады імкнулася яго душа. Здавалася, што ён не заўважаў хады часу. Усё былое аддалялася ў вечнасць і ўжо здавалася сном. За кароткі час сышла з яго твару тая змучанасць, якую ён нёс сюды з свайго вандравання па чужой зямлі. І тыя чужацкія неданоскі — і нямецкія нагавіцы, і польская канфедэратка — ужо з’ядаліся моллю ў глухім застрэшшы. За кароткі час ён ажыў. Выслухоўваючы ад Кастуся і Волькі сумнае апавяданне аб тым, як яны жылі тут, ён успрымаў яго як прошласць, якая ўжо больш не існуе і існаваць не будзе. І думкамі сваімі не быў у мінулым. Ён жыў тым, што было і ішлося. Так незаўважна прыйшла пара, калі з Кастусём яны скончылі новы дом, а калісьці пасаджаны Кастусём клянок даваў улетку ўжо вялікі цень. І гэтак усё адно за адным, ціха і роўна. І толькі раз ён як бы страсянуўся ад нечаканай думкі: як бязлітасна імчыцца час! І колькі ён ужо адкінуў назад усяго, што было і цяжкім, і страшным! У тую хвіліну ён больш як калі ўглядаўся ў сваю Волечку: рослая, мажная, шчырая сяброўка Кастуся Лукашэвіча, мала падобнага ўжо да таго выгнанскага хлопца, што хаваў тут свайго бацьку і вазіў хворага немца, яна стаяла раз пасярод двара ў задуме. Прыйшла пара і ёй аддаць жыццю самае вялікае і важнае: яна была цяжарная. Нявада пачаў наглядаць за ёю і ўсё чакаў.

Хоць і даўно ўжо жылі ў новым доме, але ён меў прывычку часамі начаваць у старой хаце, пакуль яна яшчэ стаяла. У гэты час свайго жыцця, калі ён, як ніколі раней, не мучыўся вялікім клопатам і думкамі аб будучыні свае Волечкі, ён любіў адзін у той хаце, у якой прайшло яго маленства, сустракаць дзень і праз акно бачыць, як папялеюць на небе зоры. У адну з такіх часін ён адчуў усей сваей істотай, што адбылася вялікая падзея. Быццам нейкая сіла адабрала ад яго спакой. Была восень, бадай-што такая самая пара, калі ён, тады, даўно ішоў па роднай зямлі, гасцінцам, з чужацкага палону. Ціхая стаяла раніца. Ледзь толькі развіднелася. Першая драбнюткая сняжынка ўпала яму на руку, калі ён падыходзіў да новага дома. І ў трывожным, і ў нецярплівым чаканні ён стаў на ганку і прыслухоўваўся да цішыні, што панавала навокал дома і ў ім. Настаў момант, дзеля якога можа ён так сумаваў калісьці па сваёй Волечцы і аддаваў ёй сваю душу. Ён вельмі выразна пачуў з ганка, як у доме закрычала дзіця. Ён уздрыгануўся і стукаючы ботамі ўвайшоў у дом.