Выбрать главу

— Добры дзень у хату. — Ён нават і не чуў, што яна адказала яму. Ён не мог адарваць вачэй ад акеннай шуфляды. Калі ён устаўляў яе, быў такі самы хмурны дзень позняй восені.

— Гэта я з вамі ўчора гаварыў на дарозе, калі вы сядзелі на камені.

— Я пазнала вас.

— Ну што, няма брата?

— Няма. Я пакіну яму тут гэтае пісьмо. Чакаць яго — мне няма як.

— Што вы яму пішаце?

— Вам хочацца ведаць?

Нават і без здзіўлення яна глядзела на яго, і вочы яе былі такія добрыя, і здавалася, яна абяцае праз іх шчырасць усяму свету.

— Пачытайце мне, што вы яму напісалі.

Яна нават не здзівілася: што гэта за дзіва такое з гэтым чалавекам.

— Калі вам хочацца, я прачытаю. Але я дапішу раней.

Ён сеў на лаву і чакаў, пакуль яна скончыць пісаць. Сочачы за кожным яе рухам, ён час ад часу падаваў голас:

— А ці ведаеце вы, што гэта ваш бацька ставіў гэтую хату?

Не адрываючыся ад пісьма, яна адказала: — Ведаю. Маці мне расказвала ўсё.

— Дык вы пра свайго бацьку ведаеце?

— А як жа! Але нашто вам усё гэта? Хто вы такі?

— Як нашто! Бо вашага бацьку я ведаў так, як ён сам сябе ведаў.

— Мой бацька быў слаўны чалавек, з душой і сэрцам. У яго былі залатыя рукі і разумная галава. І добрае сэрца.

— А дзе ваш бацька цяпер?

— Мы заўсёды ведалі, дзе ён.

— Як жа вы ведалі?

— Ужо вельмі даўно ад яго прыйшло было пісьмо з яго адрасам.

Ён адчуваў, як сэрца распірае яму грудзі, але ён не мог так пайсці адразу. Ён хацеў усё высветліць.

— А пра графа Паліводскага вы што-небудзь чулі?

— Мой бацька выратаваў яго ад смерці… Я яго сама бачыла.

— Паліводскага? Як? Калі?

— Незадоўга да вайны. Ён сам быў у нас, калі жылі ў старой хаце.

— Ён вам якое-небудзь зло зрабіў?

— Гэты стары гад два дні і адну ноч не выходзіў ад нас і мучыў нас дамаганнямі, каб мы аддалі яму нейкае золата, якое нібыта наш бацька ўзяў у яго, калі паднімаў раненага на дарозе. Ён прасіў, пасля крычаў, пасля рамянём пасадзіў маме крывавы знак цераз твар. Пасля сунуў мне ў рукі свой адрас, калі мы адумаемся і захочам аддаць яму яго дабро. Ён служыў на нямецкай граніцы. Нарэшце ён казаў, каб аддалі хоць палову, а палова нам… Але мне трэба пісьмо дапісаць. — Яна пісала, а ён стаў на ўвесь рост у парозе і душыўся смуткам, гледзячы на яе. Гэта яна. Нязнаны ім чалавек. Без яго яна вырасла. Ён ні разу не меў шчасця трымаць яе на руках і гаварыць з ёю малою і падоўгу глядзець на яе дзіцячую ўсмешку. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маленства.

