Ідэя захапіла мяне. Я адразу начаў ствараць фантастычныя праекты, як зраблю навуковае адкрыццё і стану славутасцю. Як-ніяк да камня я маю адносіны! Камень да жоран высякалі, бывала, мы з бацькам за паўдня; мала больш часу зойме гэтая работа. З усёй энергіяй узяўся я за справу.
Раніцой паступнага дня мы з Луцэвічам выбралі кавалак граніту і пустую, як трубачку, у сярэдзіне костку. Трубачку гэту я ўзяў паміж далоняў, паставіў адзін канец на камень і стаў вярцець, а Луцэвіч пачаў сыпаць на камень пясок і ліць ваду. Без асаблівага намагання, пакуль ісці на вячэрнія заняткі, навылет прасвідраваў у камені дзірку для чаранка сякеры!
Ты сабе не ўяўляеш, што натварыў! — паціху, бытта баючыся, каб нас хто не падслухаў, казаў стары.— Не ўяўляеш, праўда?
Усяго дзірку ў камені! — адказаў я, шчаслівы, залізваючы на далоні мазалі.
Праз пару дзён каменю з дзіркай я надаў выгляд сякеркі — абчасаў бакі. Тады ўзяўся за чаранок. На яго патраціў пару дзён. Чаранок ніяк не хацеў трымацца. Калі махну з усяе сілы, сякера злятала. Як нашыя продкі прымацоўвалі чаранок — таямніца. Дома я шмат пераплёў кошыкаў, і лазовыя дубцы ў маіх руках былі гнуткімі, як вяровачкі. Але нашыя продкі, відаць, умелі вязаць толькі ім вядомым вузлом.
Стары прынёс ад хірурга бычыныя жылы.
Спрабуй, Іване, гэтым. Цалкам, мажліва, яны маглі такія жылы вырабляць...
Чаранок я заклініў костачкамі, заліў смалой, прывязаў сухімі жыламі.
Залатыя ў цябе рукі, сынок! — ледзь не расцалаваў мяне Луцэвіч, параўноўваючы маю сякеру з той, якая ляжала ў экспазіцыі.— Ты і сам не разумееш, што зрабіў!
Сам-то я разумеў. Цяпер у кожным падручніку гісторыі трэба ўдакладняць, што зрабіць каменную прыладзіну — справа не лёгкая, але ўжо не такая і цяжкая, як лічылася дагэтуль.
Цікава, ніхто з вучоных не здагадаўся праверыць на практыцы такую простую рэч?!.— Стараўся я ўявіць сабе твары людзей, калі яны даведаюцца пра маё адкрыццё.
Вялікія адкрыцці заўсёды простыя! — паддаваў мне жару стары, праціраючы сваё старамоднае і вышчарбленае пенснэ.
Яшчэ Луцэвічу я зрабіў касцяны нож. Потым паехалі мы з ім у лес, там я выбраў сасну і пачаў яе сячы самаробным тапаром. Не раю нікому рабіць гэтага. То была дзятлава работа. З мяне выцекла сем патоў, пакуль я зваліў дрэва, а кожнай сваёй клетачкай адчуў, што азначае цывілізацыя.
Вынікі працы нас радавалі. Аднак Луцэвіч не мог надрукаваць артыкул у бліжайшы час, і са сваёй работы мы пакуль што карысці не мелі. Парадокс! Такое глупства, як развод артысткі Лясоцкай з адвакатам Руцелем надрукавала кожная з трынаццаці віленскіх газет — польскія і беларускія, яўрэйскія і літоўскія, руская і нямецкая, але ніводная не выказала цікавасці да Луцэвічавай інфармацыі.
Ну і парадкі на свеце гэтым!
Нацешыўшыся навізной факта, праз два тыдні я пакінуў музей і зноў пачаў шукаць работу, а пазіраючы на карабок цэментавага будынка за драцяной сеткай, усё нечага чакаў, чакаў і чакаў.
7
Блукаючы так па вуліцах, у сярэдзіне лістапада я ўбачыў аб'яву: «Віленская спартыўная школа запісвае ў секцыі футбола, тэніса, бокса...»
Далей ішоў яшчэ доўгі пералік розных відаў спорту, але мае вочы спыніліся па заманлівым і мужным слове «бокс».
А чаму б мне не стаць баксёрам?!
Я напружыў мускулы і адчуў у сабе вялікую сілу. Здаецца, каб развёў рукі і крутануў імі навокал, прахожыя ляцелі б ад мяне, як яблыкі, збітыя з галін. Нездарма Луцэвіч, вітаючыся, загадзя прысядаў і сыкаў, баючыся, што раздушу яму пальцы.
Аб'ява вісела на высокім і глухім плоце з тоўстых дошак. Я азірнуўся, ці няма каго блізка, тады садануў кулаком у сцяну — раз! другі! трэці!.. Дашчаная сцяна захісталася, за ёю трывожна загуль-дыкалі індыкі, а з даху ўспырхнулі галубы.
Сапраўды, як мне не прыходзіла ў галаву: я ж прыроджаны баксёр! Няма нічога больш простага, як прафесія баксёра!
Праз хвіліну я ўжо бачыў сябе героем рынга, якога ведае ўся Вільня. За пару мінут пакладзі праціўніка на брызент — і генералава дачка загаворыць з табой інакш! Усім вядома, як дзяўчаты любяць спартсменаў! Толькі такім шляхам можна да яе дабрацца!..
Я і сам не заўважыў, як апынуўся ў спартыўнай школе, і ў мяне ўжо мералі аб'ём лёгкіх.
О Езус коханы, пане Левандоўскі, глядзіце, аж сем літраў! — з непадробленым здзіўленнем закрычала лабарантка да трэнера, паказ-ваючы на шкалу спірометра.— Такога ў нас яшчэ і не было!
Я вінавата аддаў паненцы шланг, праз які дзьмуў паветра.