Выбрать главу

Чаму?

Не будзем — і ўсё.

Але чаму-у?

Хату прадаўшы?

Якая розніца?

Бацькаву ха-ату?

Не памінкі ж!

Ты, Франак, часамі скажаш — бы пярун у зацірку смальне!

Не, ты мне скажы — чаму нельга чокацца за гэто?

Усё не разумееш?

Кінь, Павел, язык аб зубы біць — Шмігельскаму нігды такого не ўталкуеш!

Вы ўжэ надто талковыя!

Ат, цяпер, Уладзік, хоць плач, хоць скач,— прапала твая кляч! Ну, тады будзьмо!

Перакулілі дружна чаркі, крэкнулі і закусілі.

А помніш, Уладзік, як мы з табой на гарышчы да мёду зімой лазілі?

А-а, калі яго там стаяў велькі цэбар! Стокілёвы — для прадання на вясну! А мёд зацукраны — на камень! Маці ўбачыла ў ім правал і — у крык! Мы — не прызнавацца, як нас ні дапытвалі! А потым — давай адзін на аднаго валіць, бо Колік шчэ без штонікаў бегаў, на яго ніхто не паверыў бы!

Ну! А раз туды залажу, а ты, гіцлю, ужэ там з боханам сядзіш і з кастыля мёд на хлеб мажаш! Пасля гэтаго абодва прыціхлі і адзін аднаго не паддавалі.

Як тыя змоўшчыкі!

— Дак вып'ем за ўсё тое, што перажылі ў гэтым доме!

Дзеўбанём!

А ты, бацьку? Калтані хоць крыху! Не сядзі — пануро так!

Хаты шкадуе!

Кі-інь, тату, яе шкадаваць! Ці ты такі самы, як наша маці? Прапанаваў калісь ім пераехаць у Гродно да мяне, а яны: «Не дуры, не паеду, бо адкуль там ведаціму, што на вёсцы робіцца!» Га-га-га-га!

Га-га-га-га!

— А што думаеш? Старым бабам абавязково трэ ведаць, ці Хвядорына ўнучка бегае яшчэ на спатканне ў канопдю з лесніковым сынам, ці той ужэ яе кінуў!

Альбо — ці доіцца шчэ Тэкліна пярэстая карова, ці запусціласа!

— А табе будзе карціць даведацца, ці вырасла паабапал Верацейкі атава і ці змогуць падагнаць да яе касілку!

Га-га-га-га!..

6

Зязюлька ў насценным гадзінніку пракукавала і адзінаццаць і дванаццаць разоў, а мужчыны ўсё так балбаталі ды перакульвалі кілішак за кілішкам. Неўзабаве ап'янелі гэтак, што пра старога забыліся цалкам. Лаўрэн, бы праз імглу, чуў, як яго пляменнік, каб памірыць Уладзіка з жонкай, узяўся да маладзіцы падбіваць кліночкі.

Кіра, навіна па тваёй часці! — закрычаў у бакоўку.— Дзісь раніцой па радыё слухаў на ўласныя вушы, дальбо! Недзе за граніцай адна маладзіца дзіця нарадзіла, а самой шэсць гадоў таму назад чужое сэрцо ўставілі — во баба!

Нявестка не адзывалася.

Гульню Лаўрэнавага пляменніка падхапіў старэйшы сын:

Такой і медаля не шкада!

Гэто шчэ не ўсё! — шчодра выкладваў веды Франак.— Ад каго, вы думаеце, перасаджанае сэрцо? Ніколі не здагадаецеса! Ну, здаецеса? Ад мужчыны!

Франак секунду пераможна назіраў, якое ўражанне зрабіла яго навіна.

— Ад мужыка, а на бабе прыжылоса, во! А чаму? Бо цяпер ідзе ўсё сікось-накось з-за высакоснаго року! Дагары нагамі пайшло! Хут-ко з-за высакоснаго зноў заладзяць дажджы, вятры, як раней бывало, і ўсё зноў паляжа — от успомніце маё слово! У медыцыне — унь як далёко сіганулі, думаюць ужэ, як мазгі ў людзей перастаўляць, не толькі сэрцо, а з пагодай — наадварот! З гэтым — назад падаліса, альбо топчуцца і топчуцца на адным месцы! Бо вучоныя, што гэтым кіруюць, забылі нават пра тое, як калісь людзі давалі сабе рады, каб добрыя ўраджаі атрымаць. Егіпецкія піраміды, думаеце, будавалі для чаго? Так сабе іх ставілі, думаеце?

Добра п'яненькі Павел вяла кінуў:

На скляпы для сваіх цароў ды фараонаў — муміі ў іх ставілі, здаецца. З Галяй калісь польскі фільм на многа серыяў глядзелі — там было і пра фараонаў, і пра гэто...

Гутарылі маладыя далей, а тым часам Лаўрэн стараўся перава-рыць тое, што аб'явілі сыны. У крытычных сітуацыях выручала яго заўсёды жонка. Нінка імгненна знаходзіла рашэнне, і атрымлівалася ў яе гэта лёгка і проста. Ён прызвычаіўся Нінцы падпарадкоўвацца, бо не раз пераконваўся, што і аб ім жонка клапоціцца, затое ведае і адчувае, што да чаго, куды болей.

Дзе цяпер возьмеш тую жонку.

Зрэшты, ён не вечны, а на свеце так вядзецца, што заўсёды дадаюць менш важнае да большага, а — не наадварот.

Яго ўсё мінавала і быллём парасло.

Круці не круці, а хлопцам, мусіць, грошы такі патрэбныя — унь як прысталі з нажом да горла. Добра Паўлу. «Жыгуля» прынесла яму ў пасаг Галя, бо яе бацька — дырэктар харчовай базы. Мікалай таксама даўно ездзіць на сваёй «Волзе» па далёкім Уладзівастоку, бо грошы надто велькія зарабляе. А беднаму Уладзіку адкуль іх узяць? Цесць — швейцарам служыцьу гасцініцы, якісьці — ні рыба ні мяса, у свабодны час валэндаецца з сумкай па горадзе ды з урнаў пустыя бутэлькі выбірае...

«Цяжко цяпер з маладымі, часамі нельга іх зразумець. Але ж сыны — не чужыя, павінны дбаць і пра бацьку. Напэўно, думаюць і аба мне, бо не дурні,— бачыш, якую важную гаворку вядуць, не ўсё і зразумееш, пра што правяць...»