Выбрать главу

— Далёко, Альяшку! — паспачувала яму Піліпіха.— Ты ўжэ пацярпі на гэтым смярдзючым д'ябле, памолішса там за нас, а мы памятаць усе будзем, як стараешса для вобчаства!

Латочніца паднесла пакет з бутэлькай:

Купіце, пане, у дарогу ліманады!

Альяш зыркнуў на яе спадылба:

— Памый свае лупы ў той унь лужыне пстрычка!

— Адва-ажны ты! — палесцілі яму ўдзячныя бабы, калі латочніца адышла.— Каб толькі прыставу не паскардзіласа!

— А чаго яна лезе?!.— больш за ўсіх абуралася Хрысціна. — Трэба ж так вымазацца, цьфу!.. Нават за дзесяць рублёў не паднесла б такой агіды да сваго рота!

— Падумаць толькі, з голымі рукамі да мужыкоў павылазілі! — падтрымала яе Піліпіха.— Шчэ адно засталосо калені агаліць! Бога не баяцца, распутніцы!.. Дзіво, што пажары і паморкі кругом — як гэты свет зусім не разваліцца!

— А нашыя папы, глянь?! — дадаў Альяш.— Хай ужэ афіцарня, свістуны гэтыя, выядаюць прысмакі, але і яны вытрываць не могуць, каб не распіваць сваіх чаёў і піваў! А дома ў цянёчку, думаеш, святое пісанне чытаюць? Кніжачкі любоўныя! Цьфу!..

— I праўда,— згадзіўся Майсак.— Здаецца, паводзілі б сябе, як належыць пастырам — дастойно і прызваіто, — дык не! Бо грошай маюць без ліку, не ведаюць, куды падзяваць!

Нейкі час усе маўчалі.

Альяш успомніў разварочаны ўзгорак за Грыбоўшчынай, разварушаных багамолаў, братавы грошы, якія страціў, а да мэты было ўсё далёка, і з неспакоем падумаў пра таямнічы Кранштат. А калі і там яму не дапамогуць, што тады рабіць, куды падацца, у каго дапамогі прасіць?..

Вяртацца без нічога ён не меў права.

— То ўзяў бы ў дарогу бутэльку пітва якога-небудзь, грошай табе мы ж сабралі! — параіла Хрысціна.— Наесціса булкі з ліманадай, і больш я нічого не хацела б!..

— Бо ты целу даеш браць верх над душой! А ў мяне бог е, таму я над целам стаю!.. I трымаю яго так, як сказано ў паслані апостала Паўла — чалавек павінен есці мало і толькі тое, што ваздзелае сваімі рукамі.

Дзяжурны пазваніў на пасадку.

З жудаснай няўпэўненасцю ў тое, што чакала ў далёкім Кранштаце, з адчуваннем азарту ад рызыкі — вернецца пераможцам у сяло ці з пустымі рукамі — дзядзька падняў мяшок і накіраваўся да цягніка. Цёткі, бегучы за ім трухтам, лісліва ўпрошвалі:

— Умалі, умалі ты ўжэ, Альяшку, таго цудатворца Іаана, каб ён закінуў слоўцо перад госпадам богам — хай прыйдзе нарэшце пагібель на Паўтарака!

— Дальбо, праўда! Як мы там ні саграшылі за тых Голубаў, за прыпадачную маладзіцу, але хай ужэ злітуецца, хай адменіць кару!

— Сам ты ведаеш, скупілі мы даўно свае віны! Хопіць аж занадто тае мэнкі!

Дзядзька хмыкнуў, шпурнуў мяшок у тамбур і, бытта не сваімі нагамі, палез у вагон.

— Ну, то я паехаў! — пачулі яны толькі з тамбура.

3

Кранштацкаму цудатворцу тады было ўжо амаль восемдзесят. Час, калі бласлаўляючы налева і направа рукой, раз'язджаў ён па гарадах і весях Расіі, а коннікі — прабівалі яму калідор цераз незлічоны натоўп, незваротна прайшоў.

Зараз гэта быў знямоглы стары — азызлы і поўны, бы калода. Дзень і ноч Іаан маліўся, хадакоў прымаў зрэдку, ды і то толькі — самых настырных. У такіх выпадках бедных з багатымі гуртам заводзілі ў невялічкую залу, дзе пачыналася агульная гутарка.

Дабіўся, каб трапіць на прыём, і Альяш.

— Царкву будую, святы ойча! — аб'явіў ён, калі пасля нейкага генерала дайшла да яго чарга. — Прадаў сваю зямлю восем дзесяцін... Ды братавых грошай было... I будую во...

Протаіерэй не паверыў сваім вушам.

— Свой надзел прадаў?!

— Так. У Гродзенскай губерні, на граніцы з Польскім Царствам, айцец Іаан, — пачціва ўдакладніў памочнік.

Хвіліну панавала прыемнае маўчанне.

— Чуеце?!— узрадаваўся Іаан.— Чалавек не па шчасце сваім дочкам ехаў сюды, як гэты генерал! I не моліць, каб сусед яго згарэў, бы маліла тая памешчыца!.. Не сабе здароўя і выгоды просіць, як многія з вас тут плакаліся перада мной, а — пра ратаванне людскіх душ думае!..

Цудатворац абвёў прысутных пераможна вачыма— бытта людзей, ад якіх чакаў толькі нядобрага.

— Не-е, у нас ніколі не было і ніколі не будзе месца грахаводнаму вальнадумству!.. Расія такі ачысціцца ад мякіны — розных сацыялістаў-бязбожнікаў ды анархістаў-вар'ятаў і не пагразне ў бездані распусты, у твані ганьбы!.. Чым мы былі б без цара?! Праз такіх во людзей тысячагадовая Расійская імперыя стане яшчэ благадзенстваваць!.. Ну, ну, выкладвай усё, слухаю цябе, сын мой!