Выбрать главу

Толькі цяпер яна ўбачыла двух жанок-міраносіц, якія прытаіліся за бацькавым ложкам і над адчыненым куфэркам.

— Ужэ не могуць дапамагчы вам гэтыя кватаранткі, адсохлі б ім рукі! — абурылася дачка.

У Альяша якраз жыла наша Хімка з Сахарышынай пляменніцай.

— Калі ваш тато не хо-очуць, каб мы яму прыбіралі! — вінавата ўставіла цётка Хімка.— Колькі раз мы браліса, але яны не даюць!

Вольга цётак не заўважала:

— Ладно, потым навяду парадак — прыйду знарок. Цяпер я да вас па справе!

Дачка сцішыла голас і папрасіла:

— Тату, дайце грошай. Дахтары патрабуюць дзвесці злотых за аперацыю і гавораць, калі не заплачу напярод, да Волеся нават і не падступяцца, глядзець не стануць! А дзе ж мне ўзяць такі маёнтак, падумайце самі,— гэта ж дзве каровы!

У бацькі — ні спачування, ні спагады, ні цікавасці, хоць ён дачкі столькі не бачыў. У яго вачах была адна насцярожанасць.

— Нікому не даю! — заматляў галавой.

Вольга не спадзявалася, што стары адразу яе і па-слухаецца, таму не пакрыўдзілася. Яна рашуча падсела да яго на лаву, працягвала сваё.

— Каб быў які хваравекі, як некаторыя мужыкі, а то — гэткі здаровы мужчына!.. Ніколі не хварэў — бы корч той, вы ж яго добро ведаеце!.. А ўзяло!.. Богам малю — дайце, тату! У вас жа і так раскрадваюць іх, хто толькі хоча! Не шкадуйце для такой справы!.. Дахтарам — што!.. Памятаеце Балейку з Гарадка?.. Ён не заплаціў, так жонка і памерла ў пустым калідоры гарадоцкай бальніцы!..

Стары сурова маўчаў.

— Загіне Волесь, застануцца сіроты, што ж я з імі рабі-іці-му, у-гу-гу-гу-уу!..— паспрабавала яна разжалабіць бацьку плачом.— Вы ж мяне і замуж аддалі без ніякаго пасагу, і ад спадчыны дзядзькі Максіма нічого не дасталосо, то пашкадуйце хоць цяпер! Што для вас значыць якія-небудзь дзвесці злотых, калі ў вас е тысячы!

— Не магу, Вольга, царкоўныя яны, не мае. Грэх мне іх раздаваць! — уздыхнуў ён цяжка і хвіліну памаўчаў, як бы паўзіраўся ў сябе.— Дасць бог — чалавек твой не памрэ, не плач. Валасінка не спадзе з галавы нашай без волі госпада!

Ашалелая маладзіца нейкі час моўчкі, неразумна глядзела на бацьку.

— А-а, то вы ўсё такія ж са-амыя?!.— раптам яе прарвала, а застылыя ля пераносіцы дзве слязінкі заіскрыліся халоднымі аганькамі.— Так слухайце ж цяпер, тату, я вам скажу ўсю праўду! Вартаўнік ваш, Фэлюсь Станкевіч, — злодзей! Ён вас абакраў! Ніякаго чорта ў царкві тады не было!.. Фэлюсь упусціў вам чорнаго пеўня праз акно!.. Вы з царквы кінуліся бегчы, а ён сабраў у мяшок грошы і перадаў швагру ў Шудзялава!.. А швагер той адразу купіў малатарню, астатнія паклаў на кніжку і цяпер з вас, дурня, смяецца! Панапіваюццо ў крынкаўскім рэстаране і хваляцца, які прыбытак дае ім ваша царква! Ха-ха! З-за яе вы зусім з глузду з'ехалі!.. Завялі сабе такую макулу і гуляеце, а што каля вас вычаўпляюць — не бачыце!..

Яе словы чулі багамолкі. Самалюбівы стары сумеўся:

— Як са мной гаворыш?! Ты што — павуча-аць мяне ўздумала, дзеля гэтага прыйшла?!

Няпрошаныя слухачкі Вольгу толькі акрылілі.

— Слухайце, тату, слухайце, я не скончыла шчэ ўсяго!.. Праз яе вы і маму загналі ў магілу!.. Фэйчар з Крынак як ёй грэбень з галавы выдзіраў — забыліса?! Яны хутко потым і памерлі!.. I дзядзькавы пяць тысяч на царкву звялі!.. Нават Толік праз яе на вайну пайшоў!.. З-за яе часамі і я пачынаю ў бога не верыць!.. Бо, здаецца, калі б ён быў там дзе-небудзь на небе, хоць які, нават — самы дурны, не можа быць, каб дазволіў вычаўпляць усё гэто! Ён даўно паслаў бы перуны на вашу паршывую царкву!

— Госпадзі Ісусе! — перапалохана захрысцілася жана-міраносіца з Меляшкоў.— Даруй ёй грэх яе!

— Шчэ і багаху-уліш?! — выбухнуў стары.

— Кажэце, кажэце сабе што хочаце, я вываліла, што думала, бо інакш не магла!

— Як гаворыш з родным бацькам, пытаю, заменак і блюзнерка ты?!

Дачка яшчэ больш павысіла голас.

— Які вы мне бацько?!. Ці вы мяне хоць адну зіму ў школу з іншымі дзяцьмі пусцілі?! Ці вы мяне, як была малой, хоць на воз з сабой куды ўзялі?.. Ці вы мне якую казку расказалі або па галаве пагладзілі, пашкадавалі?!.

— Вытыка-аць роднаму бацьку, папрака-аць мяне ўздумала?!. Ты для бацькі... Ты для яго... Ты павінна мне рукі і ногі цалаваць і да зямлі кланяцца! Даўно я цябе крапівой сцябаў, распуста!

— Во, во, заўсёды вы так!.. Ці хоць раз я ад вас добрае слово пачула, ці вы мне калі хоць раз кухана купілі?!

— Пра булкі загаварыла?! Не аб душы, а унь пра што, аб распусце ўспомніла?!— усхапіўся з лавы, пайшоў да яе разлютаваны ўжо Альяш.— Плявузгаць на роднага бацьку прывалакласа сюды?! Хібо я пры сваім так пасмеў бы?.. Хібо я бацькоў сваіх калі-небудзь...

Дачка не зварухнулася з месца, з выклікам глядзела ў вочы старому. Альяш азірнуўся, каб хапіць што-небудзь у рукі, але нічога не трапляла.