Сяляне нібы панабіралі ў рот вады. Маладзенькія супрацоўніцы музея ў Сянкевіча пацікавіліся:
— Пётр Сямёнавіч, вы — з настаўнікаў?
— Не. Быў царкоўным папячыцелем.— Стары заўважыў у вачах дзяўчат расчараванне.— Тады, дочачкі, не тое, што цяпер вам. Вучыцца не змог, скончыў толькі прыходскую...
Дзяўчаты горача старому дзякавалі, а я падумаў: даць бы ў свой час чалавеку адукацыю, што б з яго выйшла! Шкадаваў я і дзядзькі Мікодыма. Упарты, працавіты, з характарам — выліваў сваю энергію ліха ведае на што... Колькі і цяпер такіх самародкаў трацяць сілы па-пустому. На ўліку страты энергіі ад сонца, вугалю, нафты, электрыкі, ветру, марскіх прыліваў, вакол ідуць гарачыя дэбаты пра тое, як дабро гэтае гаспадарліва ўжываць, а людской — нават ніхто не бярэцца падлічваць. I найбольш мяне займала гісторыя з крыжам. Колькі людзі нагрувасцілі тут глупстваў!
Зрэшты, вакол гэтай самай лаканічнай геаметрычнай фігуры разгаралася і не такое.
6
Аўтобус уз'ехаў на ўзгорак. Натоўп, што адправіўся пешшу, быў ужо тут — бабы замерлі ў набожным чаканні. Загарэлая, з вузлаватымі рукамі крыкачка паказала ўніз:
— Во, гляньце!..
— Перад намі з травы выставіў пуза камень — сівы, вялізны. Па цэнтры выпукласці ішлі, зарослыя сям-там рыжаватым мохам, ямкі — бытта хтосьці вызначыў пункцірам лінію ды падзяліў валун на роўныя палавінкі. Зірнуў я на ямкі і адразу зразумеў у чым справа. Не разумець яе можна было толькі наўмысна.
— Ту-ут хадзіла мацер бо-ожая?! — з жахлівым недаверам і перапалохана спыталася самая маладая супрацоўніца музея.
— Святымі ножанькамі хадзіла, і унь аж колькі нам пакінула сваіх слядочкаў! — скорагаворкай зачасціла бліжэйшая старая.— Мы тут усе да яе молімся і — ах! — колькі дабра ад яе атрымліваем! У Шылаве — ні паморкаў на свінні, як у іншых вёсках, ні тых пажараў... I ў вайну немцы расстралялі адно шэсць чалавек...
Старая — з тых самых прыткіх, эноргічных бабуль, якія ўзнімалі агні ажыятажу вакол «Вершалінскага раю», «абнаўлення ікон». Ліха на яго, але ж тое было гэтак даўно! Выяўляецца —унь як жывучае такое племя!..
Мяне разабрала злосць:
— Стой! I гэта, па-вашаму,— чалавечыя сляды? За дурняў нас маеце? Такія мог бы пакінуть толькі кот! Дзядзькі, ану, падыдзіце ўсе бліжэй, прыглядзіцеся! Хтосьці яўна валун хацеў раскалоць і набіў дзі-рак ля кліночкаў. Дзе вашы вочы?
Цёткі адразу змоўклі. Сянкевіч зводдаль усміхаўся. Пасаромле-ныя мужчыны адводзілі вочы. Нехта пачаў апраўдвацца:
— Ды з нас тут ніхто, мабыць, і не бываў — мо адно тады, калі без нагавіц бегалі!.. Гэтыя бабы, каб на іх халера, заўсёды нешта намудрагеляць! Заўсёды ім патрэбна нейкая цацка для гульні!..
7
Баючыся, што экспанат давядзецца выдзіраць ад шылаўскіх баб ледзь не сілай, забіраць яго адправіўся я сам. З брэсцкім начальствам дамовіўся — старшыня Зелянкевіцкага сельсавета падгоніць кран, дапаможа ладаваць.
I вось я ў сельсавеце.
Малы тоўсценькі старшыня выйшаў з-за стала і павітаўся. Я заўважыў — чалавек моцна кульгае, а па нездаровай чырвані твару здагадаўся — інвалід вайны. Нядобразычлівасці да яго ў мяне не стала. Толькі з папрокам я спытаўся, навошта закопваў крыж.
— Халера на іх, фанатычак! — вінавата і шчыра пачаў старшыня скардзіцца.— Вы б паўзіраліся, што тут было трыццаць гадоў таму! Баб трэ пасылаць у агароды, акучваць картоплю, даіць кароў, карміць свіней, а яны, заразы, бывала, збяруцца ля гэтай дурной хламіды раніцой і да глыбокай ночы малітвы енчаць. Адна адну як расквеліць, як навінціць — валасы дыбам станавіліся. Я і так, і гэтак, я і прасіў, маліў і палохаў, а яны — сваё. Паверыце — свінні дохлі, пра сваіх дзяцей іншая забывала... Што рабіць? Быў у мяне яшчэ з партызанства тол, хацеў крыж узарваць, ды пашкадаваў. Аднаго дня, калі вывелі з цярпення зусім, прываліў іхнюю забаўку зямлёй. Пабурчалі, паабзывалі, але прыціхлі адразу. I меў я спакой.
Раптам успомніўся мне май 1950 года, калі працаваў я ў Сапоцкіна. Там жанчын таксама агортвала падобная эпідэмія. Збіраліся ў вялізныя натоўпы ля прыдарожных крыжоў, распявалі малітвы, забываючы пра родных дзяцей. Даходзіла да таго, што ўласныя мужыкі хадзілі па іх з кіямі.