Пакуль апаражнялі ад трупаў цэментавыя клеткі ды рыхтавалі «памяшканне» для свежых кандыдатаў у нябожчыкі, няшчасныя, абкружаныя арыштантамі, развітваліся. Малады ляснік Францішак Гаёўнічак услых усклікнуў:
— Божа, як шкада жонкі! Езус, Марыя, як мне шкада малых дзетак!..
Пачуў гэта Максімільян Марыя Кольбэ ды звярнуўся па-нямецку да Фрытцшэ:
— Пан камендант, мне сорак сем, я адзінокі. А гэты няшчасны — малады і ў яго сям'я. Абмяняйце нас, вам жа ўсё роўна!
Цар і бог славутай фабрыкі смерці надта здзівіўся ды хвіліну падумаў. Затым практычны немец кінуў:
— Гут! Станавіся замест яго на калені! А ты — вэг! Дзевяць прыгавораных палякаў памерлі ў бетонных клетках — хто на сёмы, хто на восьмы дзень, іх адправілі ў печ, а ксёндз усё жыў — лагернікі ўмудрыліся праз шчыліну ў дзверцах запіхваць яму ежу.
Застаўшы арыштанта з нумарам 16670 жывым-здаровым і праз два тыдні, раззлаваны Фрытцшэ зараз жа загадаў даць апошняму заложніку ўкол фенолу — орднунг мус зайк, фэрфлюхтэ! Немец яшчэ і прасачыў, каб цела дзесятага паляка адправілі ў крэматорый таксама.
4
Францішак Гаёўнічак, прайшоўшы агні і воды, вярнуўся пасля перамогі дамоў ды расказаў усім пра сваё незвычайнае ўратаванне. Гісторыю падхапілі касцельныя газеты, пачалі размалёўваць яе на розныя лады. Затым шуміху падхапіла ватыканскае радыё, тэлебачанне...
Ішлі гады, адно дзесяцігоддзе змяніла другое, а шуміха вакол учынка а. Максімільяна не сціхала. Скончылася ўсё тым, што касцель-ная ўлада Польшчы звярнулася ў Ватыкан з прапановай — аб'явіць Кольбэ святым. Ім стаць цяпер не так проста, і першую атаку польскага клера апастольская сталіца адбіла.
Тады каталіцкія газеты ўзнялі новую кампанію.
На гэты раз размалявалі набожнасць усіх членаў сям'і Кольбэ, пералічваючы, хто з іх, колькі разоў і якую малітву кожны дзень гаварыў. Напомнілі пра работу а. Максімільяна ў «Рыцары прачыстай дзевы», яго місійныя дасягненні ў Японіі. Але гэтага ўсё яшчэ было мала, і пачалі яны збіраць сведчанні «лекарскіх камісій» пра цудоўнае выздараўленне людзей, якія прыкладвалі да хворага месца фатаграфію Кольбэ ці маліліся на а. Максімільяна...
Нарэшце кардынал Вышынскі адправіўся ў Ватыкан, папрасіў у рымскага папы прыватнай аўдыенцыі. Прымас Польшчы стаў горача даводзіць Іаану XXIII, як у даны момант Польшчы важна мець свайго святога. Папа рымскі жахнуўся:
«— Але ж столькі кандыдатаў цяпер паспяшае ўзысці на неба, столькі родзічаў жадае іхняй хвалы!
Вышынскі адказаў яму ў тон:
— Ваша светласць будзе ласкава адно крышачку прыадчыніць нябесныя вароты для паляка, і ён праскочыць на неба без чаргі!..» [37]
Нарэшце 17 красавіка 1971 года рымскі папа новага святога баніфікаваў. Адразу касцельныя кіёскі Польшчы напоўніліся розна-фарматнымі іконамі, на якіх на фоне сілуэта маткі боскай віднеўся сімпатычны мужчына ў акулярах з адным плячом, апранутым у паласаты лагерны балахон і з нумарам 16670, а другім — у сутану:
— Наце, прыхаджане, маліцеся на яго!
5
У аддзеле каталіцызму гледачоў уражваюць індульгенцыі на адпушэные грахоў. Дзівіцца моладзь: от былі дурні — яшчэ збіралі на такое грошы ды верылі, што паперка на лацінскай мове выбавіць іх ад пекла.
Побач красуецца масіўны шчыт. Ён трапіў у музей з дрыс-вяцкага касцёла. На медным і круглым экспанаце віднеецца крыжавіна, а вакол вяночкам — надпіс: «За тое, што прамовіш «ойча наш» ды пацалуеш гэты крыж — будзеш мець праз 200 дзён дараваныя грахі па аднаму разу на дзень».
Шчыт вялізны і медзь вышэйшай якасці. Адлілі на шчыце са-лідна і літары. Аж не верыцца, што шчыт рабілі ўсур'ёз, вешалі ўсур'ёз у прытвор, а тысячы людзей, пакаленне за пакаленнем яго з на-божным трапятаннем сэрца цалавалі ды ўсур'ёз адносіліся да надпісу.
Зрэшты, індульгенцыі на старажытнай паперы з вадзянымі знакамі, медзяны шчыт з крыжам — рэчы даўнія. Можна іх растлумачыць агульным цемрашальствам ды адсталасцю колішніх людзей. Але ж тое, што і зараз клер шукае дурняў ды спекулюе нават на незвычайнай смерці, не можа аніяк укласціся ў маёй галаве.
Кольбэ — святы?
«Сапраўдны мучанік,— сказаў Станіслаў Лем,— той, каму адмовілі нават у гэтым тытуле».
1
Сілуэт яго маячыў пад вёсачкай Шылава ля самага скрыжавання дарог. Начамі гэты крыж служыў нам добрым арыенцірам: камандзіры заўсёды вызначалі тут зборы. У макрэнь, слякаць ці завею, калі на прывале не было куды прыткнуць зброі, цэлы ўзвод, бывала, чапляў на яго ўсе свае вінтоўкі, аўтаматы, «дзегцяры» з дыскамі, а крыж — хоць бы ўздрыгнуў. Масіўны, шырокі яго ніз пры засадзе — ідэальная заслона кулямётчыку...