Альяш меўся яшчэ сказаць, як не хапіла ў яго грошай, як выбіўся з сілы і ўжо страціў надзею, бо пачалі смяяцца мужыкі, як апанавала яго сумненне. Але прысутныя ў зале глядзелі на селяніна з такой пашанай, а вочы старога з гладка прычасанымі валасамі на рыхлым ілбе так добразычліва і цёпла глядзелі, што дзядзька Альяш раптам адчуў, як яго напаўняе якаясць дужасць і моц.
Шчыра ўсхваляваны протаіерэй дарэмна чакаў, каб барадаты беларус сказаў што-небудзь яшчэ, каб паслухалі прысутныя.
— Нават землю прадаў?!— прыглядаўся Іаан да грыбоўшчынца з нехаванай зайздрасцю. — Гэтая ахвяра, мужык, пахвальная, за табой по-ойдуць, ох, як пойдуць! — паківаў ён галавой не то ад захаплення, не то ад зайздрасці і з патэтыкай закрычаў: — Рускі чалавек, хто навучыў цябе непакорнасці і бяздумным мяцяжам?! Аднак, — невычэрпная крыніца таленту народнага! Гасподзь бог неўзабаве адкрые ўсім вочы, як адкрыў гэтаму чалавеку!..
Прысутныя лісліва і з зайздрасцю паківалі галовамі. Цудатворац на хвіліну задумаўся.
— Толькі ведай, чалавеча, шлях твой будзе не ружамі высланы! Стане ён цярністым і горкім!— загаварыў ён зноў.— Не спадабаешся ты сваім бацюшкам! Ох, не спадабаешся, станеш ім папярок горла!.. Аднак ты, мужык, не звяртай увагі на іх, усім сэрцам трымайся бога, любві к цару і рабі, прадаўжай сваё!
Альяш рос ва ўласных вачах.
Протаіерэй хацеў сказаць пра папоў яшчэ нешта, але асцерагаўся, каб не прычапілася кансісторыя.
— Не здавайся, сыне мой! Упарта ідзі, і ідзі па вызначанаму табе божым духам шляху! Усё рабі так, як падказвае табе сумленнае сэрца праваслаўнага чалавека, спазнаеш тады шчасце перамогі і блажэнны будзеш, сын мой, як блажэнны думкі твае і дзеянні, а ўсе твае зайздроснікі развеюцца, як разлятаецца нікчэмны попел ад подыху ветра!
Старац перахрысціў пілігрыма, нечакана яшчэ і пакланіўся, а за цудатворцам грыбоўшчынскаму дзядзьку паспешліва пакланіліся ўсе, хто знаходзіўся ў зале.
— Да ўсяліць гасподзь бог сілу ў цябе для тваёй пачэснай справы і падтрымае ўсемагутнай сваёй дзясніцай ды захавае тваё здароўе да глыбокай старасці, амін!
— Амін! — з пашанай хорам прашапталі пасаром-леныя хадакі.
I протаіерэй пачаў слухаць другога барадача — чалавека з Паволжа, які ўжо скардзіўся, што на свіней напаў паморак і ніхто не можа даць рады — ні малітвы, ні ветэрынары.
Альяш прынёс Іаану ў ахвяру некалькі рублёў. У канцылярыі протаіерэя грошы прынялі і выдалі Альяшу па ўсёй форме квіток — на гербавай паперы з царкоўнымі знакамі, з каляровым малюнкам Андрэеўскага сабора.
З гэтым бласлаўленнем і квітком дзядзька і адправіўся дадому.
1
А ў Грыбоўшчыне за гэты час адбылася драма.
У вёсцы жылі тры браты Аўхімюкі. Тыя самыя, якіх яшчэ пастушкамі цягаў на спіне Паўтарак, каб паказаць сваю сілу. Старэйшы з іх, Іван, служыў у войску, але захварэў на сухоты, і яго датэрмінова адправілі дамоў. Базыль і Валодзька заставаліся на гаспадарцы.
Сядзеў сабе аднойчы Іван на лавачцы перад хатай ды грэўся на сонцы, а яго браты пад акапам пілавалі на зіму дровы. Аднекуль узяўся п'яны Паўтарак. Бандыт хапіў хворага за галаву, пачаў гнуць Івану курну і бубніць:
— Ага... тваю маць, ездзіў па мне калісь на выгане, прызнавайса?!
Падскочыў на падмогу самы малодшы брат, Валодзька. Бандыт піхнуў яго локцем, I Валодзыса апыніўся аж у крапіве пад плотам.
— Прызнавайса, ездзіў?!.
Іван пачаў вырывацца, потым прасіць:
— Не збыткуй, мы ж дзяцьмі тады былі, што ты ўздумаў!
Паўтарак разлютаваў.
— Не падабаецца?.. Цурык!.. Зара шчэ не так зраблю! Я табе голаў у с... запіхну!
Валодзька зноў наляцеў на яго пеўнем, але зрабіць нічога так і не змог.
З жахам убачыўшы, што Іван ужо пасінеў і з рота ў яго пацякла кроў, Базыль шмыгнуў у хату, выхапіў з шафы дубальтоўку і праткнуў ствалом шыбіну.
— Ну, нягоднік, маліса! Амба табе!
Паўтарак павярнуў галаву, папярэдзіў:
— Кінь забаўляцца гэтым!
— Даўно-о я чакаў такого моманту!— узвёў Базыль куркі. — Бэбахі зара вы-ыпушчу!
Паўтарак схапіў паўпол Івана з Валодзькам:
— Страляй цяпер, ну!
— А-а, маладзец супроць авец, хаваешса за іх, збаяўсо, падло?!
— Хто, я-а?!
Бандыт братоў адпусціў.
Хлопцы разбегліся, а Паўтарак усім сваім анамалічным корпусам павярнуўся да акна, яшчэ нават узяўся ў бокі.
— Ну, паглядзім, які ты адважны! — прабубніў скрозь нерухомыя вусны.
Базыль і бабахнуў бандыту ў жывот адразу двума зарадамі.