— Бо нічого іншаго, Майсак, не маюць да работы!.. От, дурнота ўсё і разбэшчанасць!
Рэшткі хлеба людзі паклалі ў торбу, і ўся кампанія пакрочыла на вакзал. Горад яшчэ спаў. Цяпер абураліся бабы.
— Сонца ўзнялося, а яны ўсё яшчэ ў пасцелях вы-лежваюцца! — дзівілася Піліпіха.
— У нас спіна паспее задубянець да гэтай пары, так наробішса! — дадала суседка.
— Бо жывуць чужымі мазалямі і выядаюць усё смачнейшае, што ты выгадуеш ці заробіш!— растлумачыў Майсак.
— Ох і жуву-уць!— падхапіла Хрысціна.— Гэто ж яны булкай і цукрам кожны дзень ласуюццо, а ты купіш якого кухана ў нядзелю, то не ведаеш як дома дзяліць!
— Адрыгнецца ім ўсё гэто!
Піліпіху, якая праслужыла ў паноў не адзін год, расчулілі ўспаміны:
— Бабы, каб вы адно пабачылі, дальбо, сабакі ў іх ядуць смачней, чым нашыя дзеці!.. У маіх быў кабель, то не кожную каўбасу ёў!.. I ў аддзельным пакоі жыў!..
— У хаці?! — дзівілася Хрысціна.
— Дальбог!
Альяш не вытрываў:
— Не ведала? У іх нават нужнікі ў пакоях! А паедзем, бывало, на манебры і мой «ваша благародзя» бярэ з сабой луджаны гаршчочак. Такі — з ручкай! Ноччу, падло, лянуецца выйсці на двор, раніцой яму бяры гэто і вынось, цьфу!
— Ліхо іх ведае, як панскія насы і церпяць! — здзізілася, Хрысціна і аб'явіла з гонарам: — Свайго Жучка я нават і ў сені не ўпускаю. А дзеці ў мяне змалку прывучаныя бегаць у прыстаўку!
— Праўда, бабы, не ўсе добро маюць так, беднякі е і тут! — сказала трэцяя цётка.— Аднаго спыталі: «Дзе жывеш?» — «Пад лодкай ля ракі!» — «А дзе жыве твой брат?» — «У мяне на кватэры. Скразнячок абоім галаву асвяжае, і купанка пад бокам!»
Памаўчалі. Ім насустрач важна крочыў чыноўнік — пан пад гальштукам, са стаячым накрахмаленым каўнерыкам, з бліскучымі шчыблетамі.
— А надуўсо, чысто бусел на нашым выгане! — паказала на яго Руселіха. — Божа, як сумно, мусі, быць такому чалавеку!.. Ні табе пасмейса, бы іншыя людзі, ні ты сядзь сабе на траву, не падзівіса на сонцо, не ўлезь у што-небудзь!.. I як ён зможа рабіць цэлы дзень у гэтакім адзенні!..
Клімовіч таксама паглядзеў з абурэннем на выфранчаных гараджан:
— Робяць яны? Як бы не так!.. У іх свято кожны дзень! Або кніжачкі ў цянёчку чытаюць, або збяруццо і палітыкуюць!..
Альяш перажываў за брата. I Максім хадзіў вось па гэтых самых вуліцах! Крочыў па іх і ў свой апошні дзень... Ён спадзяваўся атрымаць вахмістра па службе і з удзячнасці госпаду богу за павышэнне намерваўся пабудаваць у Востраве на могілках каплічку. Так і не ажаніўся, усё збіраў грошы...
2
Грыбоўшчынцы апынуліся на пероне.
Замрузаныя змазчыкі рыхтавалі ў дарогу паравоз — абстуквалі яго малаткамі, дакручвалі гайкі, залівалі масла ў хадавыя вузлы.
Ля буфета з брызентавым навесам тоўпіліся пасажыры першага і другога класа — элегантныя вайсковыя з шаблямі пры баку, свяшчэннікі і прыказчыкі з сакваяжамі ды ўзбуджаныя і рухавыя яўрэі, якія заўсёды кудысьці спяшаліся.
З аранжавым шнурком ад нагана, важна, бы генерал на пастаменце, сярод перона тырчаў гарадавы, выглядаў сабе які-небудзь занятак ды падкручваў чорныя вусы.
Маладая яўрэйка насіла скрыначку з дарожнымі пакетамі, а вакол яе бутэлек і фруктаў увіваліся восы. Памаляваныя вусны латочніцы яшчэ больш адцянялі белае цела дзяўчыны, а яе прыгажосць напамінала буйную кветку ў цяпліцы, якую мог пашкодзіць першы вецер.
У лужыне паміж рэльсаў блішчалі, пераліваліся перламутрам тлустыя плямы машыннага масла, моклі акуркі і шкарлупа ад яек.
Спалоханыя жанчыны глядзелі на ўсё гэта з насцярожа-най цікавасцю.
— Смярдзіць як нафтай!.. — зморшчылася Руселіха.
— Ля, ён і праўда — увесь з жалеза!— дзівілася з паравоза яе сяброўка. — Паглядзеце, а дым і зверху, і знізу валіць клубамі!.. Страшыдло якое, фу!..
— Альяш, а як ён едзе?— дапытвалася Хрысціна.
— У той пузатай бочцы ўстаўлены вялікі кацёл. У ім грэюць ваду, каб кіпела! Унь тым чорным камнем грэюць! Пара з катла б'е, хлешча па калёсах і штурхае вагоны!
— А-а!..— здзівіліся яны хорам ад таго, як проста створана пачвара і адразу страцілі да яе цікавасць.
— Каб што добрае прыдумалі, а — гэто, чортавы фокусы! — уставіў Майсак.
— Не бог яго стварыў! Людзям зрабіць яго падказаў антыхрыст! — зноў загаварыў Альяш.— Цяпер ад іх уздоўж чыгуначнага палатна ўсе вёскі, лясы пагарэлі!.. Нават трава не расце, каровы перасталі даіцца!
— Бачыш, якая бяда на народ! — уздыхнула бабка Піліпіха. — Шчэ паморак і да нас дойдзе!
— А чаму свіней пакасіло так у нашай вёсцы? Усё ад гэтых фігляў! Чыноўнікі дапалі да грошай і, думаеш, храмы за іх будуюць?.. Калі пакроўскі сабор у Гродне пачалі, а унь — у рыштаванні стаіць і шчэ стаіціме колькі!.. Іхнія выдумкі давядуць, што шылам хлеб есцімем! Трэ было пешшу дабірацца да Кранштата, ды не паспею вярнуцца да жніва!