«Такой народнай закваскі быў чалавек,— на такіх зямля тры-маецца»,— шкадуе нябожчыка зямляк, капітан міліцыі, Іван Кас-цевіч, пляменнік паэта Міхася Васілька. Гэтае трапнае азначэнне вырвалася як дакор сынам, што нячула абышліся з бацькам, штурхнулі яго на трагічны канец. Але адрасат у капітана атрымаўся шырэйшы — усе урбанізаваныя летуны і камбінатары, майстры утылізаваць бацькоўскі лёс, майно, драпежна і бяздумна ўпарадкоўваць жыццё родных супраць іх волі: «Папрывозілі, па-німаеш,— дакарае капітан,— з вёсак на голы асфальт сюды сваіх старых, родных бацькоў, папрывалакалі супраць іх волі, павы-дзіраўшы з роднай глебы, са сваіх гнёздаў... Круцялі і махінатары!» Капітан ажно перагібае палку, наракае, што няма закону на пакаранне турмой сыноў Маркевіча. Забывае службісты ахоўнік грамадскага парадку, што палка законнасці мае два канцы. Распісаць усе сямейныя адносіны ў крымінальным кодэксе — гэта азначае адмяніць адвечныя рэгулятары паводзін, якімі з'яўляюцца добрыя звычаі, норавы, урэшце асабістая чуласць, сумленне і ўласная годнасць. На іх трымаецца культура прыватных зносін.
Не сказаць каб сыны Лаўрэна Маркевіча былі дрэннымі людзьмі і благімі сынамі. Яны на свой лад паважалі бацьку і хацелі забяспечыць яму добрую старасць. Не віна іх у тым, а бяда, што спрабавалі ашчаслівіць бацьку сілай, «зверху», з вышыні ўласнага гарадскога жыцця. Так паступала грамадства з імі, вясковымі хлопцамі, гаспадарскімі сынамі, так паступалі і яны. Грамадства урбанізавала іх, навучыла круціць баранкі, забяспечыла жыллём, добрымі зарплатамі, «Жыгулямі», пажаніла на гараджанках. Ур-банізацыя дасталася маладым лёгка, бо яны плылі ў гарады касякамі, утваралі там свае асяродкі жыхароў рассялененых вёсак. Для іх гэта быў пераход з ніжэйшага класа земляробаў у вышэйшы рабочы клас, які тагачасная сацыялогія ідэалізавала. Ідэалагічны туман падняў іх амбіцыі і пашкодзіў генетычныя карані. З вышыні «гегемона» яны ўзяліся маніпуліраваць лёсам бацькі і давялі яго да трагічнага кроку. Страшна тое, што віна іх міжвольная, самі яны ахвяры абезаблічанага жыцця, вінцікі, якія часова становяцца сляпымі махавікамі. Як і ў кожных узаемаадносінах, віна тут знаходзіцца па абодвух баках. Вінаваты і сам Лаўрэн, што не пратэстуе супраць п'янай бяздумнасці жыцця сыноў, вінават, што паддаецца ды яшчэ ў думках перакладае віну на нябожчыцу жонку.
Карпюк не аспрэчвае і не схематызуе праблемы пакаленняў, не становіцца ў позу мудраца, які ўсё бачыць, усё ведае, упэўнены ў маральнай перавазе свайго пакалення. I пакаленне пенсіянераў далёка не ідэальнае, у яго гісторыі не адны залатыя старонкі, не скрозь змаганне за годнасць і волю ды стваральная праца на карысць радзімы і сацыялізму. I маладыя не адназначныя. На рахунку гэтага пакалення таксама ёсць грахі і памылкі: страх і падатлівасць, фетышызацыя ўлады, пакорлівасць лёсу, вера ў тое, што мэты жыцця, само шчасце наканоўваецца ў вярхах. Смыліць у каранях яшчэ недзе прыстасаванства, адвечная мужыцкая нявольніцкая філасофія пакорнага цялятка, што дзве маткі ссе. Жыве там і дробная зайздрасць, і мізэрная тарбахватчына, і звычайная нехлямяжасць. Паказальны ў гэтым сэнсе вобраз Лаўрэнавага земляка і аднагодка Зміцера, бацькі вялікай сям'і, якога нашчадкі ператварылі ў вярблюда.
Абладаваўшыся сумкамі і кашалямі, дзень у дзень абслугоўвае ён абмен харчам і барахлом паміж вясковымі і гарадскімі атожылкамі свайго пладавітага роду. Зміцер аптыміст, весялун, майстар па вытворчасці «весялухі-балбатухі», спрабуе ратавацца ад канчатковага апусташэння прыгадкамі маладосці, калі і ён аціраўся ля вясковых актывістаў з круга паэта Міхася Васілька. Зміцер цягнецца да Лаўрэна, не помніць крыўды, хоць той, будучы старшынёю калгаса, удзельнічаў у канфіскацыі Змітравага самагоннага апарата.
Зміцер памятае дух вызваленчай барацьбы і ачышчаецца ля таго вогнішча, што некалі шугала і грэла. Зміцер не злуе на былога старшыню калгаса, бо ведае, што той выводзіў калгас у людзі не для сваёй славы, а для карысці вяскоўцаў, якіх абармоцісты, падкінуты з раёна старшыня Савоська пасадзіў на карачы. Зміцер уцёк тады з запусцелага калгаса і хоць мае для таго дэзерцірства ўважлівыя прычыны — голад не цётка, а тым больш голад мнагадзетнай сям'і, аднак жа адчувае Зміцер і вінаватасць, ён не хваліцца сваёй пазіцыяй, а толькі апраўдваецца. Зміцер першы запрашае да сябе ў госці былога старшыню як таварыша маладосці, аднапалчаніна і актывіста таго беларускага руху, што напоўніў вышэйшым сэнсам іх нялёгкую маладосць. Маладое пакаленне, яго філасофія жыцця і практыка таксама супярэчлівыя з аднаго боку, моладзь пераарыентавана з рамантычнай ахвярнасці, якую прапаведавалі бацькі і тады, калі неслі ахвяру крыві на франтах, у партызанах і пасля перамогі, калі давялося несці ахвяру матэрыяльных нястач і цяжкой працы.