— Подвынься, бо тут надто мякко — гріх!— бурчала адна бабка.
—I я гороховінь тількі жменю підослала!
— Я лягу на голую підлогу!..
— Цётко, што будзеце есці?— спыталася мама ў старэйшай.
Жанчына папрасіла каструлю, ячневай крупы і тым самым украінскім акцэнтам аб'явіла:
—О, це тількі будэ істы нашэ бріннэ ціла!
Мама засыпала крупу, заліла каструлю вадой і паставіла на агонь, а сама пайшла даіць каровы. Ужо і астатнія бабы прымасцілі пад галовы сабе клумкі, апусціліся каленямі амаль на голыя дошкі ды пачалі маліцца.
Вярнулася з дайніцай мама, а госці ўсё шапталі малітвы. Мама працадзіла малако, заглянула ў каструлю ды толькі цяпер спахапілаея, што каша пустая. Яна літасціва паківала галавой ды плюхнула ў страву з паўкварты сырадою, тады адліла ў кубак для Валодзькі, а рэшту павалакла апускаць у калодзеж, каб раніцой несці ў горад.
Ля парога дагнала маму Нюрка і шапнула з жахам:
— Цётко, што вы нарабілі, яны ж клятву давалі! Папярэдзіла дзяўчына позна. Багамолы ўсё бачылі, і мамін учынак іх нібы ашпарыў. Нейкі час яны абурана маўчалі, а тады, як па камандзе, усхапіліся, пабралі свае клумкі. Старэйшая жанчына кінула праклён:
Яко исчэзает дым ды исчэзнэт,
Яко тае воск от лыца вогня,
Тако да погыбнут бэсы
От лыца любящего бога!
Фу, фу, сатана, сгынь!..
— Фу, фу, фу!..— дунулі па тры разы варожа на маму, бацьку, на мяне з Валодзькам усе астатнія бабы, з гідлівасцю абышлі пліту і адна за адной пакінулі хату.
Разгубленая мама плюнула мне і брату ў вочы ды кінулася іх праціраць фартухом, нібы цёткі аблілі нашы вочы труцізнай. Аднак гэтага здалося ёй мала. Мама выхапіла з куфра вянчальную свечку, каб накапаць на клямку воску.
— Не дапаможа!— аўтарытэтна аб'явіла Нюрка.
— Ты думаеш, Нюрачка?— мама яшчэ больш напалохалася.
— Дзе вы бачылі! О, каб закапалі клямкі воскам раней!.. Цяпер трэ, каб яны самі праклён знялі!
Мама паляцела за бяльчанамі.
— То пачакайце, звару зара вам друго-ой, бяда не вялі-ікая! — стала ўніжана прасіць іх на двары. — Вярніцеса, ці можно не еўшы, лю-удзі!..
Бацька з парога закрычаў:
— Не чапай, чорт іх бяры, калі яны здзяцінелі, бы іхні дурны Альяш!.. Вярніса! О-о, я б ім шмаравідла, якім сячкарню мажу, накідаў бы ў гаршчок!
Мама не паслухалася. Толькі як яна ні ўпрошвала, а на гарохавінне бельчанкі ўжо не вярнуліся — паклаліся спаць пад грушу на пругменні.
Пару мінут мама не знаходзіла сабе месца.
— Ой, шчэ папсуюць нам дзяцей сваім праклёнам! — не то пажалілася яна бацьку, не то пыталася ў яго парады.
— Ы-ых, што ты сабе ў галаву ўбіла?
— Ніц не кажы! Каб хоць гэто гаварыла адная!.. Столькі іх было, ды кожная кінула ла такому слову...
— Цьфу, забабоны, як зараза, ужэ і ты пачынаеш вар'яваць!.. Манька, выкінь іх зараз жа з галавы і займіса дзелам, брахня гэто ўсё!
— Праўда?!— мамін голас уздрыгануў ад перажытага хвалявання, і вочы засвяціліся.— Нічога, кажаш, не будзе? Ты ўпэўнены...
Праз нейкі час бацькі задумаліся, што ж рабіць з ячневай кашай. Самі ўжо павячэралі, пакінуць яе да раніцы — скісне. Вываліць у цэбар свінням — грэх, яна ж на малацэ.
Вярнулася ад бяльчан якраз ткачыха і пацешыла:
— Ну, дзякуй богу, здаецца, пра вас забыліса!..
— А што ўжэ будзе, няхай!— уздыхнула мама і добразычліва папрасіла:— Нюрачка, золатца, ты — маладая, з'еш гэтую кашу, каб не марнаваласа!
— Што вы, цётко Марусё, я ж бульбы з расолам добра пад'ела!
— А-ей, такой маладой дзеўцы нічога не каштуе паесці шчэ раз — як за плечы закінуць! Бяры, бяры, у ёй жа малака цэлы кубак!.. I выстудзіласа ўжэ — само цяпер есці!
I Нюрка села на парог з каструляй ды ўсю падмысціла.
— О-ох! Аж дыхнуць, дальбох ты мой, цяжко! — паставіла яна пусты посуд на плітку.— Дзісь хібо лягу ў вялікай хаце на гарошмінах, а то шчэ скачусо з лавы!
— Кладзіса, кладзіса, халера іх бяры, заўтра тыя гарошміны вывалачам!
Неўзабаве я лёг спаць. Мяне мучыла расчараванне жыццём. Альяш — суцэльнае ашуканства, як і абнаўленне ікон. Выходзіць, у Грыбоўшчыне няма і замка.
Найбольш балюча перажываў з-за Нюркі.
Дзяўчына харчавалася ў нас разам з бацькамі, а ў памяці маёй чамусьці не запала ў душу, што і як дарослыя ядуць. Зрэшты, я не быў пэўны да таго дня, ці Нюрка ўвогуле ела, як усе.
Цяпер мне выразна прадстаўлялася, як мой анёл з каструлькай кашы ў жываце качулкай варочаецца на падрыхтаванай бяльчанам пасцелі ў вялікай хаце, варочае мокрымі, эмаліраванымі бялкамі ды цяжка дыхае.
Заварвала аднойчы мама крахмал на бялізну і сапсавала.