Выбрать главу
Гальштук вязаны вясёлкай, А вясёласьці няма. Жухнуць вочы ўсьмешкай ёлкай, Моляць долі, а дарма:
Дайце даўнае люетэрка! Хай паўторацца цяпер Маладосьць, мой сьмех, магерка I расшпілены каўнер.
1954
СЬНЯЖЫНКА
Адцвіла вяргіня белая... Мне «бывай» сказала ты. Зьнікла радасьць недасьпелая Ў дзень асеньні, залаты.
Я сваю душу трывожную Суцішаў, як быў з табой. Ад цябе пайшоў, прыгожая, Зь незатоенай журбой.
Ідучы ў жыцьцё сьцяжынкаю, Ні на што не наракаў... Я над першаю сьняжынкаю, Што зьляцела на рукаў,
Загарэўся успамінамі: Саматканы твой вузор Тонка сплецены ільдзінамі У карунак дробных зор.
У цябе каўнерык вязаны Акурат, як сьнегу брыж... Можа штосьці недасказана, Дык цяпер дагаварыш.
1943
МРОІ
Я хвалююся. Песьняй узьняты. Дух крылаты у далеч імкне На знаёмую сьцежку да хаты, Дзе галубка ў вясёлым акне.
Дзе пышнелі ў гародчыку астры I сама ты між красак цьвіла. Добрым часам ня ведала кайстры, Па руінах зь бядой ня ішла.
Ты калісьці сьпявала вясьнянкі, I нявінная радасьць ва ўсім, Як віно зь перапоўненай шклянкі, Разьлівалася сьмехам тваім.
А цяпер ты прыбіта жальбою I чакаеш на лепшыя дні. Ці адна? Я таксама з табою. Я запальваю ў словах агні.
Толькі ў гэтым уцехі шукаю, На плытох лятуценьняў плыву. Неўгамоўная доля такая Ускружыла маю галаву.
Набягаюць кіпучай валвою Сны і мроі. I гіне ціша. I душа не знаходзіць спакою, Вырываецца зь цела душа.
I ляціць да цябе, да каханай, Выпрадаючы кужаль надзей: Можа песьняй апошняй паўстану Я з тваіх набалелых грудзей.
1946

Лiрыка зь вялiкага места

ДА ЦЯБЕ, ДАРАГАЯ
Дзень нахмурыўся, плача і жаліцца. Родзіць смутак. Сьляза на вакне. Чую — маці пяшчотнымі пальцамі Ціха, прывідна лашчыць мяне.
Сэрцу мірсьціцца даўнае, роднае! Толькі боль узрастае ўдвая: За паўсьветам, за далеччу воднаю Ты гаруеш, матуля мая.
Душыць крыўда... Ніякімі лекамі Не загоіцца смутак душы. Засьпявай нашы песьні, як некалі, I за сына малітву скажы.
Акіянскія горка-салоныя, Перамерыўшы мілі, вятры Прынясуць твае словы ў зялёныя На ўзьбярэжжы сады-гушчары.
I як толькі ізноў распагодзіцца, Я паеду за горад, і там — У кляновых прысадах ваколіцы — Тваё гора сьсяку папалам.
На гадзіну пазбаўлюся негадзі Адзіноцтва, тугі і турбот... Паплывуць мае думкі, як лебедзі, Да цябе, дарагая, на ўсход.
1953
ЦI ПАЧУЕ...
Ці пачуе плач выгнаньніка Там у далечы яна? Можа боль ад вытню праніка, Ад крутні верацяна Заглушае тое ўтойнае, Што ў грудзёх тугой пяе. Маладосьць высокамройная Мае клопаты свае... Я пакінуў хату бедную, Бы няўцешную ўдаву, I цяпер я сам ня ведаю, Як існую, як жыву. Празь нягоды разгубіліся Сваякі, сябры, сям'я. Толькі вершы пульсам біліся, I ці раз маліўся я: Дзякуй Богу, што занесены На шчасьлівую зямлю. Ды адно — ўсім сэрцам песенным Я няшчасную люблю, Тую — сёньня зрабаваную, — На якой радзіўся, рос, На якой знайшоў каханую У маім заплёце кроз... Цьвёрда, крокамі бадзёрымі Я па вуліцы іду. Пад мурамі-хмарадзёрамі Валаку сваю бяду. Набягае смутак кручаны, Кураць пылам камяні. Прыгадаў сады я Случчыны I лагоду цішыні... А ізноў над камяніцамі Неба выдзерты шкумат. Гэта-ж вочы любай выцьвілі Ў злую восень акурат. Так душа мая, прарочыца Прышлых дзён, снуецца ў сьне. Незнаёмы горад мрочыцца I гамоніць галасьней. Мне здаецца: гмахі хіляцца, Абдымаюцца яны. I зыходзяцца, як сківіцы, Дзьве даўжэзныя сьцяны. Абцугі каменнай вуліцы Ціснуць, муляюць мяне. Сьвет па гэтым не хвалюецца... I жыцьцё далей імкне.
1954
БЕЛАЯ НЯВІННАСЬЦЬ
Была вясна. Былі заручаны. I каля весьніцаў спатканьні. I ўсё было вязьмом закручана: Пагляд, усьмешка і прызнаньні.
Язьмін і дзеўчына. Нявінныя... Салодка вохныя і ў белым. Навошта гэтыя ўспаміны я Сьпяваю часам агрубелым?
Навошта мучыцца пачуцьцямі Высокіх чыстых парываньняў? Маю душу закаламуцілі, Зьвягае старасьць на выгнаньні.
Стаптаць прыгожае і добрае, Сябе самога зьнеахвоціць. Паўзе з закуцьця, ўецца кобраю Нянавісьць, чорнае страхоцьце.
I разяўляе пашчу шырака I сык чуцён з багновай тхлані: — Нам не патрэбна Ваша лірыка Пра вёсны, кветкі і каханьне...
Дармо! Сьпяваю і ня слухаю Пустых гамзатых лемантацый. Хачу, падбіты завірухаю, Часінку радасна сьмяяцца.
Пайду ў мой кветнік, абмінаючы Балота, зарасьлі калючак. Люблю я сонца, шыр і далечы, Люблю я слова так балюча.
Яго шліфую, перасоўваю З радка ў радок дзеля парадку. Ізноў гарыць півонь пунсовая, Цьвітуць настуркі, мак і браткі.
Із гэтых кветак водыр выстаяў, Гаючы подых Беларусі. Яна жыве, мая квяцістая, У жалю матчыным, у скрусе.
Жаданы час надыйдзе. Зьдзейсьніцца. Хай ня са мной, а з маім сынам. Стаяцьме зноў ля родных весьніцаў Былая белая нявіннасьць.
1955
АКТОРКА