Выбрать главу

Глядзіце, як доўгі мух ганяе!

Яго толькі замест пудзіла ў агарод ставіць!

Фі-іў!..

Я гэта чуў і сваё няўмельства пастараўся замаскіраваць. Прыкінуўся, што фокуснічаю.

З'явіліся суддзі. Падача ўжо ішла па свістку. Кожны раз, калі мы не маглі ўзяць простай падачы, гімназісты-балельшчыкі ўзнімалі віск. Толькі не радаваліся нашыя праціўнікі. З высакароднай ганарлівасцю яны ігралі сабе далей, упэўненыя, што так і павінна быць.

Але тут здарылася нечаканае.

Бог мяне не пакрыўдзіў ростам і сілай. Памяняліся мы месцамі, і я апынуўся ля сеткі. Раптам гляджу — проста на мяне апускаецца мяч. Я спачатку аж не паверыў сваім вачам, а за гэты міг мяч знізіўся ўжо на ўзровень выцягнутай рукі і мяне надта ж раззлаваў. З разгуб-ленай паспешнасцю я рэзнуў па ім так, што кулак мой аж улез у яго.

Рэзнуў я мяч і здзівіўся: у чым справа? Мяча нідзе няма, а гімназіст супроць мяне ўстае з зямлі і трымаецца за шчаку.

Го-о! — пераможна загулі нашыя курсанты.

Грубіянства! — завішчалі гімназісты.

Гэта — не лічыцца!

Трымаючыся за шчаку, гімназіст пайшоў з пляцоўкі, на яго месца далі замену.

Дасталі з кустоў мяч, і суддзі загадалі перайграць падачу.

Толькі ўзляцеў мяч угару,— бах! — з сілай зрэзаў яго ўжо Станеўскі. Падалі мяч яму другі раз, ён рэзнуў зноў — малайчына ўсё ж такі зямляк, спрыту ў ім хапала!

Наступіў раптоўны пералом. Праціўнікі разгубіліся.

Цяпер гімназісты-балельшчыкі рабілі нейкія таямнічыя знакі. Нават не давалі сваім ігракам піць вады. Піскам і гвалтам прабавалі вывесці нас з раўнавагі, але нічога не дапамагала. Мы раптам авалодалі «пачуццём локця». У кожнага з нас была сіла дарослага. Мячы, як снарады, ляцелі на другі бок — страшныя, небжпечныя. Гімназісцікі баязліва тоўпіліся ля месца падачы — далей ад сеткі.

Адведаўшы асалоду ад дакранання да тугіх бакоў мяча, я ў прыемным азарце яшчэ не раз перабіў яго праз сетку.

З пляцоўкі нас праводзілі абразлівыя выкрыкі, але яны не маглі заглушыць перамогі ў нашых сэрцах.

6

Другую перамогу ў чужым горадзе я меў над Віліяй.. Пакупаўся я ў рэчцы і вылез на бораг. Мяне адразу абступілі хлапчукі, пачалі захапляцца:

А-яй-яй!

Ух ты-ы!

Падабаюся вам? — не без прыемнасці праказаў я.

А-га-а!

А што трэба рабіць, каб мець такія мускулы? — асмялелі малыя ад маёй рахманасці.

Пытанне было нечаканае. Гэта людзі мяне лічылі асілкам, але сам я не адчуваў сябе ім і ніколі не задумваўся, як яны атрымліва-юцца.

Я пачаў наследаваць выкладчыка фізкультуры і раіць малым тое, чаго сам ніколі не рабіў:

Трэба абцірацца халоднай вадой кожную раніцу. Вы абціраецеся?

Не-а...

Ну!.. А яшчэ трэба рабіць кожную раніцу гімнастыку. Есці цукар. Класціся спаць і ўставаць рэгулярна...

А-а...

Хлопчыкаў я расчараваў. Слухаць гэтыя ісціны ім, відаць, апрыкрала ў школе, яны хацелі ад мяне пачуць нешта новае.

Падышлі два паўпанкі і таксама давай мяне разглядаць як дзіва. А потым, папрасіўшы прабачэння, давай яшчэ мераць ды мацаць. Я надта баюся шчыкоткі, дастаткова паказаць палец, каб я ўздрыгануў. Але мужчыны былі ветлівыя і культурныя, я цярпеў, сабраўшы ўсю сілу волі.

Незнаёмыя дзяліліся ўражаннямі:

Даўно не бачыў такога магутнага цела!

Не толькі магутнага, але і грацыёзнага!

Выдатны экземпляр атлета.

А колькі пану год? — спыталіся мяне.

Васемнаццаць.

Спыталіся і пра рост.

Сто восемдзесят восем сантыметраў.

Усяго-о? — расчараваўся пан.— Я думаў, вышэйшы...

У яго моцная будова цела,— растлумачыў другі.— Такія людзі заўсёды здаюцца вышэйшымі. Колькі пан важыць?

Пяць пудоў і дзесяць хунтаў.

...хунтаў?— перадражніў мяне мужчына і ўсміхнуўся да сябра.

Я ведаў, чаго яны ўсміхаліся. У горадзе гавораць — фунты. А яшчэ ў іх мераюць усё на кілаграмы і цэнтнеры. Ну і што?

Мужчыны, выявілася, скульптары з мастацкай акадэміі. Яны спыталіся, ці не хачу зарабіць. Я, вядома, хацеў, але было боязна: якую работу прапануюць гэтыя панкі — у горадзе, кажуць, усе жулікі апранутыя прызваіта.

Незнаёмыя завялі мяне ў акадэмію і запрапанавалі пазіраваць студэнтам.

Пастаіш перад імі гадзіну — залатоўка, а дзве гадзіны — дзве залатоўкі.

Голы перад людзьмі стаяць не буду! — спалохаўся я.

I за грошы?

I за грошы! — цвёрда стаяў я на сваім.

Дзівак! У нас нават паненкі пазіруюць, паглядзі!

Зрэшты, чаго маю ўпірацца? Мо там што і вартае? Як што не гэтак, павярнуўся і — будзьце здаровы! — Ну, пайшлі...

Калі мы апынуліся ў студыі, мяне аж скаланула. Пад сцяной, як дровы пад акапам у дрэннага гаспадара, бязладна валяліся гіпсавыя рукі, ногі, галовы з адбітымі насамі і вушамі.