Гледзячы аб'ектыўна, не цяжка прызнаць, што ў экстрэмальных умовах вайны і адбудовы загадная сістэма кіравання эканомікай аказвалася не эканомнай, але давала скоры разавы эфект. Яе маторамі былі прымус і энтузіязм. Нярэдка энтузіязм аказваўся сублімаваным страхам, але не заўсёды: за вайну многія людзі прывыклі глядзець смерці ў вочы, яны дазвалялі сабе і крытыку, захапляліся адбудовай з удзячнасці лёсу за тое, што выйшлі жывымі з вайны. Сумленныя франтавікі і партызаны адчувалі сябе прывілеяванымі абраннікамі лёсу, абавязанымі сплочваць доўг скрухай перад загінуўшымі баявымі сябрамі і ахвярнай працай. Натуральна, самыя ўражлівыя людзі ваеннага пакалення першымі адыходзілі з жыцця, а разам з іх адыходам слабела адчуванне віны перад ахвярамі вайны ў грамадстве. Доўгажыхары з ліку ўдзельнікаў вайны аказваліся людзьмі заземленымі, віны перад сябрамі не адчувалі, выстаўлялі сынам рахунак камфорту і прывілеяў, ім снілася «заслужаная» бескантрольнасць і кіраўнічы карнавал. Так складвалася алігархія з пакалення пераможцаў, нашчадкаў Сталіна, якія адной рукою выкрывалі яго злачынствы, а другою вырысоўвалі ідэалагічную лінію бесканфліктнасці савецкага жыцця і мастацтва сацыялістыч-нага рэалізму.
Сродкам моцнага дзеяння супраць знячуленасці аказаліся дзеці вайны, дасягнуўшы сталасці, яны ўнеслі ў грамадскую ацэнку вайны сваю гуманістычную папраўку. На жаль, яе асвоіла і выкарыстала трэцяя сіла — вечныя суглядальнікі і утылізатары жыцця, спажыўцы яшчэ не заробленага дабрабыту. Пакаленне дзяцей у «Каранях» — гэта сыны і дочкі ацалелых салдат, партызан, падпольшчыкаў, а таксама і суглядатаяў вайны, мяшчан, якія пачулі сябе як рыба ў вадзе ў п'янай атмасферы застою і ўсхвалення прыпіскам поспехаў. Многія з іх ужо пакаштавалі дэфіцыту і купленых прывілеяў. Ім, натуральна, здавалася, што ахвяры бацькоў страцілі актуальнасць і цану. Дзеці застойнага камфорту аказаліся рабамі матэрыяльных даброт, ад культу Сталіна перайшлі да культу жывата. Сын Лаўрэна Маркевіча, класны шафёр, Уладзік, зрабіў дэвізам жыцця выслоўе: «Хто, скажы, прыносіць большую зарплату, чым я?!» Гэта ў яго разуменні пачатак і канец абавязкаў мужчыны, галавы сям'і.
У прынцыпе і яго жонка, інтэлігентка, экскурсавод музея, згаджаецца на мужаву канцэпцыю, і яна не патрабуе ад мужа большага, скажам, духоўнасці, кругагляду, культуры. Праўда, яна была супраць продажу цесцевай хаты і пазбаўлення Лаўрэна асабістай незалежнасці, але ўвайсці ў духоўную драму свёкра не здолела. I да яе адносіцца аўтарскі дакор: «Замала мы пранікаем у сэрцы і думкі старых, таму і не ведаем, ды і многім з нас нават у галаву не прыйдзе, што людзі старыя не знаходзяць месца для духоўнага прытулку».
Зморай над жыццём гэтых не бедных, уладкаваных, упэўненых у сабе, звыклых думаць, што яны жывуць у сацыялізме, вісіць спажывецкая псеўдаэтыка, мяшчанскі карыслівы погляд на чалавека, звычка лічыць асобу інструментам, які зможа ці не зможа выконваць нейкую карысную для цябе функцыю. За такі функцыянальны погляд сыноў Лаўрэн як бацька не крыўдзіцца на іх і на нявестак, на землякоў, знаёмых, а таксама і на незнаёмых начальнікаў, якія робяць гэта, так сказаць, па службе. Лаўрэн не прымае вульгарнага функцыяналізму. Маўклівы, стрыманы і памяркоўны вясковец, самародны лідэр не выказвае крыўды, хіба толькі апраўдваецца, калі націскаюць на яго, як у выпадку ўзнікшай ідэі жаніцца з колішняй нявестай, а высокіх функцыянераў асуджае толькі ў думках: «Калі ты ім нябось патрэбен быў, твае гады лічыліся козырам — у прэзідыум цябе запрашалі заўсёды! У газетах, па радыё мо з дзесяць разоў успаміналі! Калі табе зара трэ чаго-небудзь, твае гады ўжо перапонай становяцца — от як на свеце бывае!»
Завастрэнне канфлікту пакаленпяў Карпюк даводзіць да гра-тэскавасці ў дыялогу Маркевіча з адстаўніком-маёрам, які на злосць пануючай манернасці і пагарды да простай працы заняўся зборам аб'едкаў у камунальных дамах.
«— Адстрэл ветэранаў будзе!
Але!
— Які-і?
Такі самы!
Што вы гаворыце, Лляксей Аляксандравіч. Ці такое можа быць?!
А ведаеш чаму? Бо ветэранаў жыве яшчэ многа, сяму-таму яны вельмі перашкаджаюць, і маладыя ведаюць, што рабіць з імі».
Азлобленасць адстаўніка на дзяцей перадалася ўжо і Лаўрэну. «А на самай справе, хібо і я сваім не перашкаджаю? Шчэ як! Перашкаджаю сынам, перашкаджаю нявесткам, а мо шчэ каму і толькі з-за таго, што жыву на свеце!»