Выбрать главу
Гэта наша надзея, З натхненнай ігрой! ...На грудзёх архідэя, Уквечаны строй,
Дыямэнтаў зарніца Сузорыць яе. Выглядае царыцай, Вітае, пяе.
Лёгкай гліцаю песьня Прыносіць з сабой Смольны водыр Палесься У затхлы пакой.
Не асфальт за сьцяною, Ня вуліцы муць,— Панад хатаю хвоі, Як струны, гудуць.
У вячорным сутоньні Ня аўтаў разьбег, — Хлопцы поплавам коні Вядуць на начлег.
А як хораша грае Вясьнянкамі хор — Беларускага краю Пялёсткаў віхор!
Цьвет чарэмхі, бярозы I вохнай альхі... Я у снох не цьвярозы, Да слоў ня глухі.
Захавала акторка Наш родны матыў! Мне салодка і горка, Я ў чарах застыў.
I ўзьняты на хвалях, Гляджу на яе — Ў дыямэнтах, каралях Пастушка пяе.
1955
АПОШНЯЯ РОСТАНЬ
Сумны ўспамінаецца абразок. Наша ростань. Раніца і вазок. I суседзі сельскія, і радня, I мой дзядзька зь лейцамі ля каня.
Сена з канюшынаю у вазку Пахне зелянінаю хмызьняку. I дармо пад ботамі сьнег хрумсьціць, Чорны грак з турботамі ўжо ляціць.
Пачынае пукацца вербалоз. У далёкім грукаце рух калёс. Гора палыновае да мяне Новае, вясновае завіне.
Смагай боль выростае. I ў бядзе У вапошняй ростані аж гудзе. На хурманцы досьвітак назнарок, Каб упіцца ўдосытак, цэдзіць сок.
Перадвесьняй дыхаю, п'ю імжу. Урачыстасьць ціхая. I — кажу: — Я вярнуся, родная, ў гэты край У пару пагодную. Ты чакай...
Дзядзька лейцы кратае — рве каня. Вее перад хатаю цяплыня. Там ты з хусткай белаю у руцэ, Ізь сьлязой зьнямелаю на шчацэ.
1954
ПОЗНЫМ ВЕЧАРАМ
Позным вечарам, ведаю, ў сельскай глущы Разрастаецца вусьціш. На прызьбах нікога. Не пабачыш ніводнай спагаднай душы, Не пачуеш ніводнага слова людзкога.
Ты ў маркотнай зьнямозе. У хаце адна. Запаліла сьвячу, залатую грамніцу. Пiшаш ліст да мяне. Разумееш, аднак,— Не патрапіць твой ліст перайсьці заграніцу.
На гарачай маліцьве складаеш радкi, I ня свету, а мне зразумелыя рэчы — Боль і скарга на долю, і смутак цяжкі, I надзея на дзень увянчанай сустрэчы.
— Дзе ты? Мой... Гэта шчырае ўсё — не мана. Пацалункам пяра моцна ўціснута кропка. У душу — у пабітую шыбу вакна — Урываецца сьцюжа напорна, таропка.
Мо забыцца? Ня мроіць? I ліст да сьвячы — На пялёстак агню... А ці страціла веру? Гэтак, любая, верад жыцьця не лячы, Спапяліш не пачуццi свае, а паперу.
1955
ЗГАДКА
Строгі горад, страшны Бабілён Не згасіў гарачага натхненьня. Спомніў тую восень... Бабы лён Білі і трапалі ў загуменьні.
Жвавы рух дзявочых рук, грудзей; Ляскаталі пранікі і сэрцы. Час ішоў, як добры чарадзей... Чар былога замстаю ня сьцерці.
Сёньня гумнаў сеннае цяпло Захаваў я песьняю сваёю. Акіянам поле праплыло I прапахла сьвежаю ральлёю.
Мілы вобраз радасна узьнік, Бо заўсёды роднае наўвеце: Хата, пуня, хлеўчык і даржнік, Барана і збруя пад павецяй.
I твая усьмешка, і твой сьпеў, Сьвята маладосьці і размовы. Мне шкада, табе я не пасьпеў Выказаць затоеныя словы.
1955
У ЗАСМУЧАНЫХ ЭМОЦЫЯХ
Сабе дарогу песьняй сьцелячы, Шукаю родныя мэлёдыi. Уражаньне зь нью-ёрскай велічы Расьце, а лірай не валодае.
Не, не натхніць мяне шум вуліцы, Сабвэю бразганьне зялезнае! Мур-камяніца ў неба сунецца, Як тая вежа вялічэзная.
Ад ста паверхаў вокны волата Схапілі сонечнае полымя. А ці ў душы маёй, як золата, Зайграе іскрамі вясёлымi?
Туга па бацькаўшчыне моцная, Найбольшая ад гэтай велічы. Іду ў засмучаных эмоцыях, Сабе дарогу песьняй сьцелячы.
1953
ПАСЬЛЯ ПРАЦЫ
Халодным жвірам Нiкне думак жменя. Пясок і цэгла. Шум і мітусьня. Жыцьцё камечыцца Паміж таго каменьня, Хвабрычным дымам Копціцца штодня. На голым урбанізьме Лірыка ня можа Прыгожа, Пышна Краскаю цьвісьці. Дзе сінь, зяленіва — Маё там падарожжа. Я пасьля працы Ў парк люблю зайсьці. Раскошны парк — Мой адпачынак у Нью Ёрку Ад пекла скрыгату, Ад пылу і сьмяцьця. Гарэшкамі Гарэзную вавёрку Я пачастую Ўцешна, як дзіця. Дзівоснай марай Яву агарну: Я ў лесе! З куста зьвярок Даверліва зірне. Паўстануць дні маленства З гоманам Палесься, Да песьняў абуджаючы мяне. Пасьля, Увечары, Калі ў пакоі ціха, Як згасьне дзённы грукат За вакном, — Ізноў паэзія Пачне сьпяваць і дыхаць У снох маіх Каханьнем, Прыгаством.
1953
НА БРАДВЭI
Вячорнае сутоньне расьцьвіло. У чорнае прадоньне б'е сьвятло: Чырвонае, зялёнае, Жоўтае ды белае. Яно — Чароўнае, шалёнае, Жорсткае, трымцелае. Адно — Іскрыстая завея ля вітрын. Маністамі Брадвэю на вятры Калышуцца, ня ўсьцішацца Зыркія вячорныя агні. Цярушацца, мітусяцца Зоркамi у чорнай глыбіні.
1954
АДВЯЧОРКАМ
Горад смуткам цісьне мае плечы, Плача вечар. Горкі вецер сьвішча. Адвячоркам чую голас нейчы Між руінаў там, дзе папялішча.