Зноў сталі пытацца, ці ведаў я пра намер брата? Я стаяў на сваім: «Не ведаў». Чую каманду: «Вешай!» Мяне падцягнулі да шыбеніцы. «Апошні раз пытаюся!» — крычыць Маер. — Куды накіраваўся твой брат?» Я адказаць ужо нічога не мог. Да такога стану быў збіты. Раптам чую: «Здымай!», а потым каманду: «Усыпаць пяцьдзесят кіёў!»
Я налічыў адзінаццаць удараў, пасля страціў прытомнасць. Апрытомнеў ад вострага болю. Навобмацак вызначыў: вакол бетонныя сцены. Раптам чую крокі ў калідоры. Адчыняюцца дзверы, мяне ўзнімаюць з падлогі і ставяць на ногі. «Ідзі наперад!» — крычыць Хэмніц і б'е ботам. Мы прыйшлі ў лагер, дзе адбываецца «апэль». Усе вязні пашыхтаваныя. Маёр па гучнагаварыльніку зачытвае: «Вязню № 22585 за ўцёкі з лагера ягонага брата вязня № 22584 ўсыпаць 100 кіёў і адправіць на штрафную працу на лагерную цагельню».
Прыкладна праз тры тыдні мяне наведаў знаёмы вязень — паляк, які добра ведаў Аляксея. Распытаўся пра стан здароўя, падсунуў пад коўдру аркушык паперы і сышоў. Гляджу, гэта ліст ад Аляксея. Ён ужо ў беларускіх лясах, у партызанах, паблізу ад роднай мясцовасці. Якая радасць!»
Так Аляксей Карпюк апынуўся на волі.
Зрэшты, «воляй» яго становішча можна было назваць толькі ў параўнанні са штутгафскім пеклам. Вайна і палітыка кіраўніцтва краіны, звыклага паўсюль шукаць ворагаў, паставілі былых палонных, якія змаглі вырвацца з рук фашыстаў, у становішча падазраваных. А быць падазраваным на той час — амаль тое самае, што загадзя атрымаць прысуд.
Іна Карпюк, жонка Аляксея Нічыпаравіча, згадваючы пра гэта, успамінае вобраз Сахно з памятнай аповесці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць»: «Гатовыя былі ўсіх правяраць, не давяраць, знішчаць». Не абмінула гэтая чара і Карпюка — ён апынуўся ў ліку падазраваных.
Вось як апісвае становішча, у якім апынуўся ўцякач з лагера Аляксей Карпюк, каб працягваць змаганне, яго сябра — Васіль Быкаў. «Пасля ўцёкаў з канцлагера Штутгаф, разлеглага ў панізоўі Віслы, і доўгіх блуканняў па тэрыторыі Польшчы Карпюк познім восеньскім вечарам дабраўся нарэшце да роднага хутара каля чыгункі пад Беластокам. Але здарылася так, што, перш чым пабачыць маці (бацька з братам у гэты час таксама знаходзіліся ў канцлагеры), уцякач натыкнуўся на нямецкіх жаўнераў, раскватараваных у сядзібе. Як заўсёды ў падобнай сітуацыі, уратавалі ногі і лес, дзе паўгода таму базаваліся партызанскія групы, з якімі Карпюк супрацоўнічаў. Менавіта пасля адной сумеснай дыверсіі на чыгунцы ён, брат і бацька былі арыштаваныя гестапа і кінутыя ў канцлагер. Але за час ягонай адсутнасці ў лесе сёе-тое змянілася, знаёмых партызанаў там не аказалася, на іх месцы знаходзіліся прышлая партызанская брыгада, паблізу якой і быў затрыманы Карпюк. На першым жа допыце яго расповед пра Штутгаф выклікаў здзіўленне асабістаў («груба працуюць вашы шэфы» — было резюмэ «знаўцаў»), і Карпюка пасадзілі пад арышт у зямлянку. Штоночы яго вадзілі на допыты з патрабаваннем прызнацца, якое заданне атрымаў ад гестапа. Так працягвалася немалы час, і аднойчы Карпюк зразумеў, што хутка ўсё закончыцца. І зноў уцёк.
Напэўна, зрабіць гэта было лягчэй, чым уцячы са Штутгафа, і пад раніцу тае начы ён апынуўся ў раёне дзеяння другой партызан-скай брыгады, якою камандаваў малады камбрыг, былы ленінградскі інжынер Вайцяхоўскі. Хутчэй за ўсё, у яго былі іншыя ўяўленні пра пільнасць, чым у суседзяў. Выслухаўшы ўцекача, камбрыг без лішніх словаў накіраваў яго ў выведку — пад нагляд надзейных хлопцаў, якім належала выпрабаваць новенькага боем. Забягаючы наперад, адзначу, што гэтае выпрабаванне цягнулася нядоўга, Вайцяхоўскі зразумеў, з якім хлопцам мае справу, і ўжо праз паўгода прызначыў Карпюка камандзірам новастворанага атрада імя Каліноўскага. Гэтым атрадам Карпюк і пракамандаваў да вызвалення Беларусі ўлетку 1944 года».
