III
У тыя гады, а можа і пазней на які год ці паўтара, у мясцовасці далёкай ад Сумліч, ад іх кіламетраў за сто, кірункам паміж поўднем і ўсходам, з’явіўся нейкі невядомы нікому Сымон Ракуцька, чалавек не першай маладосці і з выгляду вельмі здаровы. А ўрэшце, у яго быў такі няпэўны выгляд, што цяжка было ўгадаць, колькі яму год. Магло быць і дваццаць шэсць, а можа і трыццаць пяць, калі не ўсе трыццаць сем. Ёсць сярод людзей такія твары. Хада яго была цвёрдая, і на кожным кроку ён накіўваўся наперад, быццам на секунду ўгінаўся. Той куток, куды ён явіўся, быў вельмі глухі. Ад чыгункі далёка, хоць, праўда, кіламетраў за дваццаць убок праходзіла старая Маскоўска-Варшаўская шаша. Але, як вядома, гэтая калісьці вельмі жывая дарога ў тыя часы ўжо даўно была ў глухім заняпадзе. Расказвалі, што гэты Сымон Ракуцька, пакуль выбраць сабе для аселасці месца, доўга выглядаў, дзе каб цішэй і глушэй. Нарэшце ён асеў. Гэта быда мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Ніхто не сказаў бы, што тут было палескага, але яно такі было — ці можа тое, што многа расло параскіданых усюды дубоў, ці неба мела густыя, як над Палессем, колеры, ці роўных нізін больш было, як крутых узгоркаў. Праз колькі першых год Сымон Ракуцька жыў ужо ў сваёй сялібе. Тут цякла невялікая рэчачка, поўная дробнай і сярэдняй рыбы. З таго боку за рэчкай было поле. Праз рэчку бярвенчатая кладка, як прайсці двум адразу. Проста з кладкі праз вузкую палосу сухога тарфянага балота вілася паміж куп’я сцежка, чорная і калючая. Яна выходзіла па палявую дарогу паміж гэтым тарфянікам і зноў полем, роўным і з рэдкім асіннікам. Уласна кажучы, гэтая дарога, як праехаць з калясьмі, служыла вуліцай двум дзесяткам хат, пастаўленым у адзін рад, вокнамі на тарфянік цераз дарогу. Зусім блізка, па той бок рэчкі і поля, быў кіламетраў на дзесяць хвойны лес, і паўднёвы вецер гнаў сюды пах смалы. Паветра было, як лагодныя лекі, а краявід — увасабленне ціхага хараства. Заход сонца быў тут нейкі незвычайны. Можа таму, што былі і лясы, але яны нейк не абмяжоўвалі даляглядаў, і «лясны прастор» увесь зіхацеў сонцам. І цішыня. Самае важнае — глуш і цішыня! Можна было падумаць, што гэты Ракуцька, явіўшыся сюды аднекуль вельмі здалёку, шукаў не зямлі і не хлеба, а толькі цішыні. Колькі разоў чулі ад яго, калі ён гаварыў не тое, што каму, а сам сабе: «От жа ціхата, дзякуй Богу». Чалавек гэты быў дзіўны. Так, як ніхто, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў, саломіна за саломінай. Падазравалі, што з ім нешта здарылася ў жыцці непрыемнае і, можа, нават цяжкае. Можа на яго ўпала была якая цяжкая навала, і ён ратаваўся, бараніўся, як мог, і, напэўна, усімі спосабамі даводзіў, што ён справядлівы чалавек і што пакутаваць не павінен. Можа тут у яго і рэфлекс пэўны выпрацаваўся, бо казалі, што, як толькі ён прыйшоў сюды, адразу абышоў усе тутэйшыя і меншыя і большыя ўстановы і ўсё мясцовае начальства, пры гэтым не разбіраўся, хто з іх большы, а хто меншы, а з усімі аднолькава гаварыў як самы вялікі просьбіт. Відаць, навучан быў жыццём чалавек! А тым часам усяго і было таго, што ён хацеў выказаць: я чалавек і хачу жыць. Можа хто з яго і пасмяецца, можа хто і асудзіць. Але наўрад ці гэты «суддзя» сам здолее так рабіць з клёпак пасуду, паставіць хату, часаць гонту, змайстраваць колы, вырабіць зямлю, выгадаваць каня, угадаць за тыдзень наперад надвор’е, памагчы чалавеку ў бядзе і стрымаць слова, як гэта ўмеў Сымон Ракуцька. Кожнаму начальніку ці таму, каго ён лічыў за начальніка, і ў райвыканкоме, і ў сельсавеце, і нават раз у канторы сельскай кааперацыі, Сымон Ракуцька перш за ўсё паказваў паперку, у якой было сказана, што гэты чалавек быў затрыман органамі ГПУ і выпушчан на волю і мае права жыць усюды, дзе толькі захоча, па ўсім СССР, але толькі не ў пагранічных з Польшчаю раёнах. Пасля гэтай свае паперкі ён з вялікай адкрытасцю душы выказваў сваё жаданне ў форме просьбы: «Я хачу, каб дзе тут асесці жыць». «Падай заяву ў сельсавет», — сказалі яму.
