Выбраныя творы
Рыгор Крушына
Лебедзь чорная
ЛЕБЕДЗЬ ЧОРНАЯ
Расьцілалася
Прадвячорная імгла.
Паміж парасьцяў
Лебедзь чорная плыла,
Лебедзь чорная
Зь перасечаным крылом...
Засмучоная
Мая дзеўчына суздром,
Каля сажалкі
Поруч стоячы са мной,
Мне заўважыла
Нейк надоечы:
— Друг мой!
Лебедзь чорная —
Гэта-ж нашае жыцьцё.
Ў ноч бяззорную
Мы — апаўшае лісьцё.
Адарваныя
Ад Палесься мы зусім,
Наш каханы край
Песьцім песьнямі і сьнім.
Сны зьнібелыя...
З вогкай цемрадзі,
праз муць,
Ці ня белыя
Гусі-лебедзі плывуць?
З ласкай сонечнай,
З добрай весткаю, бадай,
На староначку,
На Палескую —
ў наш край.
Слоўца ветлае
Зь белай гусяю
пашлём.
Маем сьветлае:
Беларусяю
жывём.
......................................
У сіняй далечы
Прадвячорная імгла...
Паміраючы
Лебедзь чорная лягла
Ў твань зялёную
Пад расквечаньм кустом,
Лебедзь чорная
Зь перасечаным крылом.
1944
МАЛIТВА ВЫГНАНЦА
Дай мне, Божа, здароўя і сілы,
Дай прыгожай вясны Беларусі.
Хай ня ные душа да магілы
У пакутнай самоце і скрусе.
Дай народу ўмалотнага збожжа,
Захавай яго ў засеках, Божа!
Барані нашых блізкіх і родных,
I наш край у вызвольным змаганьні,
I скараных няволяй, галодных,
I ўсіх тых, хто цярпіць на выгнаньні.
Барані ад напасьці варожай,
Памажы нам зыйсьці з раздарожжа.
Божа, дай сьветлы шлях чалавеку,
Каб ня гінуў слабейшы ў прымусе.
Спраўдзі мары, што носім спрадвеку,
Дай прыгожай вясны Беларусі.
Веру: прыдзе такая часіна —
Маці ўбачыць радзімага сына.
1946
МАIМ БРАТОМ
Як з дрэва цьвет, злавесны лёс
Вас разагнаў віхром па сьвеце
I кожны ў сьвет свой крыж панёс,
Радзіму маючы наўвеце.
Мае выгнаныя браты
Аж за хрыбтамі Гімалаю!
Я вам пішу свае лісты
Бяз маркі — марай дасылаю.
Спляліся нэрвамі радкі,
Пяюць аб страшна перажытым:
Усюды чорныя грудкі —
Агонь прайшоў, як град над жытам.
Вядзе нядоля шлях віты,
Бяздомных гоніць па чужыне.
I я і ўсе мае браты
Жывём на лепшым успаміне.
Як мы, ступiўшы за парог,
Сямейны гоман чулі ў хаце,
Як на Вялікадні пірог
Між нас, дзяцей, дзяліла Маці.
А сёньня думкі паплылі
З журбой балючай, нявыгойнай.
Мы — ва вандроўным караблі,
Ня маем прыстані спакойнай.
Мы ўсе пазналі жах і сум.
Рыпіць жыцьцё ў жабрачым стане.
Сьціхае ўсё: ў пяскох самум
I буры-штормы ў акіяне,
I ў белых тундрах маразы,
I ў горах громы землятруса.
А шум бярозы і лазы
Ня моўкне ў сэрцы Беларуса.
Штогод расьце, гучыць мацней, —
Шлях да Радзімы пракладае...
Сьмяяцца й плакаць, як даўней,
Душа трывожная жадае.
1945
ДЗІЎНАЯ СУСТРЭЧА?
Дзе ты, любая настаўніца?
Зьнікла зь першых дзён вайны.
Парастуць — мо гэтак станецца —
Успамінаў дзірваны.
Між людзей зь цяжкою стратаю
Твой шукаю лёгкі сьлед.
Можа ты жыцьцём узьнятая,
Пазнаеш інакшы сьвет?
I за думкай думка гоніцца.
Дзесьці сьвеціцца маяк...
Раптам бачу — ў кінахроніцы
Ты, каханая мая!
Ў залю цёмную з экрану ты
Пазіраеш на мяне...
Болем радасьці закрануты,
Насустрэч іду вясьне.
I, праменьнямі аквечаны,
Чую моцны ўзьвей цяпла...
Ты ў далёкі кут Нямеччыны
Дзіўным прывідам прыйшла.
1943
ЗАЛОМ
Шчасьлівыя спатканьні
З табой пад вязам ветлівым,
I частыя блуканьні
На полі жоўтацьветлівым.
I белыя рамонкі,
I васількі блакітныя,
I нашыя гамонкі —
Дагэтуль незабытныя.
Убачыць давялося
У жыце жмут завязаны
Зялёнага калосься,
У якім закляцьце сказана.
Я засьцярог:
— Заломы
Ня руш, мая каханая!
У вузялку саломы —
Бяда зачараваная.
Але-ж прайшла навала,
I сіла чараў згінула.
Ты каласы сарвала,
Мне ў твар задорна кінула.
«Ня веру казкам гэтым!» —
Сказала ты з усьмешкаю,
I ў ростані з паэтам
Пайшла самотнай сьцежкаю.
Было, здаецца, ціха...
А ня мінула й месяца —
Ідзе з вайною ліха,
Ў крыві падзеі месяцца.
На горад і на вёску
Цяжкое гора падае.
I дзень, як сьвечка з воску,
Гарыць і нас ня радуе.
Спакою мы ня бачым —
Спазналіся з пакутаю.
А ты жыцьцём сабачым
Без ланцуга закутая.
Чужынцы з ласкай лезьлі,
Твой двор стаяў засьмечаны.
Цябе пасьля завезьлі
У разваліны Нямеччыны.
Лажыцца зморай праца
На рукі загрубелыя.
Табе рамонкі сьняцца —
Радзімы краскі белыя.
Калісьці пела ў полі,
Вясной закалыханая.
Ня думала ніколі,
Што будзеш ты выгнаная,
Бяз долі і бяз хаты
I пад прынукай ворага.
Ці помніш колас кляты?
Ты заплаціла дорага!
Хай зло не ад залому,
Хай выпадкова сталася.
Цяпер, калі ня ў дому —
Ўсё роднае згадалася.
Згадаліся ў пашане:
Наш край, вайной абкрадзены,
I шчырае каханьне,
I звычай нашых прадзедаў.
1944
~ 1 ~