Да хрыпаты спрачаліся — Іуда быў падасланы рымлянамі да Ісуса Хрыста як шпіён ці потым прадаўся?..
— Хлопцы, хопіць на дзісь! — першым спахапіўся самы аўтарытэтны на вёсцы: паляўнічы Аўхімюк Базыль.— Давайце напаследак зробім шчэ па адной цыгарцы і будзем разыходзіцца. Жонка і так аблае, што позно,— хоць не вяртайса дадому!
Прыкурваючы ў яго, аганьбаваны сваёй кабецінай Чарнецкі Банадык пакпіў:
— Баязлівы, падло, стаў надта! Бач — бабе патурае!.. То магу за цябе я схадзіць, хай аблае і твая!
— Гандзя мая разбярэцца.
— Ы-ых, хваліся!.. Зраблю так, што ніколі не пазнае!
— Ат, фраер, не брашы дармо.
Шчэ і не верыш? На паўкварты спорым?
Базыля заела: яго слухалі і абодва браты.
— Ну, ну, можам і паспорыць. Паспрабуй, рызыкант!
Дай пяць!
Мужчыны разбілі ім рукі.
Увішны і малы Чарнецкі лакома пацягнуў пару разоў цыгарку, бліснуўшы ў цемры агеньчыкам, а тады жывую жарынку кінуў пад ногі і затаптаў. Затым Банадык ссунуў на патыліцу замусоленую кепку, крэкнуў ды рашуча пакрочыў у Базылёў дом. Усе павыцягвалі шыі — чакалі, што з гэтага прадстаўлення атрымаецца. Аўхімюк прагна курыў ды меркаваў:
«Няўжэ ашукае яе?.. Не павінен, здаецца... Зрэшты, сонная баба, можа, халера, і паверыць — такі брахун, а жыве насупроць, ведае твой кожны куточак!..»
Базыль выразна сабе ўяўляў, як сябар з сяней заходзіць на яго кухню, адхіляе пасцілку, якой завешаны ўваход у бакоўку, як набліжаецца да ложка. Сапуць дзеці, басавіта гудуць патрывожаныя мухі, а яго Генадзя спрасонку бурчыць на Чарнецкага Банадыка:
«Базыль, ты?.. Угамону табе няма!.. Патураеш маладым, бы маленькі!.. Калі ты асцепянішса? Еш бульбу на пліце і кладзіса хутчэй, раніца ж хутко!..»
Банадык невыразна бубніць, сядае на край ложка, сцягвае боты, бярэцца знімаць нагавіцы. Ужо Чарнецкі павінен легчы, і ад яго цяжару скрыпне ложак...
Мужчыны на каменнях захіхікалі. Тым часам Аўхімюку стала не па сабе.
«А-а, то ты та-ак?!» — падумаў ён з абурэннем пра жонку.
Базыль з трывогай каўтнуў сліну ў перасохлым горле, сціснуў кулакі, сабраўся рынуцца дадому, калі раптам за акенцамі немым голасам завішчала кабета:
— А-а!..
Мужчыны зарагаталі.
— О-о, Гендзю маю не абдурыш, морду яму расцарапае файно!— пахваліўся адразу супакоены муж.
Аўхімюк кінуў акурак, растаптаў агеньчык і здаволена пакрочыў у сенцы. Адтуль з адным ботам у руках вылецеў Чарнецкі Банадык. Цяпер, трымаючыся за жываты, мужыкі аж клаліся на дарогу, і ад іхняга рогату папрачыналіся ў хлеўчыку Гандзіны гусі ды нарабілі панічнага крыку.
Чужы чалавек, назіраючы збоку за вулічнай сцэнкай, напэўна, і не заўважыў бы, як пад вонкавай весялосцю грыбоўшчынскіх мужыкоў грызе трывога, а гэтая вёсачка ўжо колькі гадоў бударажыць акругу.
Усё пачалося з нявіннай падзеі ў той час, калі некаторых гумарыстаў яшчэ не было і на свеце. На гэтым здарэнні я вымушаны спыніцца падрабязна.
2
Аднаго разу ў Грыбоўшчыну прыплялася струнастая, таўстаногая дзяўчына. Пару тыдняў яна трапала Русялям лён, часала воўну, прала кудзелю — рабіла ўсё, што ёй загадвалі. Ніхто не ведаў ні яе бацькоў, ні яе імя, ні нават — з якой яна вёскі.
Русялёва Марыся апавядала суседкам: — Рахманая надто і пакорная, але рабіць можа, калі вока не спускаеш з яе, бо лён ці канопля, ці воўна для яе ўсё роўно!.. Ды я гэто ведаю! У мяне старэйшая так падрасла, а — ні слова не гаворыць, і, бачу, гэтаксамо — з галавой нярыхтык! Пашлеш яе агароды палоць, яна буракі павырывае, а лебяду пакіне! Бяда, што рабіць? У ахвяру і кужаль у царкву занесла, вадзіла і па знахарках, і ў манастыры!.. Ажно ў Журовіцах стары манах пытае: «У які дзень яна ў цябе нарадзіласа?» Я сказала. Тады ён: «Э, цётка, не дуры сабе галавы, бо ніц не будзе! Хто народзіцца на благавегачанне — кожны такі!.. «То і гэтая, бабы, напэўно, нарадзіласа ў такі час!
Нібы гэта мела бог ведае якое значэнне, уражаныя цёткі адна ў адной заклапочана слыталіся:
— Але якой яна веры?
— Трэ неяк выведаць!..
Жанчына ўзялася прыблуду экзаменаваць.
Лаўрэнава Юзэфіна прачытала над дзеўкай «Ойчэ наш» па-польску, Марыся — па-руску, аднак беднае дзяўчо толькі зыркала на іх дзікаватымі вачыма і не разумела, чаго ад яе дабіваюцца.
Дасціпныя цёткі прыперлі два распяцці — ад бацюшкі і ксяндза. Нямая ўбачыла медныя крыжы, адразу завішчала ды закалацілася ад страху. Праверылі яшчэ раз — яна баялася аднолькава і таго распяцця і другога.