— Дзіва што падам! Адразу! Мне здаецца, што лепшага месца і на свеце няма, як тут. От жа мясціна! А ціхата якая! Будзеш сабе жыць…
Колькі было таго клопату з той заявай! Можна сказаць з упэўненасцю, што ён у тысячу разоў лепш бы згадзіўся адзін, сваімі рукамі, паставіць вялікі дом, як падаваць тую заяву. Ён раіўся з незнаёмымі людзьмі (знаёмых тут у яго не было). Некалькі разоў тую заяву яму прачытвалі, а ён слухаў і меркаваў — а ці ўсё хаця ўпісана, што трэба. І вось нарэшце яму сказалі, каб ён сам сабе выбраў месца, з якога каб узяць сабе кавалак зямлі. Тут таксама без клопату не абышлося. Жартачкі? Гэта ж мо не парсюка прадаць або купіць! Гэта ж зямля! На ёй жа калі і не век векаваць, дык доўгімі гадамі жыць! Ён пайшоў па людзях распытваць, дзе тут што і як расце. Дзе родзіць жыта, а дзе ячмень, а дзе бульба. І так выбраў сабе месца. Але тут гладкасці адразу не было. Зямлі надзялялі на душы. А сям’і ў яго і было, што ён сам, адзін. Ён бажыўся і кляўся, што ў яго ёсць жонка і двое дзяцей — сын і дачка, і нават казаў, што жонка завецца Ўльяна, сын Тамаш, а дачка Лізавета, але яму на гэта адказвалі:
— То дзе ж яны? Ты ж адзін.
— Мала што адзін! Яны сюды явяцца да мяне! Яны мяне знойдуць!
Апошнімі словамі ён якраз і прагаварыўся. Выходзіла, што каб прыйшла да яго сям’я, то яшчэ трэба, каб яна знайшла яго, значыцца, ні жонка, ні дзеці не ведаюць, дзе ён. А гэта не так сабе. Нешта ў гэтага чалавека ёсць такое, што ён адразу не выказвае.
— Дык як жа табе даваць зямлю на чатыры душы, калі ты адзін і нават сказаць не хочаш, дзе твая сям’я і чаму яна не з табою разам. Можа, хіба ты што дрэннае зрабіў, ды казаць не хочаш?
Рад-няволя, а трэба было або сказаць праўду, або што добрае выдумаць. Але выдумляць не хацелася, і цяжка было, каб гладка ўсё ішлося. «А чаго ж мне праўды баяцца, ды яшчэ і добрае». — Так думаў ён, і пакуль яму вымяралі і рэзалі зямлю на чатыры душы, разоў з дзесяць расказаў сваю гісторыю. І раптам ён стаў цікавым чалавекам усім тутэйшым людзям. Вось гэтая гісторыя, як яе чулі і як ведалі ўсе.
