— Ах-х!..— зноў выдыхнуў натоўп.
— Выходзіць, гэто — праўда?! — пачуўся прыглушаны ад жаху і здзіўлены голас.
— Яму такі!..— падхапілі адразу некалькі ўражаных бабак.
— Мелі рэхт тыя, што гаварылі!
— Ціхо, бабы, не перашкаджаймо ёй! — перакрыў усе галасы дыскант.
I святыя словы Хрысціна нерадавала далей:
—...Што Альяш у госпада тут — намеснік!.. Пабудуе... божы храм!.. I не адзін!.. Тры!.. Наказвае, каб Альяша мы слухаліса, бо чалавек гэны прывядзе нас да царства нябеснаго!
Натоўп застагнаў, заварушыўся.
— Будзем мы яго слухаць, царыца нябесная, мілая ты заступніца нашая, ва ўсім будземо слухаць!.. I споўнімо волю яго, што б ні пажадаў!.. А скажы госпаду богу і яго сынаві, што мы не пашкадуемо ні сябе, ні жывата, ні каня, ні вала сваго, ні дзетак сваіх, ні мужыкоў, каб...
З-за хвойнічку выплыла лянівае воблака пылу — Альяш вёз каменне.
— А-ей, бабы, дальбо, мусі, нехрыст Паўтарак са сваёй шайкай валіць! — першай прачнулася з масавага псіхозу і ўстрывожана абарвала Хрысціну Аўхімюкова Гандзя.
Секунду аслупянелыя ўсе маўчалі — прачыналіся і астатнія. Тады немым голасам віскнулі дзяўчаты.
— Ратуйса хто як можа!.. Хутчэй бяжэмо да мужыкоў!..
I бабы, якія гэтак добра ўладкаваліся сабе на пагорку, падабраўшы спадніцы, ламанулі ў вёску.
3
З таго дня, калі жанчыны на свае ўласныя вочы ўбачылі на ўзгорку маці божую і пават гутарылі з ёю, яны пачалі дапамагаць Альяшу варочаць каменні і капаць зямлю. Руселіха, Хрысціна, Пятрук Майсакоў з Грыбоўшчыны, Піліпіха з белавежскай вёскі Празнікі ды яшчэ пару чалавек нават пакідалі свае сем'і, зракліся гаспадарак і пабрылі па вёсках збіраць на царкву грошы.
Альяш нечакана аб'явіў, што шукае купцоў на свае поле і балота. Жонка і падлеткі-дзеці запратэставалі, нават узбунтаваліся, але бацька дзяцей адлупцаваў да сінякоў, а жонку так ударыў кулаком па галаве, што жалезны грэбень на патыліцы ўвагнаў ёй пад скуру, кабеціна аблілася крывёю і самлела.
Пакінуўшы сабе з дзевяці дзесяцін толькі адну, Альяш зямлю прадаў, вытаргаваныя грошы паклаў у агульную касу і туды яшчэ дабавіў усе 5000 рублёў, якія засталіся ад брата Максіма. Затым на ўсю суму накупіў цэглы, вапны, наняў рабочых, і тыя неўзабаве заклалі фундамент, пабудавалі сцены.
У царкве самае працаёмкае — афармленне будынка ды яго верх з купаламі. На гэта патрэбна было грошай шмат. Зборшчыкі вярталіся ні з чым — у далёкіх вёсках Альяш аўтарытэта яшчэ не меў, там хапала сваіх баламутаў.
I гаспадарку звёў, і братаў капітал растраціў, і царквы не пабудаваў!— пачалі пасмейвацца з яго вяскоўцы.
— З торбай па свеце пойдзе!
— Нават яго матка боска цяпер не ўратуе! Альяшу і на самай справе трэба было нешта прыдумаць.
Сярод багамолаў рускай імперыі побач з Распуціным «грымеў» тады протаіерэй Андрэеўскага сабора — цудатворац Іаан Кранштацкі. Цяпер усе мы ведаем, што гэта быў агалцелы манархіст, а разам з Пурышкевічам — душа чарнасоценнага «Саюза Міхаіла Архангела», аднак цудатворац яшчэ меў і та-лент ачароўваць слухачоў пропаведдзю, валодаў таямніцай гіпнозу, а для дзядоў нашых — быў богам. Тысячы людзей валілі да Іаана Крашнтацкага, каб набрацца сілы ў змаганні з нядоляй.
Дзядзька Клімовіч задумаў таксама схадзіць да протаіерэя за дапамогай. Багамолы яго падтрымалі.
— Не можа быць, каб ты вярнуўсо адтуль без нічого!— запэўніла Хрысціна.
1
Пакасілі ўжо балота. Альяш узваліў на плечы мяшок з харчамі, і Руселіха, Піліпіха, Майсак з іншымі багамоламі праводзілі яго да гродзенскага вакзала.
Адмахаўшы пешшу паўсотні вёрст, сяляне на другі дзень раніцой апынуліся каля горада і селі над Нёманам снедаць.
Для губернскага горада пачыналася якраз пара канікул. На нёманскае люстра вады выплывалі першыя байдаркі. На берагах маячылі з вудамі рыбакі.
Грыбоўшчынцы, калі хадзілі да рэчкі, у лес ці на поле, то не бескарысна, а — па грыбы, ягады, шчаўе ці траву. Таму цяпер яны не маглі ні хвіліны спакойна сядзець.
Паказаўшы на байдарку, Майсак хмыкнуў:
— Хэ!.. У такую шкарлупу — ні сена пакладзі, ні мяшок бульбы ўкінь!
— Для распусты гэто!— згадзіўся з ім Клімовіч.— Пазалазяць у іх ды грэюць трыбухі і льшды!.. Цьфу, як гадко!..
— I я кажу!.. Або унь рыбу вудзяць. Ну якая ім карысць з гэткай работы?!. Як ужэ лавіць, то так, як ловяць у студзянскіх сажалках — кломляй або сеткай, а то стаяць невядома колькі слупам, пакуль павісне што на гэту пугу! I не абрыдне ім!..