Грошы сынам былі патрэбныя — ён згадзіўся з такой думкай канчаткова. У гэты час уся іхняя задума Лаўрэну пачала здавацца непрыстойнай. Бытта яго лічылі маленькім хлопчыкам і загаворвалі дурненькаму зубы, каб зрабіць па-свойму.
Зрабілася ніякавата. Чамусьці аж пацямнела ў вачах, а горла рап-там сціснула спазма ды захацелася зараўці, як тады, калі хавалі жонку.
Тым часам нястомны Франак байдуніў ужо новую гісторыю:
Шкада мне, сваячкі, толькі вашага садка — яблыні і грушы ў гэтым року адцвілі добро, на ўсіх дрэвах поўно завязі — садавод з вашаго старого яшчэ той, плёны яго хоць ты на выставу вязі! А мой агарод кратам спадабаўса і спанатравалі, халера на іх, у яго лазіць. Крот такі экскаватар — што хочаш перакапае! А зямля агародная — падушка! Маці каторы месяц ляжыць спаралізаваная — даглядаць загоны прэ мяне. Заглянуў адной раніцы ў агарод, а краты, заразы, парылі і папаролі зноў. Бачу — там капец чарнее, там і там! Эх, ніц не зробіш, халера! Пачухаў сваю патыліцу, уздыхнуў — і давай іх вартаваць. Доўго цікаваў, аж абрыдло. Аднак — заеўса і двух такі сцапаў. А як? Звычайно вельмі! Убачыў — у адным месцы зямля каўбасіцца, я — хутчэй за рыдлёўку! Падляцеў туды ды рыдлёвачкай — раз! раз! раз! — і вывернуў абодвух наверх!
Лаўрэн з крыўдай на сэрцы адчуў, што для хлопцаў сваіх больш не існуе. Гэта калісьці бытаваў з імі адной сям'ёй, і ўсе тады разумелі адзін аднаго з паўслова. Але ж тое было надта даўно — ой, даўно. По-тым хлопцы адпачкаваліся, сталі жыць па-свойму, а ён ездзіў у госці і толькі назіраў. Хай сабе было б і далей так. Ды во — да яго завіталі самі і зрабілі гэтак, што адчувае сябе ўжо госцем ва ўласнай хаце.
Чорныя цельцы, памерам з гурок, аж блішчаць ад глянцу, а лычыкі, халера на іх, ды пярэднія лапы лапаткамі — ружовыя, бы ў сытых грудных дзяцей! Ах вы, паразіты, што мне з вамі зара рабіць? Зноў чухаю макаўку. Якраз стаяла пустая бочка пад акапам хлеўчыка і трапіла на вочы. Я тых кратоў — пац! пац! — туды пакідаў. Праз два тыдні прыгнаў машыну з Горкаго, заглядваю — пакойнічкі. Во, маеце за сваё! I цяпер агарод расце — ы-ых, расце, аж буіць, хар-р... адно хар-р-р...
Язык у Франака раптам пачаў заплятацца, але ён знайшоў выйсце — цяжкія для вымаўлення словы пачаў дзяліць.
Толькі, ха-ле-ра, маці кожны вечар прэ паліваць, а гэто мне — нож у сэрцо самае! Маці стар-рая, то стар-рая, але помніць добро, дзе ў яе што па-са-джа-но! О-о, добро помніць, тут яе не пераплюне ніхто! Ведае, што і калі трэ рабіць — пас-прабуй не пас-лу-хай-са, і такі ўзды-ме адра-зу ў хаце тар-ра-р-рам, што шыбы задзвэнгаюць і ты рады не будзеш! Але мне трэ ўжэ ісці!
Тады — аглаблёвы!
Давайце каўтнём!
Ні адзін чалавек сіл сваіх не ведае, покуль яму не спатрэбяцца. Затое тады не можа з сябе надзівіцца, які цярплівы і дужы. У гэтым не раз пераконваўся і Лаўрэн. Але якім бы цярплівым ні быў, а вы-трываць кампанію гэтых вясёлых «сваячкоў» больш не змог нават і ён.
У Лаўрэнавай галаве цясніліся зноў нявыказаныя словы крыўды, але ён устаў, нічога не кажучы, абышоў стол ды, не заўважаны нікім, павалокся непаслухмянымі нагамі на двор.
ПЛАЧ НА ПЯЛЁСТКАХ ЯЗМІНУ
1
Маладыя дамовіліся афармленне пачынаць з панядзелка і пад вечар сабе паехалі.
На развітанне ўнучка папрасіла:
— Дзеда-а, хутчэй да нас прыязджа-ай! У кіно з табой пойдзем, бо мамка нас з Ігарам адных не пускае! З Інкай Пятровай жыве дзед, то ім можна марожанага есці — сколькі Інка з брацікам хоча! З горкі з'язджаць могуць і нават па лужах шлёпаць! Прыязджа-ай, дзеда, мы будзем чакаць!
А ноччу ўнучка снілася.
Затым Лаўрэну здалося, што ляжыць у ложку з Нінай. Ад поўнага і мяккага яе цела зрабілася яму вельмі горача, але і прыемна. Стаіўся, каб прыемнасць прадоўжыць. Жонка капрызна, бы дзяўчынка, папрасіла:
«Ты-ы. пачухай мне пле-ечы!»
Лаўрэн аніяк з-пад сябе чамусьці не мог выняць рук.
Бытта іх хто звязаў! I жонка ўжо з прытворнай нездаволенасцю, як Нінка гэта часамі любіла рабіць, накінулася:
«Шчэ і мармыча! Э-э, маруда ты старая, не калупайса, бы сляпы ў торбе, хутчэй, бо свярбець перастане!»
Тут ён і прачнуўся ды вельмі пашкадаваў, чаму ўсё адбылося не наяве.
У гэты дзень настала нядзеля. Лаўрэн хвіліну паваляўся ў ложку, паўспамінаў прыемны сон, цяжка ўздыхнуў ды прымусіў сябе ўстаць, хоць было яшчэ даволі рана. Для гаспадара, каторы стане цяпер тут жыць, мусова было ў агародзе прарэдзіць моркву, абматыкаваць ды падвязаць да колікаў памідоры: ну і што, калі есці будуць іншыя людзі — паміраць збірайся, а жыта сей.