— Як для пана — вельмі танна зробім: шэсць тысяч за галоўны! — абяцаў яго брат.— Акорд гарантуем. Па корпусе дамо рысуначак — святога Ілью на калясніцы.
— Задораго, панок,— непарушна цвярдзіў гаспадар.— Пяць тысяч, сходную цану даю!..
— Пане Эльяш, мы і так вам палову сэрца адкроілі!.. Адальём з чылійскай медзі, волава дадамо даваеннага, пару фунтаў серабра дабавім!
— А гаму пан Эльяш сам праверыць камертонам!
— О-о, гучанне наладзім — экстра кляса, раўці будуць — як вавельскія смокі![2] З малінавым звонам!
— Ат, зубоў мне не загаворыце! — абарваў бесцырымонна Кавальскіх прарок.— Бачыш ты разумнікаў!.. Ён мяне рысуначкамі, як малога, цешыць!.. Так яму і паддамса на іх, ага! Што, мо палезу на званіцу глядзець на вашы малюнкі?! Людзей туды павяду паказуваць іх?! Ці знойдзецца іншы дурань і туды палезе?.. Пашукайце дурняў дзесь!.. Добро вам даю, панкі, такія грошы — не жарты!.. Ого!.. Колькі цяпер ладная карова каштуе ў Крынках на кірмашы? Сто злотых. Пяцьдзесят кароў за звон вам мало?.. З усяе Грыбоўшчыны згані табун быдла, і гэтаго мало яшчэ? Хто вам паверыць!
Браты перайшлі ў наступленне з новай энергіяй, але гаспадар знарок далей маўчаў, як бы іх не чуў.
У хату ўляцелі задыханыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Глытаючы паветра, сур'ёзнымі і перапалоханымі фізіяноміямі ды гордыя, што першыя прыносяць гэтак важную вестку, малыя адзін перад адным закрычалі:
— Дзядзьку Альяш, ідзеце ўжэ, вас клічуць!
— Там зноў сабраліса!
— Много іх? — нездаволена насцярожыўся прарок.
— Мно-ого!
— I цёцю хворую прынеслі!
— На пярыне!..
— Альяш пакорна ўздыхнуў, цяжка падняўся з калодкі.
— Ну, мне трэ...
— Прошэ, прошэ, нех пан ідзе куды трэба! — усхапіўся брат, а за ім узняўся і другі.
Кавальскія выйшлі за гаспадаром, пазнімалі пінжакі, гальштукі, паклаліся на траву і цярпліва пачалі чакаць кліента. Гэтым часам прыгорблены, абкружаны малымі Клімовіч грузнай хадой шасцідзесяцігадовага селяніна паплёўся праз вёску да царквы. З-за платоў не зводзілі з Альяша доўгіх позіркаў грыбоўшчынцы.
Першыя дні для яго аднасяльчан увесь гэты спектакль быў вялікім дзівам, а цяпер людзі прыглядаліся да свайго аднавяскоўца, нібы хацелі ўпэўніцца, ці гэта той самы чалавек, якога яны так даўно ведалі. Толькі Альяш не забыўся, як гэтыя самыя грыбоўшчынцы, калі ён скандаліў з жонкай і дзецьмі ды на будаўніцтва храма прадаў гаспадарку і ўклаў без шкадавання ўсе Максімавы грошы, злараднічалі і абзывалі яго вар'ятам.
Альяш адчуў, як напаўняецца помслівым здавальненнем.
У выгаралым кажусе, з вязанкай матык яму насустрач ішоў высокі і сухі, як дрыль, Базыль Аўхімюк — адзіны чалавек на вёсцы, якога Альяш шанаваў.
— Дзень добры! — павітаў яго сябар.
— Здароў, прарок! — спыніўся Базыль, дабрадушна ўсміхаючыся сабе ў рэдзенькія і прасмаленыя самасадам вусы.
Побач стаялі хлапчукі і лавілі кожнае слова патрыярхаў. Дзядзькі былі для іх багамі. Адзін некалі перамог страшнага бандыта, другі — уславіў вёску. Грыбоўшчына хоць і маленькая, куды ёй да Плянтаў, Вострава, Гуран ці Нетупы, а з-за царквы яе відаць нават з Крынак, а ведаюць яе яшчэ далей...
— Ну, то як маешса? — спытаўся Базыль.— Горбішса ўжэ, бачу, і ногі валочыш!.. А як хадзіць мне, на дзесяць месяцаў старэйшаму?! Нічо-ого, гадоў з пятнаццаць шчэ з табой паскрыпім на белум свеце!
— Не думаў шчэ пра гэто, не было калі! — ухіліўся ад пытання прарок.— Ат, пра што маем гаварыць. Памірае найперш не той, хто худ, але той, каму суд!
— Ніц не скажаш, бывае па-рознаму!
Старыя памаўчалі.
— Матыкі парабіў? — Альяш з асуджэннем дакрануўся да жалязяк.— I твае бабы ўжэ распанелі, рукамі не могуць выбіраць бульбы!.. Бачу, і жыто касой пачынаюць некаторыя на вёсцы касіць, — уздыхнуў дзядзька.— Адна распуста пайшла — хутко ў пальчатках да работы стануць выходзіць, ото ж чорту пацеха будзе!
— Дурное ты, Альяш, правіш!— пасур'ёзнеў Базыль.— Калі мы былі дзяцьмі — дашчаная падлога грахом лічылася! А памятаеш, як бабы не хацелі з курных хат перабірацца?.. Ды што — бабы! Нашыя бацькі нават плуга баяліса, бо думалі, што ад яго збажына перастане расці. «Плугам гараці — шылам хлеб есці!» — цвярдзілі. Ды валамі толькі поле абраблялі! Усё палохалі адны адных, што конь капытамі раллю здратуе. Кожны гаспадар па пары быкоў трымаў і хваліўса: «Вол — божы сокал, звер хрышчоны, ён Хрыста няньчыў, а конь — чортаў падгрузнік, яму не раўня!» Ажно — дзе тыя валы? Бачу, хоць на дзеравяных васях ездзіш ды з лазовымі віткамі замест атос, а сахой і ты не надто гарэш, буланчыка свайго ў плуг запрагаеш! I пасталы абуваці не хочаш, бы твае багамолы і багамолкі!