Не ўзялі служыць і Паўтарака. «Па прычыне тупасці і хранічнага сіфілісу» — напісалі сіраце ў дакументах урачы.
5
Ішлі гады.
Вярнуўся з войска мой дзед.
Вярнуліся і астатнія страшаўскія лесарубы, і былыя задзіры ды толькі часамі ўспаміналі, як ў Грыбоўшчыне разганялі музыкі ды палохалі людзей. Іхняя свядомасць к таму часу склалася ў адпаведныя стэрэатыпы.
Усе яны пажаніліся, падмянілі пастарэлых бацькоў на гаспадарках, гадавалі сваіх дзяцей і гэтаксама, як дзяды і прадзеды, пасціліся перад вялікімі святамі, хадзілі ў царкву ці касцёл і выстойвалі абедні ды з жанкамі паддаваліся ажыятажу вакол мошчаў «Іудзеямі ўбіеннага Заблудаўскага дзіцяці Гаўрыіла»[1].
Аж не верыцца, страшна падумаць, што і маё Страшава было ва ўладзе такіх забабонаў.
Дзед мой не схадзіў на каляды да царквы — двайнёй якраз жарабілася кабыла. Але стараста ўзяў яго на ўлік і вясною не дазволіў бабе Палосі выслаць перад працэсіяй з Габрусём звоец палатна.
Яе ганьбу вясковыя кабеты напаміналі бабе Палосі да самай смерці. Гэтак жа да смерці пакараная жанчына ўсё апраўдвалася, што пацярпела праз антыхрыста мужа, бо сама яна — чыстая перад госпадам богам і дзевай Марыяй, як расінка.
Бацька на вялікі пост выпіў у Гарадку з кампаніяй ды закусіў каўбасой. Не паспеў ён дайсці дадому, а вестка аб крамоле Палосінага сына ўжо ўскалыхнула Страшава. Мужчыны выйшлі гулякам насустрач ды не ўпусцілі іх у вёску. Перапалоханыя не на жарты хлопцы пабрылі на балота, зашыліся ў абарогі і сталі чакаць, покуль ачысцяцца ад скаромнага і выйдзе хмель.
Цяпер ужо наступнае пакаленне страшаўскіх юнакоў, з імі і мой бацька, спускалі ў Студзянскім лесе выносныя сосны ды гэтаксама хадзілі на вечарынкі, затыкалі саломай каміны, прывязвалі да галля чые-чебудзь сані ды лавілі дзявок. Толькі ўжо сталаваліся нашы хлопцы ў другой вёсцы. У Грыбоўшчыну цяпер было небяспечна і заходзіць.
6
Сын дурніцы з немцам Вілем з Саколкі сабралі рэ-цыдывістаў, якія ўцяклі з гродзенскай турмы, і стварылі бандыцкую шайку. Пранырліваму, крыважаднаму і зусім дурному, калі нап'ецца, бандыту аднолькава было — рабаваць папа з працэсіі з мошчамі ці сцягнуць з галавы ў цёткі хустку, а таму, хто сказаў слова супроць,— паламаць рукі і ногі.
Паўтараку нехта ўвёў у вушы, што ён павінен помсціць за сваю маці. Асілак перапыняў чыю-небудзь дзяўчыну на дарозе і валок да магілы на выган гвалціць.
Іншы раз яго бандыты блакіравалі паліцэйскі ўчастак. Паўтарак з галаварэзамі ўрываўся ў крынкаўскі рэстаран, браў за ножкі стол, паднімаў яго над галавой і пытаўся:
— Ну, гаварыце, хто тут з вас мой татко?! Прызнавайцеса, хутчэй!.. А-а, пазатыкало вам гагаўкі?!. Цурык! — кідаў ён, бы праклён, завучанае ад Вілі нямецкае слова і са страшнай сілай апускаў цяжкі стол на каго папала.
Ні жывыя ні мёртвыя госці забіваліся ў куток ды крадком мацалі сінякі, а бандыты выкладвалі перад сабой браўнінгі, кінжалы ды займалі месцы.
Да таго часу Паўтарак аброс мясам, адруз, яго твар знявечыла хвароба, што перадалася ад маці. Зубы ён меў рэдкія, вялізныя, тоўстыя вусны — нерухомыя, ад чаго гаварыў неразборліва.
I вось гэтая амаль бязносая двуногая пачвара шчапала кінжалам дошку стала, а з яе грудзей, бы са склепа, вывяргалася страшаае бубненне:
— Хайкель, запускай шафу, што іграе!.. «Барыню» давай!.. Не, спружыну, жыдзе, круці сам, маці мая ў цябе круціла яе, мэнчыласа!.. Вы, мае татачкі, марш танцаваць усе!.. Каму кажу — марш, бягом!.. Краля, раздзявайса!.. Вілі, пагуляй з ёю, дзетка! Цурык!..
На дзіва, людзі ў далёкіх вёсках хацелі бачыць у Паўтараку рыцара.
— Чулі, што ў Крынках Паўтарак зноў нарабіў?! — прыехаўшы з мльша, прывозіў дзядзька навіну.—Уварваўсо да багача Хайкеля і кажа: «Аддавай усенько, недавярак, што нажыўсо на гарэлцы, што табе людзі назносілі!..»
— Ну,— пацвярджаў скваплівы іншы, бытта пра гэта ведаў даўно і толькі маўчаў.— Тады сабраў крынкаўскіх удоў, сірот і давай раздаваць ім рублі і багацтво!.. Шчэ дабраўсо да воласці. «Хіба цар-бацюшка вучыць: вас так здзіраць налогі?» —прыстаў да чыноўнікаў і выбраў там усенькія грошы. Вярнуўся ў вёску ды аддаў мужыкам, у каго няма каровы ці каня! Паліцыя цяпер ездзіць па хатах, хоча адабраць тое багацтво, але — дзе ты бачыў!'..
— Не вырваць ім го-одзе ўжэ!..
Апавядаючы ўсё гэта потым дома за вячэрай, не адзін бацька з педагагічным прыцэлам кідаў:
— От усыпаў багацеям, от выкінуў штуку крывасмокам!.. Геройскі хлопец удаўсо, чуеце, дзеці?.. Як дзесьці файно тым бацькам маючы такого сына!
Гэтае, узаконенае ўрадамі каралёў, а потым цароў, жульніцтва зарадзілася яшчэ ў 1690 годзе, калі манахі пад Заблудавам знайшлі цела шасцігадовага хлопчыка. Хтосьці выказаў здагадку, што з малога яўрэі бралі на мацу кроў. Духавенства зда-гадку клікуш падтрымала, нябожчыка аб'явіла велікамучанікам ды распаліла страсці. I пяцьдзесят, і сто, і паўтараста гадоў таму назад вялізныя натоўпы сялян на чале з дзесяткамі бацюшак і архірэяў, у суправаджэнні эскадрона казакаў урачыста насілі карычневую дамавінку з мошчамі ад Заблудава да Крынак, з Крынак да Ваўкавыска, з Ваўкавыска да Свіслачы, Навагрудка і Слуцка... Тысячы пасталоў і ботаў узнімалі дарожны пыл, над людскім патокам шапацелі харугвы. Развяваючы на ветры свае доўгія космы, нечалавечымі галасамі, як у бочку, раўлі малітвы, гугнявілі тропары тоўстыя папы, чадзілі кадзіламі, а сотні вёрст, парэзаных каляінай пясчаных дарог, бабы высцілалі палатном. У такія дні пусцелі вёскі. Спатыкаць мошчы збягаліся старыя і малыя. На вуліцу выносілі накрытыя сурвэтамі сталы з боханамі хлеба, сальніцамі і збанкамі вады, да гасцей паўзлі на каленях калекі з надзеяй выздаравець. Калі папы прыпыняліся ля сталоў свянціць хлеб і ваду, ашалелыя ад веры мацяркі паказвалі сваім дзецям, як Габрусёк з дамавінкі ківае ім паколанымі пальчыкамі і заклікае да помсты, а чорная сотня падбухторвала на пагромы яўрэйскае беднаты. Багамазы завальвалі Гродзеншчыну абразамі заблудаўскага дзіцяці, вучні царкоўнапрыходскіх школ зубрылі оду: «Святой Гавриил, угодник Христов, какие ты муки принял от жидов...»