Не здзіўляюся гэтай гісторыі не толькі таму, што безумоўна давяраю Быкаву, які не хавае сваіх крыніц: Васіль Уладзіміравіч, на яго словах, «ведаў аб падрабязнасцях карпюкоўскіх прыгод не толькі з яго асабістых расповедаў, але таксама з расповедаў і ўспамінаў самога камбрыга Вайцяхоўскага, які прыязджаў у Гародню, дзе мы сустракаліся ўтрох». Проста мая маці, якую дзяўчынкай вывозілі ў Нямеччыну на працу, таксама ўхітрылася вярнуцца дамоў, уцёкшы ад гаспадара. I яе, як і Карпюка, ледзь не штомесяц дапытвалі гарадзенскія «органы»; як яна, шаснаццацігадовы падлетак, засталася жывая і нават вярнулася дахаты, калі «ўсе сумленныя людзі загінулі ў палоне». Праўда, дапытвалі яе значна пазней — з 1949 года, калі яна падала заяву ў партыю, да 1956 года — да XX з'езда КПСС, які, як тады хацелася верыць, скончыў са сталіншчынай і з пошукам «ворагаў народа». Выпіць чару людскога недаверу да дна давядзецца яшчэ і Аляксею Карпюку.
Але тады, пад час вайны, будучы аўтар «Пушчанскай Адысеі» не мог прадбачыць, што праз дзесяцігоддзі яму давядзецца, адбіваючы-ся ад незычліўцаў, што накіроўваліся доўгай рукой «кампетэнтных органаў», даказваць сваё гераічнае мінулае. Карпюк змагаўся, як і належыць сапраўднаму мужчыну, сумленна, рызыкуючы жыццём. Яго вялікае дужае цела вынесла з той вайны мноства ран. Сваё апошняе раненне бясстрашны камандзір партызанскага атрада імя Каліноўскага, а затым наводчык артылерыйскага разліку Аляксей Карпюк атрымаў у красавіку 1945 года ўжо на вуліцах захопленага савецкімі войскамі Берліна — напярэдадні афіцыйнага заканчэння вайны. Немудрагелістыя радкі з ліста яго франтавых сяброў бацьку — Нічыпару Аляксеевічу— сведчаць: «Ваш сын Аляксей Нічыпаравіч біў фашысцкіх гадаў бязлітасна, за што камандаванне нашай часці прадставіла яго да прысваення звання «Герой Савецкага Саюза». Але за гады вайны Карпюк быў узнагароджаны толькі медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені і ордэнам «Айчыннай вайны» II ступені. I адразу пасля вайны — хаця будуць потым, у сваю чаргу, і «юбілейныя» ўзнагароды — Ордэн Чырвонага Сцяга, за вызваленне Варшавы, за перамогу над Германіяй.
Праявіўшы ў баях мужнасць і вытрымку, Карпюк пазней невы-падкова стане адным з першых — і самых удзячных — чытачоў ран-няй быкаўскай прозы: каму, як не Карпюку, які ведаў вайну ў самых страшных яе дэталях (канцлагер, будні партызанскага жыцця, трагедыя франтавой батарэі), было пад сілу даць сапраўдную ацэнку «акопнай праўдзе» Васіля Уладзіміравіча?
Пасля вайны Карпюку давялося лекавацца: раны напаміналі пра сябе ўсё астатняе жыццё. Але цяга да ведаў перамагла боль. I Аляксей Нічыпаравіч працягнуў навучанне — на факультэце замежных моваў Гарадзенскага педагагічнага інстытута.
I Карпюк вучыўся. Хоць у «Маёй Джамалунгме» шчыра прызнаўся: «Мабыць, больш за вучобу я палюбіў грамадскую работу. Спачатку я быў камсоргам, потым старшынёй прафкама. Тут мне ніхто ні разу не напомніў аб мінулым»
А напамінаць было пра што. I насамперш — пра даваеннае міну-лае. Бацька Карпюка быў актывістам распушчанай Камінтэрнам пад націскам Сталіна Кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Сам Аляксей быў сябрам КСМЗБ. Лічылася, што гэта — таксама «пляма». Аляксей Нічыпаравіч ніколі не хаваў, у адрозненне ад многіх, свайго мінулага, і ўсе, «каму трэба», ведалі пра гэта. Але гэта не перашкодзіла Аляксею ў 1947 годзе паступіць у камсамол.
Тут, у інстытуце, камсамольскі актывіст Аляксей Карпюк сустрэў адзінае каханне ўсяго свайго жыцця — Іну Цыгельніцкую. «Бацька і маці яе былі віднымі кіраўнікамі кампартыі ў часы буржуазнай Польшчы. Бацьку яе, сакратара ЦК Польскай кампартыі (насамрэч — КПЗБ. —А. Ф.) Анатоля Адамавіча Альшэўскага ў 1937 годзе берыеўцы арыштавалі, і ён з лагера не вярнуўся. Іна ўсё жыццё правяла ў дзіцячых дамах. Шмат чаго перажыла і пабачыла».
Гэтатаксама патрабавала мужнасці — пакахаць, а потым ажаніцца з дачкою рэпрэсаванага палітыка, расстралянага на Бутаўскім палігоне ў Маскве. Але высокі, дужы, звыклы глядзець у вочы ўсім людзям Карпюк ніколі ў жыцці не адмовіўся б ад кахання толькі таму, што хтосьці мог скоса паглядзець. Ён увогуле не мог здраджваць — ён быў надзейным.