Выбрать главу

Старшыня выглядаў на майго равесніка. Яшчэ выявілася — партызан. Я пацікавіўся, дзе і калі яго ранілі.

У Зелянкевічах,— кінуў ён малаважна.— Ат, ноччу налез на бобікаў... Не пашыхавала...

— Перад самым Новым годам?! — жахнуўся я усхапіўшыся з месца. — Дык я ж цябе, чалавеча, валок тады ў Гута-Міхалінскі лес на насілках з дручкоў!..

8

Нарэшце караван нашых машын — грузавая дзесяцітонка, кран і «масквічок» старшыні сельсавета — вырушыў з Зелянкевіч у Шыла-ва. Праз хвіліну грузавічок спыніўся — паляцела нейкая трубка. Толькі яе замянілі, а кран — ні з месца. Машыны зношаныя, нічога незвычайнага ў паломцы не было, але і гэтага хапіла б, каб бабкі сказалі пра помсту мацеры божай і святога духа. Адрамантавалі кран, а матор у грузавіку замоўк зноў...

Праз пару гадзін усё ж такі ля крыжа апынуліся мы цэлым караванам. Адзін шафёр пачаў раскладваць лапы крана, другі — пад'язджаць да экспаната бортам.

Побач на ячменным полі працавалі сем камбайнаў. Быў панядзелак, вяскоўцы ўсе разышліся на работу, і толькі камбайнеры спынілі свае дрэдноўты ды прыбеглі да нас, каб назіраць момант пагрузкі. Хлопцам у камбінезонах было вельмі дзіўна — гэткі няўклюда-камень, а — ты глядзі! — не паленаваліся прыехаць па яго аж з самога Гродна,

Маладзенькі шафёр грузавіка адразу ўключыў поўны газ, і на спідометры паказала 110 кіламетраў. Я абмёр — трапіць на такой хуткасці хто пад колы, і будзе новая легенда пра цуд: цяпер ужо стану яе героем я.

— Сынок, два разы цішэй едзь! Бо пры раптоўным тармажэнні трохтонны гранітны снарад знясе па інерцыі кабіну разам з нашымі галовамі.

Хлопец глянуў на мяне з маладой легкадумнасцю. Дакладна гэтак на вайне глядзелі яго равеснікі, калі ім раілі надзець каску, схавацца за бруствер, лезці ў ровік: што, мяне возьме куля?

— Слухай, што табе кажуць!

— Я, дзядзьку, атрымліваю ад тона-гадзін! З вамі так і на абед не зараблю.

Давялося паабяцаць — падпішу пуцявы ліст з двайным марштрутам. Тым не менш, да самага Гродна сядзеў я ў кабіне, як на іголках.

Нарэшце заехалі ў двор музея. Збегліся супрацоўнікі. Адны ўслых абмяркоўвалі, як крыж экспанаваць, якую яму даваць падсветку і надпіс. Іншыя ўдакладнялі назвы вёсак, прозвішчы, а тым часам я не спускаў з яго вока. Толькі калі масіўная і крыжападобная глыба граніту тоўстым сваім нізам з борта гупнула ў выкапаную яму, я з вялікай палёгкай уздыхнуў.

198*