Выбрать главу

— А-а, глядзяць вельмі, кажаш?— не то ў жарт, не то ўсур'ёз, перапытала мама.

— А то як жа! Туды хацелі б усе, вядомо!.. Мая мама трапяць у рай напэўно. Яны — ні аднаго пацера, ні паста не прапусцілі, ні адной лаянкі не вымавілі, у нядзелю нажа ў рукі не ўзялі!.. А я надто грэшная. О-ой, грэшная, о-ой, як!.. Ужэ ў мяне ўсё до-обро, до-обро ідзе, а потым і сама не бачу, калі наемса без меры ці пачынаю абгаворваць сваіх дзяўчат... Ніхто не чуе, у галаве сабе абгаворваю, але ж гэто — усё роўно! — дзяўчына са шкадаваннем уздыхнула: — Сатана, вядомо, падбівае, а я паддаюсо яму...

— I ніяк не можаш стрымацца?

— Ох, і малюсо, і кару сабе прыдумваю, а ўсё дарэмно!

Мне таксама было дасканала вядома, за што туды трапляюць. За знішчаную вужаку бог даруе чатыры грахі. За ссечаную крапіву пад плотам — пяць грахоў мінус. Напаскудзіш у рэчку — дабавіш супроць сябе два, кінеш на зямлю кавалачак хлеба — тры. I адразу даруюцца ўсе грахі, калі заб'еш рапуху. Але ж рапуха — ведзьма, паспрабуй забі толькі! Покуль замахнешся каменем, кіне чары, і яшчэ памрэ твой бацька ці маці!

Я старанна вёў падлік сваім прамашкам. Падлічваў кожнага забітага на балоце ці ў лесе гада, знішчаную на вёсцы крапіву ды ўважліва сачыў, каб сума адных учынкаў заўсёды перакрывала другія. Выходзіў цвёрды баланс, не ўпусціць мяне з Нюркай у рай ніхто не меў права.

Найбольшай прыемнасцю было ствараць фантастычныя вобразы, як я з ёю лунаў сярод аблокаў і нам свяціла сонца, гучалі пчолы, клапатлівыя чмялі задам выбіраліся з кветак, на страсе ля рэчкі клекатаў бусел, а яго бусляняты з яшчэ чорнымі дзюбамі прабавалі крылы.

— ...Лоні абнавіласа ікона і ў нас,— адкусіўшы пітку, цягнула дзяўчына ўжо пра іншае.— Спасіцель абнавіўсо. Развесіла я тады бялізну на плоце, вярнуласа, а штоеь зіхаціць на ўсю хату!.. Мы з мамай глядзь! Ажно ікона гэто!.. Альяш падарыў маме і тату аж дзве. Такія фа-айныя, бага-атыя — за шклом абедзвія!.. Блаславіў і кажа: «Наце, на вашу жызню бу-дзе: табе — спасіцель, а табе, Ганна, Заблудаўскі Гаўрыіл...»

— А чаму яны ўсё абнаўляюццо, скажы ты мне, Нюрка?— гэтаксама паўжартам, паўсур'ёзна пацікавілася мама.

— Такая е тайна божая, цётку, такая е сіла гасподня. А як вы хочаце?.. Усё ж такі лік святы!.. Або часамі на чалавека надыдзе неразгаданая сіла боская, і ён сам не ведае тады, што і скажа. Як на Альяша. Яму так адкрыто, што ён кожнаму ўказвае на грэх. Аж жутко — так адданы богу і служыць праўдзе! Якаясць гарадская маладзіца падышла да бласлаўлен-ня, Альяш ёй: «Ты свае валасы падвітыя выкінь і шпількі павыкідвай. Думаеш, ашукаеш каго?» А яна і праўда так харашэ падвіла сабе іх, бо кароткія былі, ледзь і разгадаеш!.. Гэтак ён кожнаму, цётку, адразу праўду ў вочы кіне — ці пра твой блуд які, ці фальш або махлярства...

Жанчыны хвіліну памаўчалі.

— Штось нашай Хімкі даўно няма з Грыбоўшчыны,— успомніла мама.— Трэці тыдзень моліцца там... I гаспадарка зрабілася для беднай нямілая, яе бульбу мусела я матыкаваць!.. Мо назаўсёды там застанецца? Але ж хто стане тады яе гектары абрабляць, нам і на свае часу не надто хапае!

— Жоны-міраносіцы работы там ма-аюць!.. I нашыя дзяўчаты з Забагоннікаў пайшлі туды!

Нюрка ўздыхнула над асновай, задумалася.

— Альяш бярэ іх у святыя дзевы... Вытку вам гэтыя дываны, пайду туды таксамо.

— Пойдзеш?..— паспачувала мама.

— Чаму не пайсці, падумайце, цётко Марусё?.. Дзяўчаты нашыя добро там маюць так!.. Толькі много псалмаў даводзіцца развучваць, але ж хібо гэто работа?.. Жывуць сабе на ўсім гатовым...

«А як жа я без Нюркі буду?»— агарнуў мяне жах. Нейкі час толькі стукала бёрда, і са свістам прашываў ніткі чаўнок.

— Цётко Марусё, а Ілья хутко і праз ваша Страшаво будзе ехаць.

— Адкуль ты ўзяла гэто?

— От, пабачыце,— таямніча намякнуў мой анёл.— Ведаю, што кажу...

— I чаго чорт панясе сюды яго?

— Так яму ўсё ўказвае.

2

Паступова нашу вёску пачала разбіраць ліхаманка, што вось-вось з'явіцца Альяш. Цяпер бабы толькі і гаварылі пра падзею. Мужчыны гразіліся, што падстрояць фокус.

— Хай, хай адно з'явіцца!..— нядобра бліскаў вачыма бацька.

— О-о, Страшаво яму не якія-небудзь Празнікі!..— гаварылі іншыя мужчыны.— Не сунецца больш!

Гэтым часам іхнія жанкі чакалі святога, бы архірэя. Нават сабраліся на савет. Цётка Кірыліха параіла бабам выслаць перад ім кужэльнае палатно, як рассцілалі мацяркі і свякрухі перад Заблудаўскім Габрусём. Жанчыны так і гэтак абгаворвалі прапанову, ды ўсе прыйшлі да згоды, што мужыкі, халеры, ім выслаць палатно не дадуць — цяпер не тыя мужчыны.