— Вы казалі, каб я пачытала вам. Я ўжо напісала. «Дарагі братка Тамаш. Мы табе пісалі, што прымушаны былі выехаць з роднага кутка, але пачалася вайна, і пісьмо наша магло да цябе не дайсці. Дык шукай нас у мястэчку Сталецці на Навагрудчыне. А таксама напамінаю табе, калі ты згубіў адрас, што ў Гомельскай вобласці, за Бабруйскам, жыве наш бацька. Граніцы ўжо больш няма…» Ногі ў Сымона Ракуцькі падгіналіся. Ён сеў на лаву. Яна яшчэ ўгнулася над пісьмом, штосьці ў ім дапісваючы. Ён ціхом падняўся і знік з хаты. Не прыпыняючыся нідзе, ён дайшоў да таго самага паўстанка і сеў у поезд. На другія суткі ён ужо ішоў пешкам цяперашнімі сваімі месцамі. Ён радаваўся, што з кожным крокам падыходзіць да гэтай, ужо трэцяй на яго веку хаты. Можа цяпер тут ён знойдзе спакой душы. Было вельмі рана. І цёплае стаяла надвор’е. Было ясна. На хвіліну магло здацца, што гэта ўлетку пасля дажджу. Ён ішоў сцежкаю паўз дарогу, краем сухога тарфяніку, па той бок якога сугліністы ўзгорак трымаў на сабе край неба. Пыльныя кусты шыпшыны, быльніку і піжмы бачыў ён, і думка яго спынілася на тым, што ў карэннях піжмы, пад тым кустом, жывуць мурашкі. Там яшчэ ўлетку чабор цвіў, і над ім кусцілася жоўтае зелле святога Яна. Куп’істы тарфянік быў увесь мокры, на шчыльна збітай у мяккі дыван нізкарослай траве на ім блішчэлі пад сонцам кроплі чыстай вады, як раса ўлетку. Вятрак махаў крыллямі дзесьці за балотам, над рачулкай стаялі голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сіняватага, чацвёртая чырванаватага. І гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялікае багацце і мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачыма. Дрэвы стаялі скрозь, іх было многа. Многа лётала і сядзела ўсюды гатовых спаткаць зіму птушак, многа было колераў і фарбаў, многа было і прастору, і неба, і вады, і ласкавай цішыні. Брама яго дома была зачынена. Брамка збоку крыху прыадчынена. Ён увайшоў у двор. Усё было на месцы і ў парадку. Ён прайшоў праз увесь двор і агарод, і сад і назад вярнуўся. Густая сям’я дрэў, ім пасаджаных, расла ў кутку агарода пад загараддзю з жэрдак. Там былі бяроза, ліпа, клён, каштан, вяз і таполя. Улетку і ў раннюю восень тут заўсёды шумеў вецер у лісці, і па ўдзірванелай пад дрэвамі зямлі густа і высока расла трава і красавала мятліца. Там была і лаўка, дзе ён, бывала, праз колькі год, аддаваўся сваім думкам. Ён зірнуў у гэтае месца, дзе якой-небудзь ураўнаважанай душы век льга было б мець шчасце ад ціхай адзіноты, і сумеўся. Ён аж уздрыгануўся: з яго, і, можа, ужо доўгі час, не сыходзіў чалавечы позірк. Там на лаўцы сядзела жанчына. Постаць яе была нерухомая, і вочы не сыходзілі з яго. Хоць яна і не была ўжо такая, як калісьці, хоць гэта была ўжо старая жанчына, але ён з першага ж позірку пазнаў яе. І дыхаць яму стала цяжка. Гэта яна! Такая! Без яго такая стала! Як бы страціла яна ранейшы рух сваіх вачэй. І ён з’іначыўся без яе. Ужо і старасць не вельмі далёка стаіць за плячыма. І ў яе таксама. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маладосць, і яе самую ўкраў. І яго маладосць украў. А ўсё ж жыццё яго з ёю разам было б падобна на маладосць. Злы ён і жорсткі, гэты страшны злодзей. І ніякая кара нідзе і ніколі не спасцігне яго. Гэта ён бесперапынна вісеў над яго душою, як стопудовы камень! Пракляцце яму, гэтаму страшнаму злодзею! І прэч ад чалавека гэтую калоду пасярод двара, і гэтую лаўку пад дрэвамі, якія шумам сваім так заўсёды ўціхамірвалі душу! Сказаць дзецям… (але дзе ж тыя дзеці, іх жа ўкраў вялікі злодзей), сказаць усім і самому сабе: ні моманту спакою! Усе на пошукі вялікага злодзея! Знайсці яго і выясніць дакладна, хто ж ён такі?! І зняць з яго галаву і паказаць усяму свету: глядзіце, і ганаровае месца мне! Я абезгаловіў страшнага злодзея! Я больш не вечны выгнанец з свайго месца. Я на сваім месцы, і страшны злодзей больш не будзе мяне абкрадаць! «Што ж перш за ўсё сказаць ёй такое, чым узрадаваць яе? Ага, я пакажу ёй усё, што я запасіў дзецям. Я чакаў іх, я думаў пра іх! Вісяць жа поўныя вешалы ботаў і сукенак, вопратак простых і ўбёраў святочных!»