I вось за сабраныя такім чынам сродкі ў 1926 годзе Альяш Клімовіч, хоць застаўся без зямлі і сям'і, але «храм» такі пабудаваў. Выйшла звычайная, пабеленая вапнай цэркаўка, што белым яечкам цяпер прыгажэла на ўзгорку і здалёк кідалася ўсім у вочы, калі хто ехаў у Крынкі.
Будавалі самавукі-дойліды — людзі з бліжэйшых вёсак, без ніякіх, вядома, чарцяжоў, таму, калі глядзець на яе зблізку аб сіметрыі і лёгкасці прапорцый гаварыць не прыходзілася, затое ў вастраверхіх і тонкіх купалах нават і прафану кідаліся ў вочы элементы касцёльнай готыкі. Альяш гаварыў, што ў сне часта з'яўлялася маці і наказвала будаваць так, а не іначай.
Менавіта вакол гэтай будыніны бушавалі потым такія страсці.
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1
Успрыняцце грыбоўшчынскага дзіва для мяне ішло праз падзеі ў сям'і.
У нашай хаце жыла бацькава сястра, цётка Хімка. Летам 1915 года Гродзеншчыну займалі кайзераўскія войскі. Цётка, уцякаючы ад немцаў, разам з усімі страінаўцамі адправілася ў Казань. Калі ж наступіў час вяртання, дачку з сынам яна пакінула ў сваякоў і вярнулася ў вёску адна.
Перабіваючыся ў Страшаве на адной крапіве і лебядзе, жанчына збіралася дзяцей забраць потым, калі ўзніме разваленую вайной халупку, завядзе якую-небудзь кароўку, узаб'ецца на парася. Але нечакана ўстанавілася цвёрдая граніца — у Казань цётку больш не пусцілі, як яна ні абівала парогі гміны і староства.
Спачатку Хімчын сын пісаў, што вучыцца на лётчыка, а дачка — на доктаршу, ды сувязь з дзецьмі абарвалася, і Хімка ўжо даўно не мела ад іх вестак.
Затое да бацькавай сястры даходзілі жудасныя чуткі з Расіі. Бытта там — на жанчынах аруць. Усіх бацюшак адправілі на Салаўкі і на іх возяць лес. У цэрквах парабілі канюшні. А каб не было лішніх ратоў, калі паўторыцца голад, палавіну дзяцей забіваюць, тады малыя трупікі высушваюць, мелюць на муку і такім страшным парашком пасыпаюць палі сельскіх камун...
Не кожны чалавек, на жаль, з гадамі разумнее.
Ахопленая непакоем, асуджаная вескай, што ў свой час пакінула дзяцей адных на чужбіне, вінаватая кабеціна старалася ўсім дагадзіць. Маме не давала ўзяць у рукі вядра. Суседзям біла масла, церла лён, даглядала дзяцей. I ні ў кога не брала платы нават падарункамі!
Непрыкметна жанчына ўпадаць пачала ў містыку. Цётка Хімка гадзінамі выстойвала на каленях перад абразамі, усё як бы чакала, чакала якога-небудзь збавення, прагна выглядала цуды і дачакалася.
Абкружаная дзецьмі, аднойчы ўбегла яна ў хату ды з парога закрычала:
— Услухайцеса, брат, што скажу!.. Слухайце, браціха!.. То ж на пагорку ля Грыбоўшчыны пад лесам раптам вырасла з зямлі святая царква з цудатворнымі іконамі — Журовіцкай божай маці на грушы і младзенцам Гаўрыілам!
Мы якраз абедалі.
— А ты сама бачыла?— прыпадняў з-над міскі галаву злосны бацька.
— Людзі гавораць!
Брат яе сурова аблаяў:
— Дзяцінееш ты ці якую халеру?! Толькі слухай кожнаго, наплятуць табе!.. Лётаеш па вёсцы і байкі разносіш!.. А камору ўсю іконамі заваліла!.. От, дальбо, выберу час, дабярусо туды ды папалю ўсё, так і ведай! А багамолкі твае ў хату маю хай не паказуваюццо, не сунуць і носа!.. Няма табе іншаго занятку, як блытацца з кожнай?.. Жыла б сабе ў Расеі з дачкой ці сынам, як пані, мо і ўнукаў гадавала б цяпер, а так — вар'юеш во дзень у дзень!
Але Хімка і не думала крыўдзіцца — да братавых нападак прызвычаілася даўно.
— Дальбо, вар'юю, шчэ і як!— уніжана паддакнула яна брату.
Цётка паперла ўжо вестку на вуліцу. За ёю памчала чарада малых. Хутчэй пастараліся даесці ды вылецець на двор, каб, барані бог, не прапусціць нічога, і я з братам.
Дзеці за Хімкай прападалі.
Калі саджалі ў печ хлеб, з астаткаў цеста яна нам выпякала то адмысловыя гускі, то бусліныя лапкі. Хімка ведала пра ўсё на свеце.
Спытай яе — чаму з бярозы сок цячэ? «Бо калісь маладзіца прадала мужа, бог яе замяніў на бярозу, і яна кожную вясну, калі так хораша на дварэ і цешацца ўсе людзі ды птушачкі шчабечуць,— плача па ім салодка-горкімі слязьмі!» А чаму зязюля кукуе? «Гэто дзяўчына пасля смерці так усё каханаго кліча: «Якуб! Якуб!..»
Так яна магла расказваць гісторыю кожнага дрэва і былінкі, кожнай птахі, і на гэта не трэба было надта цётку і ўпрошваць!