Сымон Ракуцька быў родам з Дзісненшчыны і астаўся адзін без блізкіх і родных з той прычыны, што ў тысяча дзевяцьсот пятнаццатым годзе, калі абозы і натоўпы выгнанцаў плылі з захаду на ўсход, той натоўп, у якім ён ішоў з бацькам і з дзвюма сёстрамі, на самым выхадзе з роднага сяла трапіў пад абстрэл дальнабойных нямецкіх батарэй. Людзі бягом вярнуліся назад, пакінуўшы на дарозе забітых. Дарога на ўсход была адрэзана. Цяпер ужо кожны сам сабою, як мог, браўся на ўсход і кіраваўся сам. Сымон Ракуцька пакінуў на дарозе забітага бацьку і сястру, а сам, з другою сястрою, ледзьве паспеўшы пахаваць сваіх нябожчыкаў, вярнуўся да свае хаты. Але што ён там убачыў? Хаты не было. Палавіна сяла выгарала, а зямля дрыжэла ад кананады. Ён і сястра адразу рушылі як найдалей адсюль. Яшчэ раз яны паспрабавалі выбіцца на дарогу, але там ужо акопваліся немцы. Яны пайшлі куды вочы глядзяць, абы дзе цішэй і зацішней. Цэлую ноч яны ішлі, і ім здавалася, што гэта ўсё на ўсход. А ў першую раніцу яны апынуліся на краі нейкага ляска, дзе трухлявая хаціна адна-адзінюткая стаяла з забітымі дошкамі вокнамі і дзвярыма. Усё было так спустошана, што — хто не ўбачыў бы, што гаспадары рушылі на выгнанне, тым больш, што паблізу валяліся салдацкія рэчы. Тут ужо адбыўся вайсковы рух. Але тут цяпер так было ціха і мірна, ніякае знадворнае ўтрапенне не мучыла чалавечай душы, а гром вайны чуўся, хоць ужо і зводдалеку, але і на ўсходзе, і на поўдні, што страх было нават падумаць не пабыць тут хоць дзень. Не закідаючы думкамі далёка наперад, абое яны ўвайшлі ў хату і знайшлі там ціхі спачын. І дзень прайшоў, і ноч, пасля зноў пачаўся дзень, а яны ўсё былі тут. Ужо і восень як мае быць усталёўвацца пачынала. Ужо і вайна спынілася недзе тут, ужо і расейскія салдаты пачалі заходзіць сюды. Брат і сястра знайшлі пры хаце пусты пограб і да самых маразоў запасілі сабе на зіму бульбу з залеснага поля. Сымону Ракуцьку было тады год можа васемнаццаць. Першы пух на барадзе і губе ўжо здорава высядаў у яго. Баявыя сутычкі вялікіх і невялікіх груп адбывацца пачалі ўжо часта. Але месца ўжо тут стала наседжаным. Ракуцька хадзіў босы, аж пакуль зямля не прыпякла яму холадам ногі. Тады ён пачаў мудраваць, як бы гэта абуцца. Ён дапаў да думкі пашукаць сабе ботаў там, дзе яны нікому не патрэбны. З ботамі ён ішоў з месца нядаўняга бою і натрапіўся па дарозе на Паліводскага, які ў яго і вярнуўся да жыцця і здароўя і пражыў на яго галетніцкім хлебе больш як год, спачатку лечачыся, а пасля чакаючы — а ці не задушаць царскія генералы рэвалюцыю і ці не можна будзе тады зноў стаць графам і ўласнікам маёнткаў. Яго гаспадар Сымон Ракуцька здорава-такі яму апрацівеў сваёю хатняю гаворкаю заўсёды аб хлебе і вопратцы. Графа брала на ваніты ад гэтага Ракуцькавага мужыцтва. Што ж да далейшага, то да пэўнай верагоднасці тут дайсці цяжка. Як казаў сам Ракуцька, пасля таго, калі Паліводскі наставіў на яго пісталет, ён пачаў выганяць Паліводскага з хаты. Паліводскі зноў наставіў пісталет і выстраліў, але прамахнуўся, бо калаціўся ад злосці і гневу. І зноў пачаў цэліцца ў Ракуцьку. Тым часам Ракуцька, бачачы, што справа дрэнь, хапіў замашны кій і пагнаўся за Паліводскім, які бег і страляў не цэлячыся. Перапалоханы Ракуцька бег за ім і крычаў: