А царскаму ўраду было не да бандыта.
7
У Прынёманшчыне якая мела ўжо традыцыі класавай барацьбы (першая забастоўка ў Гродне зарэгістравана ў аналах гісторыі пад 1879 годам!), набліжаліся падзеі 1905 года.
Рэвалюцыянер Голуб на Саборнай плошчы ў Гродне застрэліў начальніка губернскай жандармерыі, дзяржыморду і садыста, палкоўніка Зубава.
Неўзабаве на тую самую плошчу помсіць за брата адправіўся малодшы Голуб. У час цезаімянінства «яго імператарскай вялікаеці» ён выскачыў з натоўпу, прарваўся праз сонм папоў і чыноўнікаў, адштурхнуў разгубленага губернатара і пачаў гаварыць пра рэвалюцыю, пакуль не засеклі яго казакі шаблямі.
У бліжэйшых ад Грыбоўшчыны мястэчках к таму часу нешматлікі пралетарыят перажываў якраз момант прабуджэння. Прасмярдзелыя быдлячымі скурамі, са з'едзенымі вапнай і дубільным экстрактам рукамі гарбары ў Крынках устанавілі ўладу рабочых ды абвясцілі рэспубліку.
Аднак імкненняў пралетарыяту сяляне Гродзеншчыны тады яшчэ не разумелі, і кожны, хто выступаў супроць улады, уяўляўся для іх злачынцай, асабістым ворагам, а гарадскі люд без зямлі — галадранцамі, якія не вартыя нават добрага слова. Новыя тэрміны «сацыяліст» і «аратар» на вёсцы абазначалі тое самае, што антыхрыст. Фанатычная багамолка Піліпіха з Празнікаў, пачуўшы стрэлы карацеляў у Крынках ці Гарадку, біла паклоны ў бок царквы ў Востраве, палымяна хрысцілася ды горача маліла бога:
— Госпадзі, спасіцель наш адзіны, пан наш усясільны, калі, ну, калі ж ты ўрэшце забароніш гэтую свабоду і пакараеш злыдняў цацалістаў?!.
У сяле панаваў непахісны аўтарытэт бацюшкі і цара далей. У цэрквах і касцёлах пракліналі забойцаў, братам Голубам жадалі смажыцца на самым дне пекла і маліліся за ўпакой душы слаўнага «грамавержца ў гідру рэвалюцыі» палкоўніка Зубава.
З паперці і амвонаў зачытвалі зварот вышэйшага духавенства:
«...Захаваць і абараніць царскую ўладу памазаніка божага, не даць на папранне ворагам — сацыялістам і бунтарам, безупынна маліць бога, бо толькі цэрква і касцёл — месцы, дзе аб'яднаюцца бедныя і багатыя, пан і слуга, дзе ўсе знойдуць падтрымку...»
Калі жандармерыя прыехала ў Грыбоўшчыну забіраць Голуба з жонкай, людзі збегліся і глядзелі на арышт, як збягаліся калісьці, мабыць, не без страху, але і са зларадным здавальненнем, на аўтадафэ ў часы святой інквізіцыі. Старога Якуба і яго Настусю нават мала хто і пашкадаваў.
Хутка расправіліся і з «Крынкаўскай рэспублікай». Яе важакоў каго расстралялі, каго ў кайданах павезлі ў губернскую турму, каб адтуль выслаць этапам у халодную і далёкую Сібір.
За гэты час увішны Паўтарак увайшоў у сілу, і ні прыставы, ні жандармерыя, ні сотні гродзенскіх казакоў не маглі цяпер яму даць рады. Хітры бандыт адчуваў небяспеку, бы звер. Лясоў і балот на Гродзеншчыне тады хапала. Шайка выслізгавала ад пагоні і знікала ў гушчары ці крэкаці, каб потым з'явіцца ўжо там, дзе найменш яе чакалі.
Страшная здань бандыта вісела над халупамі, як злы дух. Марыся Русель станавіла на калені сваіх дачок, рана і ўвечары прымушала іх паўтараць за сабой малітву:
— Усемагутны божа, айцец любімы, які свайго сына не пашкадаваў паслаць на зямныя мэнкі, каб ратаваць нас, грэшных, і даў сілу Давіду пакараць Галіафа! Даруй ты ўжэ грахі нашыя, зрабі нарэшце гэтак, каб злыдзень Паўтарак свету не бачыў!.. Няхай паадсыхаюць у гэтаго нехрыста паганыя рукі, якімі нас мэнчыць, хай паадвальваюццо яго ногі, што па зямлі носяць!
Толькі малітвы не дапамагалі.
I людзі зносілі пакорна бандытам выкуп. Паілі гарэлкай. Не выпускалі з сяла дачок. А прызвычаенне да банды паступова стала гэтак закаранелым, што ў Грыбоўшчыне пра яе гаварылі між іншым, як у апісанай сцэне ля плота, калі сур'ёзны Галамбоўскі ўпамянуў пра шкляное вока настаўніка царкоўнапрыходскай школы.
1
У свой час вярнуліся з войска і браты Клімовічы.
Максім у арміі даслужыўся чына, яго адразу ўзялі ў гродзенскую жандармерыю. Толькі паслужыў у ёй нядоўга. Страляючы ў палкоўніка Зубава, старэйшы Голуб куляй зваліў на Саборнай плошчы і Максіма.
Пагараваўшы, стары Лаўрэн малодшаму Альяшу выбраў працавітую і ціхую нявесту і неўзабаве памёр.
Асірацелая Юзэфіна ўспомніла, кім была да замужжа, вывалакла з куфра іконку маці божай з Чэнстаховы і цэлыя дні па-польску малілася — прасіла бога дараваць ёй здраду. Яе ж Альяш ажаніўся, стаў гаспадарыць на сваім і братавым надзелах, а дзеці на вёсцы таксама і яго пачалі зваць дзядзькам.