Выбрать главу

I ўсё ж такі я ў Вільні, эх!..»

Ад збытку пачуццяў і сілы мяне ўзяла ахвота брыкнуць, як таму цяляці на полі, калі яно наесца травы, а сонца прыпякае, і цяля раптам задзярэ хвост і пачынае дурэць.

Хадзіў я ў той дзень доўга. Калі апамятаўся, што позна ўжо, азірнуўся. Якажьці незнаёмая вулачка. За мной — дзве жаночыя постаці. Я паўслухаўся. Адзін голас дарослай, другі — дзяўчынкі гадоў шаснаццаці. Яны нечага ад мяне хацелі.

— Ты чаго ўпіраешся яшчэ, дурніца! — угаворвала старэйшая маладзейшую.— Ну, ідзі, не бойся!

— Хі-хі-хі-хі!

— Прэндзэй, ну! Бачыш, спыніўся і азіраецца!

— Хі-хі-хі-хі!

— Каму кажу? Чаго зяваеш зноў?.. Ідзі да яго, ідыётка!

У чым справа? Навошта я ім патрэбен?..

Я быў такі наіўны, што нічога не разумеў. Толькі ўгледзеўшы, што адна з постацей піхае ў мой бок другую, мяне апанаваў якісьці інстынктыўны страх, і я з усяе моцы пабег.

Вылецеўшы на цэнтральную вуліцу, я спыніўся каля латка. Патаптаўся ў нерашучасці, паазіраўся, бытта хацеў упэўніцца, ці не бачыць бацька, што збіраюся транжырыць грошы, і адно тады папрасіў порцыю марожанага.

Сорамна есці ў людзей на вачах. Я павярнуўся тварам да вітрыны і пачаў лізаць халодны капец у чарачцы з вафлі.

Не паспеў з'есці і паловы порцыі, як раптам насцярожыўся. Каля мяне хтосьці затрымаўся. Я скасіў вочы. Побач стаяла дзяўчына з шырокім тварам. Мутна-сіняга колеру вочы яе глядзелі на мяне з гатоўнасцю і нібы казалі: а вось і я! Дзяўчына ступіла ў мой бок. Марожанае засела ў маім горле.

Што за ліха?!.

Я з цяжкасцю праглынуў камяк і заморгаў вачыма. Паглядзеў у вітрыну: можа, мне здалося?

Не. У шкле акна выразна, як у люстэрку, маячыў той самы шырокі твар. Вочы дзяўчыны адтуль усё ўпарта стараліся спаткацца з маімі. Яна зноў зрабіла крок да мяне. Стала так страшна, як тады, калі снілася, што на мяне наязджае паравоз.

Я ўцягнуў марожанае ў рукаў і сігануў у паток людзей. Толькі адляцеўшы крокаў на трыццаць, я з палёгкай уздыхнуў і азірнуўся.

Дзяўчына ўсё яшчэ была на тым самым месцы. Цяпер яна стаяла да мяне спіной, а яе фігурка выглядала паніклай, апусцелай, бытта яе хтосьці моцна пакрыўдзіў. Ні то з жалю да яе, ні то з цікавасці я пастаяў ды паўзіраўся. Дзяўчына прайшлася ў адзін бок, другі і змяшалася з патокам прахожых.

Вярнуўся я на кватэру, раздзеўся, а заснуць не магу.

Доўга я валяўся на ложку, і доўга ён пада мной рыпеў. Упершы-ню звярнуў увагу, што ў мяне цвёрдае і тугое цела, тонкая ды белая скура, і адчуў, як люблю сваё цела. Мяне раптам пачалі мучыць незразумелыя жаданні, агарнула дзіўнае хваляванне.

3

Вядома, чуб — дзіцячая фантазія, форс. Я да яго хутка прызвычаіўся, ён паслужыў толькі маленькай ступенькай на шляху да сталасці. Такіх ступенек я меў шмат.

У мяне людзі верылі. Вялікая гэта сіла — людская вера. Усё добрае, што ва мне тады было, ведаю, паходзіла з яе. Мяне хвалілі. Я заўсёды памятаў, што ад мяне нечага чакаюць. Гэта мяне падцягвала і, відаць, служыла галоўным стымулятарам у жыцці.

А яшчэ людзі мяне паважалі. Не толькі з-за таго, што я рэдка іх падводзіў, а з-за маўклівасці. Да маўклівых заўсёды праяўляюць цікавасць.

Паважалі мяне яшчэ і за рост. I наогул лічылі сур'ёзным, удумлівым, падбадзёрвалі добразычлівасцю. Як яны памыляліся, як яны не ведалі, колькі мне гэта каштуе!

Сапраўды, мне некалькі гадзін удавалася пабыць сур'ёзным, і я сабе казаў: к д'яблу ўсё, я прыехаў сюды не глупствамі займацца, буду рабіць вось так і так!.. Праходзіла гадзіна, я пачынаў захапляцца чым-небудзь пабочным і спяшаўся туды, куды цягнула.

Не, не вучоба была маім захапленнем.

Неяк маці прыслала мне ў Вільню вышытую кашулю. На ўроку польскай мовы і літаратуры ўбачыў яе наш прафесар Залескі і заявіў класу:

У Афрыцы ёсць народы, якія любяць каляровыя шкельцы, каменьчыкі, ніткі. Дай ім мыла або соль, яны з'ядуць іх проста так, як мы — шакалад. У нас на «крэсах»[5] гэтае дзікунства захавалася ў тым, што мжцовыя сяляне расшываюць вопратку рознакаляровымі ніткамі.

I выхаленай рукой ён паказаў на мяне:

Вось вам жывы прыклад!

Лёгка сабе ўявіць, як пасля такіх слоў я адносіўся да таго «прафесара» і яго навукі.

Яшчэ настаўнікі «паўшэхнай» школы былі мае заклятыя ворагі, і ўсё тое, чаму яны вучылі, было мне чужое. Такое перакананне я перанёс з хаты ў школу, і год ад году яно ў мяне паглыблялася. Таму выхадка Залескага не была нечаканасцю.

Мая адукацыя адбывалася недзе паміж урокамі — на вуліцы, дома. З сямігадовай школы я не вынес ні замілавання да вучобы, ні навыкаў. Наадварот! У маім уяўленні кожны той, хто атрымліваў пяцёркі за іхнія навукі, быў панскі падліза, халуй. Паехаў я ў Вільню, бо туды адпраўляліся многія пакаленні нашай моладзі, каб убачыць свет і вярнуцца дахаты мо і без дыплома, але прызнаным чалавекам.

вернуться

5

Тэрыторыя Заходняй Беларусі ў Польшчы да 19З9 г. пазывалася «крэсамі ўсходнімі».