Ах! — толькі жахнуліся ў зале, і адразу запанавала мёртвая цішыня.
М-м-м! — нема застагнаў мой вораг.
Шчасце яго, што на нагах былі адно шарсцяныя шкарпэткі, прысланыя з дому на зіму.
Калі ён хапіўся за пахвіну, я сарваў пальчаткі, адкінуў іх і па-вясковаму, з усяе сілы, жарнуў кулаком наводмаш у ненавісны рыжы вожык. Аглушаны баксёр павіс на вяроўках — аж скрыпнулі канаты, бытта з сілай хто кінуў на іх мяшок зерня. Тады я адважыў рыжаму аплявуху з левай, а пасля з правай рукі і стаў малаціць куды папала.
Во табе, маеш! На! Заменак, халерны, на! — чуў я ў цішыні свой раз'юшаны голас і дзікую асалоду, што мае рукі і ногі месяць цёплае і тугое ненавіснае цела.
Што гэта робіцца?— дзівіліся аслупянелыя юнакі навокал канатаў.
Барташэвіч, адыдзі! Звар'яцеў? — крыкнуў трэнер ды нырнуў да нас пад вяроўкі.
1
У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў пальчаткі і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразрадні-кам. Той бязлітасна збіваў новенькага. Калі хлопец і ў наступны раз прыходзіў на трэніроўку, Левандоўскі лічыў, што з такім варта займацца, і запісваў у секцыю.
Такую штуку трэнер думаў разыграць і са мной, але я экзамены яму пабунтаваў. Баксёру-граміле давялося адпраўляцца са спартыў-най школы ў машыне з чырвонымі крыжамі на кузаве ў бальніцу.
Пасля славутага паядынку я надта пакрыўдзіўся і ў спартыўную школу вырашыў не паказвацца. Паненка таго не варта, каб з-за яе цярпець столькі здзеку, а Рыжы мяне запомніць!.. Яшчэ і закажа іншым!..
Праз пару дзён у хірурга я спаткаў Левандоўскага.
— Барташэвіч, дарагі, што тут робіш?— шчыра, як брату, узрадаваўся трэнер.
Непадроблены тон яго мяне раззброіў, і я забыўся на абразы.
Палец распух,— паказаў я нагу, абутую ў стары галёш ад прачкіных цёсанак.— Халера, чамусьці доўга не гоіцца!..
Едзем да нас у школу! Там палечаць цябе бясплатна! Ану, пакажы!.. Фю-у-у, як разнесла!.. А што? Голымі фалангамі так жарнуць — яны ж для гэтага не сканструяваны прыродай!.. Магло быць горш. Але ж і даў ты рыжаму капралу! Шчасце, што босы, быў бы ты абуты, і яму — капут!.. Давай, давай да нас, адкуль у цябе столькі гордасці? Не з князёў жа!..
Выяўляецца, вузкалобы — вайсковец.
Нядобразычлівасць трэнера да баксёра мяне купіла.
Левандоўскі наняў вазніцу, дапамог мне залезці ў фаэтон, і мы адправіліся.
У спартыўнай школе медсястра наставіла на месца вывіхнуты палец, пацерла нечым, моцна яго забінтавала і адпусціла. Праз тыдзень я з'явіўся па першую трэніроўку.
2
Левандоўскага я заўважыў у горадзе даўно. Не раз, сустрэўшы на вуліцы, захапляўся яго фігурай, энергічнай хадой і незалежнымі манерамі.
Яму было пад пяцьдзесят. Але гэты чалавек не ведаў смаку гарэлкі, не нюхаў табакі, хвіліны не правёў без цікавага занятку і выдатна захаваў сваё сэрца, лёгкія і здольнасць цвярозага мыслення. Яго дэвізам заўсёды былі: паветра, вада, добрае харчаванне і дзейнасць. Ён быў увесь напоўнены цікавасцю да жыцця, імкненнем быць карысным людзям.
Чалавек датуль малады, пакуль сам хоча ім быць! — навучаў ён нас.— Запомніце: маладосць чалавека ў яго руках!.. Не глушы ў сабе бадзёрасці, якая запраграмавана ў тваім арганізме, закладзена ў храмасомах; дапамагай сабе праяўляць свае здольнасці!.. Той не мужчына, хто баіцца скразняку. Адчыні, адчыні вокны шырэй!
Левандоўскі быў заўсёды чыста паголены, падцягнуты, жыцця-радасны, апранаўся ў светлыя клятчастыя і шырокія ў плячах пінжакі, насіў белую шапку. Гэта яго маладзіла, дадавала статнасці.
Прыемна было глядзець на такога чалавека. Ён і сам гэта адчуваў.
Такі ж акуратны трэнер быў і на сваёй рабоце.
Між іншым, польскія спартсмены тады славіліся. Палякі нават паклалі пачатак некаторым сусветным відам спорту, напрыклад, стральбе з лука. Польскія баксёры ўступалі толькі амерыканцам і немцам. I ўсё самае лепшае з айчыннага спорту ўвабраў у сябе наш трэнер. У горадзе яго прозвішча ведалі, як ведаюць прозвішча выдатнага ўрача, адваката або інжынера.
Нас у групе налічвалася чалавек дваццаць. У час трэніроўкі Левандоўскі трымаўся такога правіла: хочаш, каб цябе слухалі, многа не гавары і не крычы. Каманду падаваў скупа, коратка.
Гетро! — кіне, бывала, толькі адно слова, і мы, як механізмы, пачынаем бегаць.
Практыкаванні стараліся выконваць з усяе сілы, бо ведалі — ніякія фіглі не пройдуць незаўважанымі, а тое, да чаго ён нас змушае, нам неабходнае.
Давай! Давай! — яшчэ падганялі шэптам адзін аднаго.