Выбрать главу

З Гродзенскай настаўніцкай семінарыі, з Беластоцкай гандлёвай школы туды зачасцілі на заробкі студэнты. Хлопцы нейкі час мелі сабе крыніцу нажывы. Вучоба каштавала не абы-якія грошы, мой адзін знаёмы, дзякуючы Альяшу, скончыў нават сярэднюю прафесіянальную школу.

Грашовыя ахвяры пілігрымы складвалі проста ў горбачкі перад іконамі. Студэнт на каленях дапаўзаў да маці божай, старанна біў паклоны, і адначасова вуснамі стараўся захапіць як мага больш залатовак, ды языком запіхваў сабе іх за шчаку. Тады хлопец выбіраўся на двор, хутчэй перакладваў мокрыя залатоўкі ў кішэню і зараз жа ўшчымляўся ў натоўп, наравіў зрабіць другі заход.

Такія былі плотачкі.

З усяе Польшчы хльшулі ў Грыбоўшчыну жабракі і валацугі, зладзеі і жулікі.

— Матко, абнавіць вам ікону? — прыставаў іншы такі тып да гаспадыні, трымаючы ў бутэльцы нейкую вадкасць, а ў руцэ пэндзаль.— Будзе свяціцца — аж ззяць, і танна каштуе!

— У нас сваіх цудаў хапае!— выправаджалі камбінатараў мужыкі.

Мабыць, толькі абнавіцелям у Грыбоўшчыне і не шанцавала. Затое іншым прайдзісветам пажыва была не малая.

Аднаго разу ў Гуронах да Кастэцкага Мірона зайшоў малады ды рухавы паўпанак з Беластока.

— Я — Вацэк,— адрэкамендаваўся гаспадару.— Патрэбен мне конь да вечара. Дам пяць злотых за дзень!

З палявой работы Мірон якраз управіўся, конь стаяў без дзела, пяць злотых не валяліся.

— Можно і згаварыцца...

— Бочка ў цябе знойдзецца? — бойка пытаўся далей Вацэк.

— Хіба тая кадушка, што гуркі зімой былі? — пачухаў патыліцу Мірон.— Толькі смярдзіць, бо каб не рассохласа, расолу шчэ не выліваў!..

Госць энергічна закамандаваў:

— Абы не працякала. Валачы!

Яны заехалі ў Вострава да калодзежа і набралі поўную кадушку вады. Паўпанак уліў у яе бутылку сіропу, кіёчкам размяшаў. Тады жменяй зачэрнуў з кадушкі малінавую вадкасць, пакаштаваў і з гідлівасцю плюхнуў астаткі назад:

— Цьфу, пойла!.. Ладна, будуць жлуктаць і такую!.. Язджай пад сваю царкву!

Прыбыла фурманка на святы ўзгорак, і яе адразу абступіў народ.

— Пяць грошаў за шклянку! — аб'явіў Вацэк ды закрычаў на людзей: — Што вы, як быдло якое! А ну, выстраіцца мне ўсім у калейку!

За трэцім заездам у Вострава беластачаніну не хапіла сіропу, але людзі ахвотна плацілі і за звычайную ваду.

Побач з тым месцам, дзе яны так гандлявалі неса-лоджаным пітвом, шчоўкаў пустым затворам фотаапарата, браў задатак і нават выпісваў квітанцыі ды абяцаў людзям праз тыдзень фатаграфии Вацэкаў сябар. К абеду «фатограф» раптам склаў сваю трыногу, падышоў да Вацэка, усхвалявана нешта шапнуў, і ў таго адразу адпала ахвота ад гандлю.

Вацэк дастаў з кішэні жменю манет, запрапанаваў:

— Фурман, бяры сваю долю і валяй дамоў!

— Надто много... Мы дамаўляліса...

— Ты варт гэтага. Хапай, калі даюць!..

Аднак Мірон набраў манетак роўна на пяць злотых.

Махінатар паўзіраўся на Кастэцкага са шкадаваннем і паціснуў плячыма:

— Ідыёт!

Абодва паўпанкі накіраваліся да царквы. З развязанасцю адпетых бандзюгаў расштурхалі яны бабак, дабраліся да галоўнай іконы і на вачах натоўпу напхалі сабе кішэні купюрамі.

Покуль ашаломленыя святатацтвам бабкі апамяталіся, покуль вярнулася да іх здольнаець галасіць, жулікі былі ўжо на вуліцы. На цвінтары ўзняліся паніка і лямант. Мужчыны рынуліся з каламі за зладзеямі, але тыя ўпалі ў хвойнічак, і толькі іх бачылі.

То быў звычайны эпізод, пра яго да вечара забыліся.

У распараджэнні прарока і пасля пакраж заставаліся сумы не малыя. На здаровы розум з такімі сродкамі Клімовіч і праўда мог бы што-небудзь карыснае зрабіць народу — пабудаваць у вёсцы школу, бальніцу, дапамагаць бедным, але дзядзька ад гэтага быў надта далёкі.

Нават калі хто з вяскоўцаў прыходзіў да Клімовіча пазычыць на каня, які зламаў нагу, на карову, бо дзеці жылі без малака, дзядзька Альяш ніколі грошай не даваў. Нават не вельмі ўступаў пра гэта ў гаворку. Збедніцца і кажа:

— Адкуль іх узяць — я сам думаю пра гэто! Столькі мне тірэ будаваць шчэ, званы купіць!..

Аднойчы зяця яго завезлі ў беластоцкую бальніцу выразаць сляпую кішку, і да Альяша раніцой прыбегла ўсхваляваная дачка, Вольга.

— Здрасце, тату! Ну, як вы жывеце тута? — акінула яна позіркам бедную хацінку.— Столькі гадоў у нашым доме ні разу не была!.. Ой, якое ў вас усё чорнае і бруднае!.. Не мыеце нічого, не праветрываеце хаты! О, нават смецце не падмятаеце, чаму-у?